Як ластаўкі ў стрэсе (кахацца, любіцца).
- Аддана кахаць адно аднаго.
Песьня з журботным сюжэтам, дзе гэтыя словы ключавыя — „Конь бяжыць, зямля дрыжыць”:
Конь бяжыць, зямля дрыжыць,
Ён дарожку чуе.
Чаму, сынку Васіленьку,
Дома не начуеш?
Ой, як жа мне, мая маці,
Дома начаваці —
Прыйдзе вечар, ночка цёмна —
Не з кім размаўляці.
Купі, сынку Васіленьку,
Каня варанога —
Будзеш хадзіць да стаенькі
Размаўляць да ёга.
Ой, як жа мне, мая маці,
З канём размаўляці?
Як я сяду дый паеду
Дзяўчыну кахаці...
Любіліся, кахаліся,
Як ластаўкі ў стрэсе,
А цяпер мы расстаемся,
Як ягадкі ў лесе...
Увага 1. Маці раіць сыну ісьці ў стайню не для таго, каб там паразмаўляць зь ёгам, які здыме стрэс! „Размаўляць да ёга“ значыць ‘размаўляць да яго, зь ім’.
Увага 2. Ластаўкі ў песьні ня ў стане стрэсу, а на страсé (дзе менавіта — пад саламянай страхой ці ў працярэбленай там адтуліне — няхай „Ахова птушак Бацькаўшчыны“ разьбіраецца :-)). Слова страхá ў гаворках мае варыянт націску стрэха, адсюль месны склон у стрэсе (або скланяюць страхá — у стрэсе).
Народную песьню запісаў Рыгор Шырма і на ягоную просьбу апрацаваў выбітны кампазытар Аляксандар Грачанінаў. Як і іншыя людзі майго пакаленьня, я адкрываў імя вялікага беларускага тэнара Міхала Забэйды-Суміцкага (якога так і не прызналі „сваім“ улады БССР) праз кружэлкі, якія траплялі да нас пакручастымі шляхамі.
На дыску „Polskich Nagrań“ 1965 году (запісаным акурат у пэўную адлігу) ёсьць і гэтая песьня. Міхал Забэйда-Суміцкі ўключыў яе ў свой асноўны рэпэртуар (дзе спалучаў клясычныя арыі й рамансы з выкананьнем беларускіх народных і аўтарскіх вакальных твораў).
21 сьнежня — акурат дзень памяці Міхася Забэйды-Суміцкага.
Менавіта пад назвай „Ластаўкі ў стрэсе. Збор рарытэтаў“ выйшаў дыск ягоных беларускіх твораў у сэрыі „Беларускі музычны архіў“ (BMA-Group, кіраўнік Віталь Супрановіч, дыскаграфію і артыкул падрыхтаваў Вітаўт Мартыненка).
Сынонімы. Ластаўка, як і голуб, у народным сьветаўспрыманьні вобраз вельмі станоўчы. Абодва гэтыя словы знаходзім у выразах пра шчасьлівае каханьне: (кахацца/мілавацца/любіцца) як галубы (ці галубкі); пра маладую пару — сядзяць/буркуюць як галубы, як галубкі ў пары.
Шукайма беларускія фразэмы тут:
Фёдар Янкоўскі. Беларуская фразеалогія. Фразеалагізмы, іх значэнне, ужыванне. — Менск, 1968.
Зьміцер Санько. Малы руска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак і фразем. — Менск, 1991.
Ян Станкевіч (пры ўчасьці Антона Адамовіча). Маленькі маскоўска-беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразэолёгічны і прыказкаў ды прывітаньні, зычэньні і інш. / 3-е выданьне. — Менск, 1992.
Іван Лепешаў. Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы. У 2-х т. — Менск, 1993.
Мікола Даніловіч. Слоўнік дыялектнай фразеалогіі Гродзеншчыны. — Горадня, 2000.
Е. Боярина, В. Сивчиков. 2000 русских и 2000 белорусских идиом, фразеологизмов и устойчивых словосочетаний. — Минск, 2006.
Вольга Ляшчынская. Сучасная беларуская мова: фразеалогія. — Менск, 2010.