Паўтара года таму Генадзь даведаўся, што ў яго пухліна памерам з грэйпфрут. Ён перакананы: яму пашчасьціла — шматкроць. І таму, што гэта не саркома — і ёсьць шанец акрыяць. І таму што захварэў у Польшчы, дзе лекаваньне лепшае, чым у Беларусі. І таму, што падчас хваробы наноў адкрыў — ягонае пакліканьне ў музыцы, а не ў таксі.
«Як тры півы ў бары выпіць»
Мы зьвязваемся з Генадзем онлайн. Ён у шпіталі ў Варшаве. Дзень таму ў яго пачаўся чарговы курс лекаваньня. Першыя содні амаль цалкам праспаў пасьля новага леку, расказвае ён.
«Як тры півы ў бары выпіць, — сьмяецца Генадзь. — Толькі адразу кепска».
Ён тлумачыць, што новы лек — гэта заўсёды непрадказальна. У дзень, калі мы размаўляем, ён зноў пад кропельніцай, але ўжо бадзёры, багата гаворыць, сядзіць, а не ляжыць. І шмат усьміхаецца.
«Калі я кватэру здымаў, гаспадыня сказала: „Нешта я вам ня веру, вы надта шмат усьміхаецеся“», — Генадзь прызнаецца, што ён заўжды такі.
Мяркуе, што прывычка ўсьміхацца ў яго ад працы зь людзьмі і ад агульнага настрою на жыцьцё. Пакуль мы гаворым, заходзіць мэдсястра, каб памяняць кропельніцу, і жартам кажа, што такога добрага пацыента, як Генадзь, яны не адпусьцяць з шпіталя, бо ён ні на што ня скардзіцца і ўсё ў яго заўсёды добра.
Сябры завуць яго Генры, бо імя «Генадзь» было надта складаным для іншаземцаў. Ён з Валожыну, пасьля школы пераехаў у Менск. Там вучыўся будаваць атамныя электрастанцыі — каб дагадзіць бацькам. Потым год правёў у пратэстанцкай багаслоўскай сэмінарыі, бо было цікава і бо ён зь сям’і вернікаў. Трэцяй ягонай вучэльняй стаў менскі музычны каледж.
«Нарэшце», — кажа Генры.
Музыка яго захапіла, яшчэ калі ён дзіцём схадзіў з маці на балет Чайкоўскага «Шчаўкунок». Тады ён зразумеў, што музыка — гэта ягонае. У музычным каледжы ён вучыўся тры гады на вакальным аддзяленьні, але ня скончыў.
«Не зусім быў мой вайб», — камэнтуе Генадзь.
Ён ня толькі сьпявае, але піша музыку і грае на клявішных інструмэнтах. У Менску ўдзельнічаў у кавэр-бэндзе, сьпяваў у царкве, езьдзіў на фэстывалі, канцэрты, граў на вясельлях і іншых імпрэзах. Паралельна працаваў тэхнічным кансультантам у краме гаджэтаў. Сумуе па тым часе, калі музыкі ў яго жыцьці было шмат.
«Хацелася вылезьці са скуры вонкі»
Пасьля 2020 году празь перасьлед Генадзь пераехаў у Польшчу. Уладкаваўся ў таксі. Успамінае, што першым часам жыць было складана і дорага. Потым зьявілася больш сяброў. Купіў машыну. Але музыка адышла на другі плян. Толькі праз год яму прывезьлі зь Беларусі ягоныя клявішы. І Генры зноў стаў складаць музыку і граць.
Два гады таму ў Генадзя зьнянацку пачало моцна сьвярбець усё цела.
«Хацелася вылезьці са скуры вонкі. Спаць я ўжо ня мог зусім. Прачынаўся кожную гадзіну», — успамінае ён.
Але яшчэ паўгоду яму не маглі паставіць правільны дыягназ. На гэтае спазьненьне Генадзь злуецца. Лекары вырашылі, што ў яго праблемы з скурай, выпісвалі мазі. Але нічога не дапамагала.
«А мне б хапіла першаснага рэнтгену, і ўжо было б зразумела», — кажа з шкадаваньнем ён.
Празь некалькі месяцаў на грудзях пад скурай паказалася ўшчыльненьне. Яно расло. Толькі тады зрабілі абсьледаваньні і высьветлілі, што гэта пухліна 15 на 12 сантымэтраў, большая частка якой схаваная ўнутры. Яна ціснула на лёгкія і нават зламала грудзіну. Дакладны дыягназ усё яшчэ ня быў вядомы. Гэта быў адзін з самых складаных момантаў хваробы.
«Мне так не хацелася вяртацца дадому, расказваць некаму нешта. Я вельмі доўга езьдзіў па горадзе, уключыў музыку. І нейкім позіркам збоку глядзеў на ўсё навокал, нібыта гэта не пра мяне, нібыта гэта кіно... Я ведаў, што я асаблівы, але каб настолькі!» — успамінае ён.
Генры перакананы: яму пашчасьціла. Бо ўрэшце гэта аказалася не саркома (што было б горш), а лімфома Ходжкіна, якая давала шанец на выздараўленьне.
«Лекары кожны маленькі крок агучваюць»
Паўгоду Генадзь праходзіў хіміятэрапію. Былі пэрыяды, калі ён мог толькі ляжаць. Але потым стан выроўніваўся, вярталіся сілы, і ён выяжджаў працаваць. Празь некалькі тыдняў сьверб прайшоў, ён змог зноў нармальна спаць.
«„Хімія“ падобная да пахмельля, непрыемнага, доўгага, і перад гэтым табе не было весела. Або калі захварэў, прастудзіўся, табе брыдка, слабасьць. Толькі гэта кожныя два тыдні цягам паўгоду», — тлумачыць суразмоўца.
Калі яму было зусім кепска, ён клаў сабе на грудзі калёнку і ўключаў музыку.
«У яе вельмі прыемны гук, вібрацыі ідуць, і ў вушы стэрэаэфэкт. Ляжыш спакойна, у нейкіх сваіх сусьветах. Музыка для мяне вельмі важная».
Раней ён баяўся, што хвароба яго зьменіць, што ён будзе «страшны, без энэргіі». Ён сапраўды зьмяніўся, пачалі выпадаць валасы, зьявілася слабасьць. Але, заўважае Генадзь, ён не перастаў сабе падабацца. Ён «ставіцца да сябе з дабрынёй», калі бачыць гэтыя зьмены.
«Часам я адчуваю ўнутры сябе клясную энэргію. Нават калі я стаў выглядаць старэйшым, дык гэта някепска. Мне ўжо не 23. Для мяне было прыемным адкрыцьцём, што пасьля „хіміі“ ёсьць жыцьцё і што ўсё хутка аднаўляецца», — кажа суразмоўца.
Ён бачыць плюс у тым, што захварэў не на радзіме. Бо там, кажа, хваробу могуць выкарыстаць супраць чалавека, прыкладам, у турме. Да таго ж Генадзь мяркуе, што ў Польшчы лепшае лекаваньне. Ягоны родзіч раней хварэў у Беларусі на анкалёгію.
«У Беларусі лекары вельмі рэдка кажуць, што з табой адбываецца, што прызначылі, навошта. На пытаньні неахвотна адказваюць. Пэрсанал бывае непрыязны. Тут наадварот. Калі трапляеш у рукі анколягаў, ніхто цябе не папросіць з кабінэту, пакуль усе пытаньні ня скончацца. У шпіталі ўсе вельмі прыязныя. Яны кожны маленькі крок агучваюць: „Зараз мы будзем рабіць гэта“, „Як вы сябе адчуваеце?“», — параўноўвае Генадзь.
«Яны вельмі пра мяне клапаціліся»
Перажыць пэрыяд хваробы Генадзю дапамагаюць сябры. Ягоны найлепшы сябар Аляксей праводзіць зь ім шмат часу, вырашае побытавыя пытаньні, гатуе ежу.
«Учора пакет розных рэчаў кіляграмаў на 15 на сабе прыпёр», — кажа суразмоўца.
Іншыя ягоныя сябры прапанавалі перабрацца да іх, калі Генадзю стала складана працаваць і аплочваць здымную кватэру. Апошні год ён жыў у іх. Яны адкрывалі кавярню ў Варшаве, ён дапамагаў ім з рыхтаваньнем.
«У іх кватэра невялікая, але вельмі ўтульная. Яны вельмі пра мяне клапаціліся. У іх коцікі. Па-сямейнаму мы ўсе жылі», — кажа Генадзь.
У Генры ёсьць сяброўка з такой жа хваробай. Яны захварэлі адначасова, але ёй паставілі дыягназ раней. Усе этапы лекаваньня яна праходзіць першай. А потым расказвае, як гэта перажывала, да чаго варта рыхтавацца, дзе ёй было зусім кепска. Гэта дапамагае яму лягчэй праходзіць праз невядомае.
Калі Генры напісаў у сацыяльных сетках пра сваю хваробу, яму сталі пісаць людзі «зь мінулага жыцьця», напрыклад, зь летняга лягеру, з словамі падтрымкі.
Перасадка касьцявога мозгу
Шанцы на рэмісію ў падобных выпадках — 85–90%, кажа Генадзь. Але акурат ён трапіў у меншасьць. Выявілася, што пасьля першага курсу хіміятэрапіі пухліна ня зьнікла.
Цяпер дапамагчы яму можа яшчэ адна хіміятэрапія зь перасадкай касьцявога мозгу — ягонага ўласнага. У яго ўжо ўзялі стваловыя клеткі і замарозілі. Збоку гэта выглядае як пераліваньне крыві празь дзьве трубачкі, тлумачыць суразмоўца.
«Гэта абсалютна не балюча», — кажа ён.
Пасьля гэтага ў кастрычніку пачаўся другі курс хіміятэрапіі, які мае канчаткова забіць пухліну, але разам з гэтым зьнішчыць і касьцявы мозаг, які забясьпечвае чалавеку імунітэт. Таму пасьля «хіміі» у арганізм трэба будзе вярнуць «будаўнічы матэрыял» — стваловыя клеткі, якія забралі раней.
«Гэта самы складаны этап. „Хімія“ ўжо падзейнічала. Арганізм максымальна аслаблены. А стваловым клеткам трэба час, каб прыжыцца», — кажа Генадзь.
Калі яго выпішуць з шпіталя з аслабленым імунітэтам, трэба будзе ізалявацца ад людзей на некалькі месяцаў, нельга будзе выходзіць на вуліцу, працаваць. Генадзь ня мог на гэты час заставацца ў сяброў, у якіх жыў у прахадным пакоі. Таму зьняў асобнае жытло. Каб яго аплаціць, ён адкрыў збор. Большую частку неабходнай сумы яму ўжо ахвяравалі. Генадзь прызнаецца, што ўдзячны людзям, іхная падтрымка дае яму адчуваньне супакою і стабільнасьці.
«Страшэнна хочацца падарожнічаць»
Генадзь мяркуе, што пасталеў за час эміграцыі і хваробы. Перастаў баяцца нешта рабіць. Прыкладам, раней адкрывацца ў групе людзей на вучобе ці на працы яму было складана.
«Цяпер большае жаданьне адстойваць сябе, хто я ёсьць. Думаеш, хацелася б быць крутым, клёвым, а разумееш: ды я проста добры. Чаму б ня быць проста добрым?», — сьмяецца ён.
Раней ён баяўся іньекцыяў. А цяпер здолеў сам сабе рабіць дома ўколы ў жывот.
Хвароба дапамагла яму паверыць у сябе.
«Думаеш: я такі бесклапотны, чыловы і спакойны таму, што ў мяне ў жыцьці ўсё спакойна, бесклапотна і чылова, або я праўда такі чалавек? І тут пачынаеш разумець: гэта я так спраўляюся, я сапраўды малайчына. Разумееш, што ўнутранае адчуваньне сьвятла і цяпла досыць моцнае, яго цяжка расхістаць», — кажа Генадзь.
Ён успамінае, што раней знаёмыя скептычна ставіліся да ягонага пазытыву, маўляў, гэта таму, што ў цябе ў жыцьці ўсё добра. Але цяпер ён ведае — не таму.
«Я проста вельмі люблю жыцьцё, у кожным разе. Я люблю прыгажосьць. Нейкія дробязі мяне зачароўваюць, і мне і гэтага дастаткова», — прызнаецца ён.
Генадзь думае, што не баіцца сьмерці і што яму нават цікава калісьці памерці.
«Гэтаксама цікава, як і жыць. Мне не здаецца, што сьмерцю тут усё канчаецца. Адчуваю, што яшчэ чакае нешта асаблівае, новы шырокі досьвед. Здаецца, мяне не палохае нават проста стаць матэрыяльным пылам у гэтым сусьвеце — у матэрыяльным сьвеце я бачу таксама нейкі розум, сілу і натхненьне. Крута ж стаць у выніку космасам», — кажа ён.
Падчас хваробы Генадзь так задумаўся, што нешта ў жыцьці робіць ня так, што перастаў рабіць тое, што любіць, — займацца музыкай. Задумаўся, ці не пайсьці вучыцца далей на музычны кірунак. А таксама вучыць іншых сьпяваць, бо такі запыт яму ўжо ёсьць.
За час лекаваньня ён ужо зладзіў два свае канцэрты ў Варшаве. Калі ачуняе, хоча зайграць яшчэ онлайн-канцэрт, каб падзякаваць усім, хто яго падтрымліваў.
«Страшэнна хочацца падарожнічаць. Я вельмі сумую па Італіі. Хочацца сесьці і доўга глядзець на прыемнае мора з скаламі», — задуменна кажа Генры пра тое, чаго яшчэ хоча, пакуль ляжыць у шпіталі.
Пакуль рыхтавалася публікацыя, Генадзю зрабілі перасадку касьцявога мозгу.
Форум