Ці пашанцуе Амбразевічу больш, чым Макею 4 гады таму?
Агенцтва Reuters паведаміла, што амбасадар Беларусі ў Ватыкане і пасланьнік у UNESCO Юры Амбразевіч вядзе інтэнсіўныя перамовы з эўрапейскімі дыпляматамі.
Крыніцы агенцтва кажуць, што актыўнасьць Амбразевіча — спроба паслабіць ізаляцыю Менску пасьля пацяпленьня яго адносінаў з Вашынгтонам пры Дональду Трампу.
Беларускі амбасадар пры Ватыкане спрабуе пераканаць сваіх эўрапейскіх суразмоўцаў у тым, што Беларусь можа адыграць пэўную ролю ў пошуку перамоўнага рашэньня для Расеі і Ўкраіны, а таксама ў будучых перамовах аб эўрапейскай бясьпецы.
Падобныя спробы спакусіць Эўропу беларуская дыпляматыя рабіла пасьля 2020 году неаднойчы. Тагачасны міністар замежных справаў Уладзімер Макей яшчэ ў 2021 годзе рассылаў лісты эўрапейскім партнэрам з прапановай нармалізаваць адносіны. Тыя лісты засталіся без адказу. Але так выглядае, што цяперашняя місія Амбразевіча можа аказацца больш плённай. Посьпеху яе могуць паспрыяць некалькі фактараў, якія адсутнічалі ў 2021 годзе.
Ці пойдзе Эўропа за Трампам: прыклад і «пуга» для ЭЗ
Тады Захад — і Эўропа, і ЗША — быў адзіныя ў палітыцы ізаляцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і ўзмацненьня санкцыйнага ціску на Менск. Цяпер ніякага адзінства няма. Прэзыдэнт Трамп тэлефануе Лукашэнку, называе яго «прэзыдэнтам Беларусі», ідуць размовы пра аднаўленьне працы амбасады ЗША ў Менску, амэрыканскія санкцыі часткова здымаюцца.
Краіны Эўразьвязу — не васалы Злучаных Штатаў. Але ЗША — самая магутная краіна Захаду ў эканамічным, палітычным і вайсковым сэнсе. І ўзьдзейнічае на сваіх партнэраў як мінімум сілай прыкладу, наяўнасьці альтэрнатывы ранейшай супольнай палітыцы.
Да таго ж станоўчы эфэкт новай палітыкі Вашынгтону навідавоку — беларускія палітвязьні выходзяць з-за кратаў. Станоўчы эфэкт узмацненьня санкцыяў менш відавочны.
Тэза «санкцыі працуюць» справядлівая ў тым сэнсе, што яны ствараюць праблемы, учыняюць «боль» для беларускай эканомікі і адпаведна для рэжыму, які з плёну гэтай эканомікі жыве. Але гэты «боль» не прыводзіць да зьмены палітыкі, паводзінаў рэжыму. І палітычны плён санкцыяў невідавочны.
Аднак ЗША могуць узьдзейнічаць на партнэраў і ня толькі прыкладам. Напачатку верасьня зьявіліся паведамленьні , што Пэнтагон можа адмяніць праграму дапамогі войскам Усходняй Эўропы, галоўнымі атрымальнікамі якой былі краіны Балтыі. У якасьці альтэрнатывы ЗША могуць, напрыклад, папрасіць у Літвы саступак у пытаньні санкцыяў адносна транзыту беларускіх калійных угнаеньняў.
Прэм’ерка Літве Інга Ругінене заявіла: «Магчыма, ЗША будуць ціснуць, але, думаю, мы тут непахісныя». У гэтай фразе паказальна і тое, што Ругінене не выключае, што ціск можа быць аказаны, і доля няпэўнасьці ва ўласнай непахіснасьці. Для Літвы, як і для Польшчы і Латвіі, санкцыі адносна Беларусі — пытаньне нацыянальнай бясьпекі, а не адно вернасьці высокім прынцыпам. Але і вайсковая дапамога з боку ЗША — таксама пытаньне нацыянальнай бясьпекі. І калі давядзецца ўзважваць, то невядома, што пераважыць.
Эўропа перад выбарам
Для іншых дзяржаваў ЭЗ санкцыі адносна Беларусі і іх бясьпека зьвязаныя менш шчыльна. Нядаўняя публікацыя ў The Guardian сьведчыць пра тое, што ў Эўразьвязе ідуць спрэчкі наконт плёну ранейшай палітыкі адносна Беларусі.
