Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Дзядок падаў скаргу супраць Беларусі ў ААН


Мікалай Дзядок
Мікалай Дзядок

Былы палітвязень Мікалай Дзядок пры дапамозе юрыстаў Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру падрыхтаваў скаргу супраць Беларусі ў Камітэт па правах чалавека ААН. Індывідуальнае паведамленьне накіравана ў Жэнэву.

У скарзе абгрунтаваныя парушэньні правоў Мікалая Дзядка падчас папярэдняга расьсьледаваньня і судовага разбору па дзьвюх крымінальных справах: па абвінавачаньні яго ў злосным хуліганстве і ў непадпарадкаваньні адміністрацыі Шклоўскай калёніі падчас адбыцьця пакараньня. Мікалай падкрэсьлівае, што Беларусь парушае правы, прадугледжаныя Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах: права на свабоду і асабістую недатыкальнасьць асобы, права не зазнаваць катаваньняў, жорсткага, бесчалавечнага, зьневажальнага для годнасьці абыходжаньня, права на справядлівы суд.

Былы палітвязень адзначае, што да звароту ў Камітэт па правах чалавека ААН былі выкарыстаныя і вычарпаныя ўсе даступныя і эфэктыўныя сродкі прававой абароны, прадугледжаныя нацыянальным заканадаўствам, але безвынікова.

У індывідуальным звароце Дзядок пералічвае шэраг артыкулаў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, якія ня выканала дзяржава, і просіць Камітэт па правах чалавека ААН рэкамэндаваць Беларусі ліквідаваць наступствы дапушчаных парушэньняў, спыніць палітычны перасьлед, поўнасьцю рэабілітаваць яго і выплаціць грашовую кампэнсацыю.

Дырэктар Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру Раіса Міхайлоўская кажа, што такія скаргі Камітэт па правах чалавека ААН звычайна разглядае даволі доўга. Там ёсьць некалькі стадыяў. І першае, што трэба прайсьці, — прымальнасьць. Вось калі гэтую скаргу прызнаюць прымальнай, гэта будзе вялікай перамогай. І калі скаргу прымуць да разгляду, гэта ўжо будзе вялікай перамогай:

«Справа Дзядка, канечне, складаная. Але калі яго скаргу прызнаюць прымальнай, пачнуцца камунікацыі Камітэту ААН зь дзяржавай і меркаванай ахвярай, правы якой парушаліся. Працэс даволі складаны і можа цягнуцца да 5 гадоў.

На маю думку, пэрспэктывы ёсьць, і беларусы шмат спраў выйгралі. У нас ёсьць станоўчае рашэньне па справе Ірыны і Валерыі Красоўскіх (жонкі і дачкі бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, які зьнік разам зь Віктарам Ганчаром). Яны выйгралі справу супраць Рэспублікі Беларусь. Камітэт па правах чалавека ААН абавязаў правесьці адпаведнае расьсьледаваньне, выплаціць кампэнсацыю, і наагул па ўсіх пунктах там было станоўчае рашэньне.

Цяпер на разглядзе ў Камітэце ААН знаходзіцца скарга Ўльяны Захаранкі. Вось-вось мы чакаем рашэньня. Рэспубліка Беларусь адмовілася камунікаваць з Камітэтам па правах чалавека ў гэтай справе і наагул камэнтаваць справу зьніклага генэрала Юрыя Захаранкі.

Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка мае некалькі станоўчых рашэньняў аб свабодзе масавых мерапрыемстваў. Дарэчы, беларусы, якіх не задаволіла абарона сваіх правоў на нацыянальным узроўні, вельмі актыўна карыстаюцца міжнародным мэханізмам.

Рэспубліка Беларусь, падпісаўшы пратакол да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, абавязаная выконваць усе працэдуры. Але рэагуюць афіцыйныя асобы па-рознаму. Яны сьцьвярджаюць, што рашэньні Камітэту па правах чалавека ААН носяць для іх не абавязковы, а рэкамэндацыйны характар, і дзейнічаюць у залежнасьці ад сваіх інтарэсаў. Напрыклад, што да справы Красоўскіх, яны нават адказвалі Камітэту, спрабавалі пераканаць, што дзяржава робіць захады па расьсьледаваньні, па вышуку зьніклага. А па справе Захаранкі наагул адмовіліся камунікаваць з Камітэтам па правах чалавека ААН».

Што да скаргі Мікалая Дзядка, тут надзея атрымаць хаця б нейкае маральнае задавальненьне ёсьць, кажа Раіса Міхайлоўская.

3 верасня 2010 году Мікалай Дзядок быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі па падазрэньні ва ўдзеле ў несанкцыянаваных акцыях пратэсту анархістаў у Менску.

27 траўня ён быў асуджаны Заводзкім судом Менску на 4,5 года пазбаўленьня волі. Падчас адбыцьця пакараньня, у траўні 2012 году, паводле рашэньня начальніка папраўчай калёніі № 7 Шклова Дзядок быў зьмешчаны на паўгода ў памяшканьне камэрнага тыпу. Потым яго перавялі ў турму № 4 г. Магілёва тэрмінам на 2 гады 2 месяцы і 9 дзён.

Падчас знаходжаньня ў турме, 26 лютага 2015 году яго зноў асудзілі і дадалі яшчэ 1 год зьняволеньня. Указам прэзыдэнта 22 жніўня 2015 году ён быў памілаваны (хоць сам прашэньня аб памілаваньні не пісаў). Праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі Мікалая Дзядка палітвязьнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG