Газэта The New York Times сабрала парады стаматолягаў на гэты конт.
У апошнія гады сталі зьяўляцца паведамленьні аб тым, што зубная нітка недастаткова добра чысьціць міжзубныя праёмы і нават аб тым, што яна здольная разносіць інфэкцыю і выклікаць запаленьне дзёсен.
Лансэт ВанГілдэр, прэзыдэнтка Амэрыканскай асацыяцыі стаматолягаў-гігіеністаў, не карыстаецца зубной ніткай. Яна кажа, што ў стаматалягічных школах усё яшчэ заклікаюць гігіеністаў рэкамэндаваць пацыентам зубную нітку.
«Але стандартнае пасланьне, якое мы ўсім даём цяпер — шчотка і зубная нітка — больш не працуе», — кажа ВанГілдэр.
Каб лепш чысьціць міжзубныя прамежкі, сама ВанГілдэр замяніла зубную нітку на малюсенькія шчоткі са шчаціньнем з нэйлёну або гумы, якія называюцца міжзубнымі ёршыкам. Усё больш стаматолягаў рэкамэндуюць пацыентам карыстацца імі разам з зубной ніткай ці замест яе.
Зрэшты, Амэрыканская стаматалягічная асацыяцыя сьцьвярджае, што найлепшы спосаб чысткі міжзубных прамежкаў — гэта той, які вы будзеце рабіць рэгулярна. Улічваючы, што многія людзі не карыстаюцца зубной ніткай, асацыяцыя рэкамэндуе стаматолягам выкарыстоўваць іншыя прыстасаваньні, якія могуць быць больш прыемнымі або больш эфэктыўнымі для такіх пацыентаў.
Сёньня існуе мноства эфэктыўных прылад для чысткі міжзубных прамежкаў, уключаючы ірыгатары, зубную нітку, зубачысткі і міжзубныя ёршыкі.
Дасьледаваньняў, якія параўноўваюць эфэктыўнасьць зубной ніткі зь іншымі інструмэнтамі для чысткі міжзубных праёмаў, адносна няшмат. Але агляд 22 клінічных выпрабаваньняў, праведзены ў 2018 годзе, паказаў, што зубныя ёршыкі больш эфэктыўныя за зубную нітку або іншыя прылады для зьмяншэньня запаленьня дзёснаў.
Як знайсьці тое, што падыходзіць менавіта вам? Парады стаматолягаў
Якім бы ні быў выбраны вамі мэтад або інструмэнт, мэта чысткі зубоў — пазбавіцца ад зубнога налёту, які прыводзіць да захворваньня дзёсен і запаленьня вакол зубоў. Сёньня мэдыцына ведае, што запаленьне дзёсен выклікае шэраг хваробаў, у тым ліку сардэчна-судзінныя хваробы і дыябэт.
Карыстаньне толькі зубной шчоткай выдаляе «прыкладна 40-60% зубнога налёту, але дрэнна чысьціць міжзубныя прамежкі», — кажа прэзыдэнт Амэрыканскай акадэміі параданталёгіі доктарка Міа Гейзінгер.
Паводле гігіеністкі Лансэт ВанГілдэр, зубная нітка эфэктыўная для выдаленьня буйных кавалкаў ежы, але калі справа даходзіць да зубнога налёту — «усіх нябачных бактэрый, вірусаў, грыбкоў і паразытаў», — нітка не заўсёды працуе добра.
Праблема мае два бакі. З аднаго боку, зубны налёт ліпкі, а зубы ў людзей няроўныя. У кожнага чалавека свой рот, і некаторыя з нас эфэктыўна чысьцяць цяжкадаступныя месцы, дзе жывуць патагены, зубной ніткай. Зь іншага боку, міжзубныя ёршыкі больш гнуткія і імі прасьцей карыстацца.
Для тых, хто гатовы выдаткаваць час, найболей эфэктыўным можа быць спалучэньне некалькіх прылад. Менавіта таму, калі пацыенты прыходзяць на прыём да доктаркі Гейзінгер, яна рэкамэндуе міжзубныя ёршыкі розных памераў для чысткі міжзубных прамежкаў і зубную нітку, калі ў пацыента вельмі вузкая прастора паміж зубамі.
Аднак Джудыт Альбіна, ганаровы прэзыдэнт і ганаровы прафэсар факультэту грамадзкай аховы здароўя і стаматалёгіі Ўнівэрсытэту Каларада, скептычна ставіцца да таго, што многія людзі возьмуцца за складаную стаматалягічную працэдуру. Таму яна пакідае рашэньне за сваімі пацыентамі. Калі яны аддаюць перавагу зубной нітцы, яна раіць ім рабіць гэта. Калі ж яны аддаюць перавагу міжзубным ёршыкам, яна падказвае, які памер трэба купіць.
Форум