«Эўрапейскія дыпляматычныя крыніцы паведамілі, што ў Брусэлі вядуцца папярэднія дыскусіі аб тым, ці застаецца эфэктыўнай палітыка ЭЗ што да ізаляцыі Беларусі, і ці варта разгледзець магчымасьць прапанаваць Лукашэнку выхад з ценю Масквы», — пісала выданьне.
У 2021 годзе наконт палітыкі санкцыяў і ізаляцыі спрэчак у ЭЗ не было, цяпер яны прынамсі ўзьніклі.
Калі ў Брусэлі ідуць спрэчкі, то ў некаторых сталіцах краінаў Эўразьвязу паварот ад ранейшай палітыкі ўжо адбываецца. Некалі гэта быў толькі Будапэшт Віктара Орбана, потым дадалася Браціслава Робэрта Фіца, пасьля апошніх парлямэнцкіх выбараў у Чэхіі можа дадацца Прага Андрэя Бабіша. Наўпрост блякаваць і скасоўваць санкцыі не рашаецца нават Орбан, але амбасадараў у Менск накіравалі ўжо і Вугоршчына, і Славаччына.
Несамотныя галасы ў беларускім грамадзтве
Нарэшце, яшчэ адным фактарам, які ўплывае на сытуацыю, зьяўляюцца зьмены ў беларускім грамадзтве. У 2021 годзе за зьмены палітыкі Захаду выказваўся толькі чалец каманды Бабарыкі Іван Краўцоў. Цяпер кола палітыкаў з падобнымі думкамі заўважна пашырылася. Мяняюцца і настроі ў аналітычнай супольнасьці.
Днямі група вядомых беларускіх экспэртаў — палітоляг Арцём Шрайбман, эканаміст Зьміцер Крук, былы дыплямат Андрэй Бушыла і юрыстка-праваабаронца Кацярына Дзяйкала — прэзэнтавалі эўрапейскім дыпляматам дэталёвы аналітычны дакумэнт «Дарожную мапу ўзаемных крокаў для абмежаванай дээскаляцыі паміж Беларусьсю і ЭЗ» . Дакумэнт прапануе мэханізм узаемных крокаў, дзе ў адказ на гуманітарныя і палітычныя саступкі з боку Менску Брусэль паступова прыпыняе санкцыі.
Эўразьвяз не абавязаны прымаць да выкананьня прапановы беларускіх экспэртаў. Але сам факт зьяўленьня такога дакумэнту — яшчэ адзін фактар, які дзейнічае ў бок зьмены палітыкі ЭЗ на беларускім накірунку.
Зразумела, ёсьць фактары, якія дзейнічаюць у адваротным накірунку. Як ужо было адзначана, краіны-суседзі Беларусі — Літва, Латвія і Польшча — разглядаюць палітыку санкцыяў і ізаляцыі адносна Беларусі скрозь прызму бясьпекі. Яны асьцерагаюцца, што адмова ад гэтай палітыкі можа наўпрост узмацніць небясьпеку для іх з боку Беларусі. А іх галасы — важкія ў ЭЗ.
На ўзроўні ўсяго ЭЗ дзейнічае таксама інэрцыя — як палітычная, гэтак і бюракратычная. Хай сабе ранейшая палітыка бясспрэчнага плёну і не прыносіла, але посьпеху не гарантуе і іншая палітыка, якая прапануецца. А тады навошта нешта мяняць?
І ў эўрапейскай аналітычнай супольнасьці дагэтуль даволі ўплывовыя экспэрты, якія выступаюць за працяг ранейшай палітыкі адносна Беларусі, матывуючы гэта неабходнасьцю прытрымлівацца прынцыпаў і згубнасьцю зьдзелак з дыктатарамі.
Нарэшце, за працяг ранейшай палітыкі выступаюць і самыя важныя фігуры беларускіх дэмакратычных сілаў — Сьвятлана Ціханоўская і Павал Латушка. Такім чынам зьмены палітыкі ЭЗ адносна Беларусі ня ёсьць вырашаным пытаньнем, але і захаваньне яе ў цяперашнім фармаце таксама ніхто гарантаваць ня можа.
Але цяпер ёсьць пэўныя падставы меркаваць, што місія Юрыя Амбразевіча ў нармалізацыі адносінаў афіцыйнага Менску з Брусэлем можа мець посьпех. І прычынай гэтага стане ня толькі дыпляматычнае майстэрства амбасадара Беларусі ў Ватыкане.
Форум