Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіст завязаў у судзе рот павязкай — яго судзілі за сюжэт пра візыт у Гомель прадстаўніка ААН


Кастусь Жукоўскі
Кастусь Жукоўскі

Судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Аляксей Піскуноў аштрафаваў 15 красавіка гомельскіх журналістаў-фрылансэраў Кастуся Жукоўскага і Ларысу Шчыракову на падставе часткі 2 артыкула 22.9 КаАП — кожнага на 35 базавых велічыняў (7 мільёнаў 350 тысяч рублёў).

Яны зноў прызнаныя вінаватымі ў вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі ў беларускім МЗС.

Сюжэт быў паказаны ў эфіры спадарожнікавага тэлеканалу «Белсат» у лютым. У ім гаварылася пра наведваньне Гомеля прадстаўніком Управы вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў у Беларусі Жан-Івам Бушардзі. На сустрэчы ў абласным таварыстве Чырвонага крыжа закраналася й праблема ўкраінскіх уцекачоў. Таму ў судзе сьведкай выступала кіраўніца рэгіянальнай структуры Чырвонага крыжа Ала Смаляк, якую апытвалі міліцыянты, складаючы адміністрацыйны пратакол.

На пачатку пасяджэньня фрылансэр Жукоўскі на знак пратэсту надзеў на рот павязку і адмовіўся даваць тлумачэньні ды адказваць на пытаньні судзьдзі. Бо судзьдзя Піскуноў не задаволіў хадайніцтваў Жукоўскага, каб ягоныя інтарэсы як чальца ГА «БАЖ» падчас разгляду справы прадстаўляў сябра арганізацыі, юрыст Леанід Судаленка.

Таксама судзьдзя не дазволіў журналісту скарыстацца паслугамі бясплатнага дзяржаўнага адваката, бо ў адміністратыўных справах такое права падсуднаму ня дадзена. А найманага адваката Жукоўскі ня можа аплаціць з-за свайго матэрыяльнага становішча і прысуджаных ужо яму шматмільённых штрафаў.

Кастусь Жукоўскі
Кастусь Жукоўскі

«Я напісаў у Фэйсбуку, што наагул зашыю ў судзе род іголкаю зь ніткаю, але не рабіў гэтага, каб мяне гвалтам не накіравалі на экспэртызу ў вар’ятню. Суду ў Беларусі няма, а ёсьць судзілішча. Загадалі міліцыі скласьці пратакол, а судзьдзі аштрафаваць — яны тое й робяць», — тлумачыць фрылансэр Жукоўскі.

Ларыса Шчыракова падчас судовага разбору зрабіла адвод судзьдзі Піскунову, бо той адмовіўся выклікаць у суд украінскіх уцекачоў — сьведак таго, што інтэрвію ў іх, паказанага на «Белсаце», яна ня брала. Не задаволіў судзьдзя й хадайніцтва, каб у суд выклікалі маёра міліцыі Цэнтральнага РАУС Шукеля, які складаў пратакол, а таксама супрацоўніка УУС Гомельскага аблвыканкаму Лазоўскага, які маніторыў перадачы «Белсату». Шукель і Лазоўскі павінны былі патлумачыць, на падставе якіх відэакадраў зроблена выснова, што ў выпуску «Белсату» скарыстаныя відэаздымкі Шчыраковай. Аднак судзьдзя адхіліў адвод.

Ларыса Шчыракова
Ларыса Шчыракова

«Ніводнага майго кадра ў відэасюжэце няма. Я здымала сустрэчу Жана-Іва Бушардзі для сайту „Вясна-96“, але па неасьцярожнасьці наагул выдаліла відэаздымкі. Мяне разам з Жукоўскім судзілі, праўдападобна, за тое, што я была зь відэакамэрай. У судзе нават Ала Смаляк пацьвердзіла, што інтэрвію ў яе я ня брала. Больш за тое, я сама відаць у кадры. Пакараньне штрафам ня толькі ня мае здаровага глузду, але паказвае, якое бязьмежнае беззаконьне творыцца ў краіне».

Сёлета фрылансэра Кастуся Жукоўскага ўжо сёмы раз пакаралі штрафам за супрацу зь «Белсатам», у Ларысы Шчыраковай — гэта штраф чацьвёрты. Агулам сума штрафаў двум фрылансэрам за мінулы й сёлетні гады перавысіла 100 мільёнаў рублёў.

Юрыст і праваабаронца Леанід Судаленка, які прысутнічаў на судзе, лічыць, што варта пачынаць грамадзкую кампанію супраць перасьледу ў рэгіёне незалежных журналістаў і ўціску свабоды слова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG