Пяцёра гульцоў і трэнэр футбольнага клюбу «Іслач» падазраюцца ў арганізацыі дамолеўных матчаў. Пасьля затрыманьняў судзьдзяў і гульцоў Першай лігі, стала вядома пра датычнасьць да дамоўленых матчаў і клюбаў Найвышэйшай лігі. Свабода сабрала храналёгію бадай самага скандальнага сэзону ў беларускім чэмпіянаце.
9 чэрвеня — за хабар затрыманы галоўны па судзьдзях у чэмпіянаце Беларусі
Пяць год запар Андрэй Жукаў узначальваў дэпартамэнт судзьдзёўства і інспэктаваньня асацыяцыі «Беларуская фэдэрацыя футболу» (АБФФ). Былы гулец, зь сярэдзіны 1990-х ён працаваў арбітрам.
Ад самага пачатку сэзону-2016 да судзьдзёўства ў Першай і Найвышэйшай лігах было шмат пытаньняў. Віталь Радзівонаў забівае за БАТЭ рукой, не хавае гэтага, і гэта застаецца без наступстваў. Георгі Кандрацьеў кажа, што «людзі ў чорным» дапамагаюць «Дынама» ў матчах супраць «Мінску».
З 9 чэрвеня Жукаў знаходзіцца пад вартай. Ягоная справа перададзеная ў Сьледчы камітэт. Яго падазраюць у атрыманьні хабару. Іван Наскевіч, старшыня Сьледчага камітэту, казаў, што ў справе Жукава некалькі «эпізодаў абвінавачаньня». Калі падазрэньні пацьвердзяцца, Жукаву будзе пагражаць тэрмін зьняволеньня ад 3 да 5 гадоў.
Разам з Жукавым быў затрыманы скандальны судзьдзя Андрэй Сарока. Летась яго адхілялі ад судзьдзёўства на два туры за непрызначаны відавочны пэнальці ў гульні паміж «Нафтанам» і «Славіяй».
Трэцім затрыманым быў трэнэр клюбу «Смаргонь» зь Першай лігі. Але потым іх адпусьцілі, у сьледзтве яны праходзяць у якасьці сьведкаў.
2 ліпеня — затрыманыя гульцы «Промня» і «Ашмянаў»
Затрыманьні праводзіліся пасьля матчу паміж менскай і гарадзенскай камандамі ў Ашмянах 2 ліпеня. Паводле МУС, пяцёра ўдзельнікаў матчу, якія, на думку апэратыўнікаў, маглі быць датычныя або мелі зьвесткі пра яго дамоўлены характар, на аўтамашыне паспрабавалі ўцячы ў напрамку Менску.
«Каб выявіць усе акалічнасьці, а таксама дзеля канфіскацыі магчымых улікаў і рэчавых доказаў было прынята рашэньне пра перасьлед», — паведамляе МУС.
На трасе Ашмяны-Менск, пасьля таго як машына была спынена, супрацоўнікі міліцыі ў цывільным затрымалі гульцоў. А супраць Сяргея Булынёнка, які, паводле МУС, адмовіўся выйсьці з машыны, «была ўжыта фізычная сіла». Булынёнак апынуўся ў шпіталі, дзе яму зрабілі апэрацыю.
«З дамоўленымі матчамі ніколі ў сваім жыцьці не сутыкаўся. І ні за якія грошы не гуляў бы іх. Я не дзеля гэтага займаюся футболам з самага дзяцінства», — сказаў Булынёнак Свабодзе.
Паводле інфармацыі МУС, апэратыўнікі атрымалі інфармацыю аб праведзенай сустрэчы прадстаўнікоў крымінальных структур Украіны, Беларусі і Расеі. Яны абмяркоўвалі, як укласьці грошы ў арганізацыю дамоўленых матчаў, каб потым зарабіць на іх празь сетку букмэкерскіх кантор.
9 жніўня — гульцы і трэнэр «Іслачы» арганізоўвалі дамоўленыя матчы
Cьледчы камітэт распачаў крымінальныя справы ў дачыненьні да пяцёх гульцоў і трэнэра «Іслачы» Ўладзімера Макоўскага. Яны падазраюцца ў арганізацыі патрэбнага ліку ў матчы супраць берасьцейскага «Дынама» 30 красавіка.
«Напярэдадні матчу былым беларускім футбалістам была арганізавана сустрэча паміж прадстаўнікамі „Іслачы“ і грамадзянамі Расеі, гатовымі заплаціць грошы за забесьпячэньне патрэбнага выніку матчу», — прыведзены ў тэлеперадачы «Зона-Х» словы Сяргея Ванагеля, упаўнаважанага па асабліва важных справах Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю МУС Беларусі.
За дамоўлены матч абяцалі ад 10 да 20 тысяч даляраў, у залежнасьці ад катыровак ў букмэкерскіх канторах.
Віталь Жукоўскі, галоўны трэнэр «Іслачы», сабраў прэс-канфэрэнцыю ўжо на наступны дзень. Па яго словах, пра гульцоў клюбу, якіх падкупілі, яшчэ на пачатку чэрвеня яму казалі ў АБФФ. Такое абвінавачаньне спачатку абурыла Жукоўскага.
«У мяне ў горле ком стаяў, а на вочы сьлёзы навярнуліся. Было вельмі крыўдна», — цытуе словы Жукоўскага партал «Трыбуна».
Пазьней высьветлілался, што насамрэч пяць футбалістаў і трэнэр Уладзімер Макоўскі былі падкупленыя. Усе яны або пакінулі каманду пасьля першага кола чэмпіянату, або звольненыя з працы.
«У нашай камандзе здраднікі. Спадзяюся, мы станем мацнейшымі. Ніхто ня можа адказваць за купку вырадкаў», — выказаўся эмацыйна Жукоўскі.
АБФФ: Каманды чакаюць усе наступствы — да паніжэньня ў рангу спаборніцтваў
Па словах Сяргея Сафар’яна, першага намесьніка старшыні АБФФ, Сьледчы камітэт завёў крымінальныя спраы і пэрыядычна запытвае матэрыялы для сьледзтва, перадае афіцыйны сайт Фэдэрацыі.
«Безумоўна, каманды чакаюць усе захады, прадугледжаныя дысцыплінарным кодэксам, — сказаў Сафар’ян. — Аж да паніжэньня ў рангу спаборніцтваў. Але пакуль санкцыі не ўжываліся. Усё будзе залежаць ад таго, ці ўдзельнічалі гульцы альбо пра гэта ведала і кіраўніцтва. Цяпер футбалісты, якія прымалі ўдзел у матчах, знаходзяцца ў якасьці сьведак або падазраваных, мы гэтую інфармацыю ў клюбы перадалі».