Сёлетнюю Радаўніцу Васкрасенскія могілкі Магілёва сустракаюць паламанымі крыжамі, разбуранымі надгробкамі ды зарослымі хмызьняком магіламі. Камунальнікі намагаюцца расчысьціць старадаўнія клады, але іхных высілкаў замала. Напярэдадні Радаўніцы яны актыўна выграбалі лістоту ды сьмецьце. Да сваіх памерлых, каб прыбрацца, прыйшлі іхныя родзічы.
«Тут жа такія раней былі прыгожыя могілкі. Столькі было помнікаў. Цяпер усё разьбіта, разварочана», — выказваецца пра стан кладоў спадарыня сталага веку.
«Яны ж і не ахоўваюцца. Няма вартаўнікоў, каб прыглядалі за імі», — працягвае кабета, — «Усё занядбана. Відаць, многія пазьяжджалі і няма каму глядзець за магілкамі. Тут добрыя могілкі раней былі. Людзі цяпер ня дбаюць пра памяць, і гэта страшна».
Многія пахаваньні разьбітыя не прыродай і часам, а чалавекам. Чыгунныя крыжы відавочна ламалі ўмысьля, каб здаць у лом. Цяпер іх абломкі тырчаць зь зямлі як напамін, што тут магіла. Прыкладаліся рукі чалавека і да разбурэньня помнікаў.
«Гэта дэфіцыт выхаваньня. Сярод нас жа ёсьць вырадкі розныя. Тое, як выглядаюць могілкі, страшна, вядома ж. Тут і простыя людзі пахаваныя, і заслужаныя. Тут наша гісторыя, якая, відаць, нікому не патрэбная», — адзначае яшчэ адна спадарыня.
Гэтыя клады яшчэ называюць лютаранскімі. Чыгунныя крыжы — на магілах вернікаў-лютаран. Хавалі тут і салдат вэрмахту. Іх парэшткі перавезьлі пад Бабруйск, на зборныя нямецкія могілкі Другой усясьветнай вайны.
«Я вяду сына паказаць магілу генэрала, якога пахавалі тут у сярэдзіне 19 стагодзьдзя», — тлумачыць яшчэ адна наведніца могілак.
«Суботнікі ж бываюць. Тыя, хто займаецца патрыятычным выхаваньнем і ідэалёгіяй, мусяць зьвярнуць увагу на стан могілак, сабраць моладзь і ўпарадкаваць іх», — выказваецца жанчына.
«Вось, бачыце помнік? Відавочна, яму дапамаглі паламацца. Наагул страх, што робіцца тут. Могілкі ў цэнтры гораду — і такія занядбаныя. Я шакаваная проста», — абураецца суразмоўніца.
Яе сын прызнаецца, што дагэтуль і ня ведаў, што ў цэнтры гораду ёсьць такія старыя могілкі. «Вось даведаліся пра іх ды вырашылі паглядзець. Цікава пабачыць старадаўнія пахаваньні», — зазначае маладзён.
Заціснутыя шматпавярховікамі могілкі становяцца месцам для выпівак. Парожнія бутэлькі — тут жа ля магілаў.