Указ № 318, паводле якога замежныя грамадзяне змогуць знаходзіцца бязь візаў на тэрыторыі Аўгустоўскага канала і прылеглых тэрыторыяў на працягу пяці дзён, зацікавіў турыстаў, чыноўнікаў, турапэратараў, уладальнікаў аграсядзібаў і патэнцыйных інвэстараў.
Паводле ўказу турысты могуць знаходзіцца да пяці сутак у адмысловым турысцка-рэкрэацыйным парку «Аўгустоўскі канал» і на прылеглых да яго тэрыторыях. Пад прылеглымі тэрыторыямі маецца на ўвазе Горадня, а таксама тэрыторыі Адэльскага, Госкага, Капцёўскага, Падлабенскага і Сапоцкінскага сельсаветаў. Гэта практычна цалкам ахоплівае тэрыторыі Гарадзенскага раёну, памежныя з Польшчай і Літвой.
Такі парадак прадугледжаны для замежных грамадзян, якія перасякаюць дзяржаўную мяжу Беларусі з Польшчай — праз пункты пропуску «Лясная» («Рудаўка») і «Брузгі» («Кузьніца Беластоцкая»), зь Літвой — праз пункты пропуску «Прывалка» («Швяндубрэ») і «Прывалка» («Райгардас»).
На ўказ адразу адрэагавалі сацыяльныя сеткі. Асабліва зацікаўлена новаўвядзеньне абмяркоўваюць польскія інтэрнаўты. Галоўнае пытаньне, якое цікавіць цяпер турыстаў з Польшчы — які мэханізм бязьвізавага ўезду пачне дзейнічаць.
Гэтае пытаньне Свабода задала намесьніцы начальніка ўпраўленьня спорту і турызму Гарадзенскага аблвыканкаму Тацяне Лідзеевай. Паводле яе, указам даручана Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у двухмесячны тэрмін распрацаваць і зацьвердзіць формы дакумэнтаў, якія даюць замежным грамадзянам права на індывідуальнае або групавое наведваньне парку «Аўгустоўскі канал» пры бязьвізавым парадку ўезду:
— Мы спадзяёмся, што мэханізм бязьвізавага ўезду будзе максымальна даступны для замежных грамадзянаў. Такі вопыт ужо існуе пры ўезьдзе ў Белавескую пушчу, і таму мы спадзяёмся, што гэта запрацуе і ў нас.
Харчы і напоі турысты прывозяць з сабой
Пятніца, цёплае сонечнае надворʼе. На Аўгустоўскім канале цішыня, прышвартаваны цеплаходзік, ходзіць некалькі турыстаў, нехта воддаль рыбачыць. Працуе адзіны шапік з напоямі і марозівам. Паштовы шапік зачынены, але кажуць, што ён таксама працуе. Крытая сцэна для канцэртаў, валейбольная пляцоўка і крытыя месцы для з мангаламі для вялікіх і малых групаў. Прадавачка Ірына — тутэйшая. Распавядае, што шапік — ад прыватнай крамы з Сапоцкіна.
— У будзённыя дні людзей няшмат, у выходныя і на сьвяты ўжо падʼяжджаюць болей турыстаў. Але павінна сказаць, што нашы беларусы пераважна прывозяць з сабой і харчы, і напоі. Напэўна, думаюць, што тут усё прадаецца з нацэнкай.
Пра тое, што прынята рашэньне аб бязьвізавым уезьдзе на Аўгустоўскі канал, Ірына ўжо чула, людзі гэта абмяркоўваюць:
«Вельмі спадзяёмся на тое, што пойдзе нейкі рух, павялічацца продажы і, магчыма, у людзей зьявіцца болей працы».
Рабочыя, якія даглядаюць інфраструктуру канала, распавядаюць, што ён цалкам у суднаходным стане. Ужо цяпер можна прапанаваць турыстам экскурсіі па канале на цеплаходзіку, ужо наладжаныя водныя і роварныя маршруты — як групавыя, так і пэрсанальныя, можна наняць паветку са сталамі і мангалам, можна нават пагуляць у балотны футбол. Цікаўлюся — а дзе можна пераначаваць, прыняць душ, паспытаць мясцовых страваў...
Якраз у гэты момант на канал прыехаў Сяргей Ткачэнка, кіраўнік адміністрацыі свабоднай эканамічнай зоны «Гроднаінвэст», якая, уласна, і кіруе турысцка-рэкрэацыйным паркам «Аўгустоўскі канал». Спадар Ткачэнка пагаджаецца, што працы яшчэ шмат, але, паводле яго, многае робіцца.
— Аўгустоўскі канал — гэта пэрліна і гістарычная, і культурная, і экалягічная. І тое, што тут не растуць на вачах хмарачосы — гэта заканамерна. Ёсьць генэральны плян разьвіцьця інфраструктуры Аўгустоўскага канала, ён прадугледжвае кропкавае ўзьвядзеньне адпаведнай інфраструктуры, у тым ліку і невялікіх гатэляў, каб яны ўпісваліся ў навакольле. А не будаваць тут гігантаў, якія парушаць прыродную цэласнасьць асяродзьдзя.
Паводле Ткачэнкі, важна паказаць на гэтай невялікай тэрыторыі культуры трох народаў — беларусаў, палякаў і літоўцаў, межы чыіх дзяржаў і сыходзяцца ў гэтых месцах. Паводле чыноўніка, канал павінен захавацца як трансгранічны водны маршрут, цэласны і аўтэнтычны.
Ткачэнка кажа, што разьвіцьцё канала плянуецца двума шляхамі: праз прыватныя інвэстыцыі і ў межах трансгранічных праектаў Беларусь — Літва — Польшча. Дзяржаўныя турфірмы і зараз прымаюць турыстаў — і групамі, і паасобку.
— Не абавязкова тут на самым канале ставіць нейкія гатэлі і рэстараны, бо могуць быць экалягічныя наступствы. Ужо цяпер мы маем мабільныя кухні, выязны гандаль, побач збудавана некалькі гатэляў, у навакольлі ўжо дзейнічаюць аграсядзібы. Вядома, калі турысты паедуць масава, то гэтага можа быць і замала, такі варыянт таксама ўлічваецца. Але галоўнае, каб гэты турыстычны рух на канале ўсё ж пачаўся, бо ён дасьць тады штуршок для ўсёй турыстычнай інфраструктуры ў нашым рэгіёне.
Турысты напэўна не пашкадуюць, абы дзяржава не чыніла ніякіх перашкодаў
Гаспадар аграсядзібы побач з каналам спадар Андрэй, сам гарадзкі жыхар, некалькі год таму набыў амаль развалены хутар і сваёй працай зрабіў зь яго «цукерачку».
Распавядае, што ўжо ўчора да яго тэлефанавалі з варшаўскай турыстычнай фірмы і прапанавалі супрацоўніцтва, заказалі ўжо нумары ў аграсядзібе. Так што бязьвізавы ўезд яшчэ не пачаўся, а яго наступствы ён ужо адчуў.
— Мы можам на начлег разьмясьціць да 12 чалавек, а накарміць адразу пад заказ да трыццаці. Людзей найперш скарае наша прырода. Водзім у грыбы, катаем на конях, маем сваю лазьню. Робім экскурсіі па навакольлі, можна паплаваць на байдарках, праехацца на роварах, палавіць рыбку. І ежу мы прапануем самую звычайную, нашу беларускую, усё тое, што самі ямо.
Цяпер у іх госьць з Італіі — і ня можа нацешыцца такім адпачынкам, кажа, што нічога падобнага ня зможа прапанаваць узамен у сваёй краіне. Італьянца вельмі дзівіць, што ў такіх мясьцінах так мала турыстаў і ніхто на гэтым не зарабляе.
Спадар Андрэй кажа, што аграсядзібы ў навакольлі ёсьць, але турысты пераважна толькі летам, і выжыць на заробленыя сродкі складана. Аднак ён перакананы, што калі паедуць турысты, то і ён, і ягоныя суседзі змогуць хутка пашырыць інфраструктуру.
— Тут, як ні дзіўна, я яшчэ ад ніводнага турыста не пачуў, каб яму ў нас не спадабалася. І ня трэба тут нейкія казіно будаваць, бо людзі цяпер мала дзе сустракаюць такую аўтэнтычную прыроду. Да нас прыяжджаюць часам аматары птушак і тут фатаграфуюць іх, кажуць, што ў нас вельмі рэдкія птушкі. Так што галоўнае, каб турысты паехалі, яны напэўна не пашкадуюць, абы дзяржава не чыніла ніякіх перашкодаў. Тут усё нарасьце як трэба, гаспадар толькі павінен быць. Цяпер міліцыянты ходзяць і штрафуюць, калі нехта купаецца на канале, маўляў, няма абсталяваных пляжаў. Дык за столькі гадоў ня могуць зрабіць гэтых пляжаў. Дый міліцыянтаў можна навучыць ужо ня штрафы выпісваць, а людзей ратаваць на вадзе.
Бязьвізавая тэрыторыя яшчэ ня дзейнічае, але людзі ўжо хочуць, каб яе пашырылі
У прыватных гарадзенскіх турфірмах таксама абмяркоўваюць указ № 318. У адной зь фірмаў кіраўнік сказаў, што яны яшчэ і не прымалі турыстаў — толькі адпраўлялі дзіцячыя групы на канікулах у іншыя гарады або праводзілі экскурсіі па горадзе.
— Гэта вельмі цікавая пэрспэктыва, калі турысты насамрэч паедуць. Мы гэтага не баімся, бо і перакладчыкаў маем, і распрацавана шмат турыстычных маршрутаў, дый наагул маглі б перабудоўваць працу пад патрэбы турыстаў. А колькі людзей магло б быць задзейнічана!
У іншай фірме кіраўніца — спадарыня Сьвятлана сказала, што бязьвізавы ўезд пакуль прадугледжаны толькі на частку Гарадзенскага раёну, а, маўляў, уся Гарадзенская вобласьць — гэта замкі, помнікі архітэктуры, памятныя мясьціны, і хацелася б, каб адразу гэтую бязьвізавую тэрыторыю пашыралі, бо яны ўжо даўно чакаюць такога.
— Гэта, дарэчы, павінна ўскалыхнуць нашу інфраструктуру. І калі нават на Аўгустоўскім канале напачатку ня будзе хапаць гатэляў, то цяпер яны пустуюць у Горадні, і я ўпэўнена, што іх узровень хутка падрасьце да неабходнага. Людзі ў Заходняй Беларусі як нідзе ў краіне добра ведаюць і разумеюць, што патрэбна заходняму турысту — мы многія там бывалі. Галоўнае, каб турыст паехаў, каб зьявіліся інвэстыцыі і заробкі. Гэта павінна зьмяніць наша цяперашняе становішча.