10 красавіка 120 год таму нарадзіўся Гаўрыла Гарэцкі — легендарны беларускі вучоны, геоляг, географ, эканаміст, адзін з заснавальнікаў і акадэмік Беларускай акадэміі навук, сталінскі вязень. Гаўрыла Гарэцкі заклаў асновы новай у СССР галіны ведаў — палеапатамалёгіі (вучэньня аб старажытных рэках), дамогся вяртаньня творчасьці свайго старэйшага брата Максіма Гарэцкага, прызнаньня яго клясыкам беларускай літаратуры.
1. Лічыў, што Гарэцкім шкодзіць празьмерная эмацыйнасьць
Сыну Радзіму ў адным зь лістоў (05.01.1942) раіў: «Старайся не раздражняцца, будзь... разважлівым. У характар Твой перайшло па спадчыне шмат рысаў ад Тваіх продкаў... І першая... рыса — парывістасьць. Усе Гарэцкія... парывістыя людзі. І гэта часта ім шкодзіла. Старайся стрымаць сваю парывістасьць. Ніколі не рабі адразу тое, што Ты надумаесься рабіць раптоўна. Лепш адкладзі... на некаторы час...» У лісьце да сына Ўсяслава (23.01.1944) пісаў: «Кволасьць, уражлівасьць, неўраўнаважанасьць — гэта фамільныя асаблівасьці характару роду Гарэцкіх... рысу гэту трэба... падначаліць... розуму, стрымлівасьці. Мы, Гарэцкія, усе такія крыўдлівыя, такія ўпадлівыя... Ня толькі ад слова, ад непрыемных падзей, але нават ад погляду, ад руху поўніцца наша сэрца крыўдаю, балючым успрыманьнем...» (Гаўрыла Гарэцкі. Выбранае. Менск, 2002).
2. Яму было сорамна, што беларусы мала перанялі ад Заходняе Эўропы
«Нам сорам, што мы, гэтак блізкія да Заходняе Эўропы, суседзі яе, так... мала ад яе перанялі! Эўрапейская культура ідзе з Захаду на Ўсход. Беларусь павінна была б быць, а часта і была, перадатчыцай гэтае культуры суседнім велікароскім губэрням. Але перадавала яна дрэнна, бо мэханізм культурны быў пакрыт іржою. А часамі бывала і так, што культурныя цэннасьці і ідэі, падобна птушкам пералётным, што мінуюць голае пустое месца, пераляталі празь Беларусь, ані крануўшы нашы родныя балоты. А ўжо з Усходу, пазьней, неяк прыблуджваліся яны і да нас» (Гаўрыла Гарэцкі. На новы шлях. / Маладая Беларусь. 1922).
3. Пасьля прачытаньня Леніна зразумеў, што нацыяналіст
«У 1924 годзе я праштудыраваў артыкулы і прамовы Леніна па нац. пытаньню... Я памятаю вывад Леніна „для камуніста нацыянальныя праблемы займаюць 9-е месца, для нацыяналіста яны займаюць 1-е месца“. Для мяне праблемы беларускага нац. адраджэньня якраз і займалі 1-е месца... Я зрабіў мэтай і сэнсам свайго жыцьця — служэньне ідэі нацыянальнага рэнэсансу Беларусі...» (Радзім Гарэцкі. Ахвярую сваім «Я» (Максім і Гаўрыла Гарэцкія). Менск, 1998).
4. Хацеў, каб Беларусь дагнала і перагнала Расею
«Я... намагаўся на стварэньні найбольшай колькасьці на абшарах БССР усесаюзных дасьледчых інстытутаў... зь перадачай фінансаваньня іх на саюзны бюджэт. Выходзіў пры гэтым я не з патрэб усяго СССР... а... выключна з інтарэсаў БССР... Пры маім непасрэдным удзеле задалося дабіцца арганізацыі ў БССР усесаюзнага Балотнага інстытуту, а пры ўкосным удзеле арганізацыі Ўсесаюзнага Сьвінаводнага Інстытуту. Але я настойваў на заснаваньні ў БССР апрача таго — Усесаюзнага Бульбянага І[нстыту]ту, Усесаюзнага Канапляна-Пяньковага І[нстыту]ту, Усесаюзнага І[нстыту]ту інтэнсіўнай зярнёвай гаспадаркі... Беларусь павінна культурна ня толькі дагнаць, але і перагнаць РСФСР...» (Радзім Гарэцкі, 1998).
5. Яго раздражнялі вокладкі амэрыканскіх кніг
«...амэрыканскіх выданьняў... яны ўсе ў строчкатых яскравых вокладках, як рэкляма нейкая: гэтыя кніжкі, нібы гандляры ў храме навукі, гэта пляма буржуазнае культуры, нібы нафарбаваныя прастытуткі — гэтыя кнігі...» (Гаўрыла Гарэцкі. Пра Кандрата Крапіву / Выбранае. Менск, 2002).
6. Выступаў за лацінку
«У 1926 г. я быў на Акадэмічнай Канфэрэнцыі... Сказаў прывітальную прамову і падпісаў заяву аб увядзеньні лацінскага альфабэту... Прынцыпова лацініка мае ўсе перавагі перад кірыліцай і калі-небудзь увесь сьвет пяройдзе на лацінку (інтэрнацыяналізацыя альфабэту)...» (Радзім Гарэцкі, 1998).
7. Быў зьдзіўлены тым, як перамяніла Якуба Коласа вайна
«Быў учора ў Якуба. Пастарэў ён вельмі. Твар стаў троху адутлаватым, прыпухлым, з торбачкамі пад вачыма. Погляд, раней такі пранізьлівы, ваўчыны, гостры — стаў мяккім, несабраным, раскіданым. Рухі сталі больш павольнымі, больш маруднымі... Душу гэтага чалавека ўразілі вялікія падзеі і жах вайны, яна загубіла гострасьць успрыманьня. Зьдзівіла мяне засьмечанасьць мовы нашага Якуба. Ад усёй яго істоты павеяла вялізарнай стомленасьцю... Нібы чалавек — ня сам сабе гаспадар...» (Гаўрыла Гарэцкі. Выбранае. Менск, 2002).
8. Быў занепакоены русыфікацыяй пасьляваеннага Палесься
«...русыфікацыя вялікая; надпісы, вывескі (шыльды), аб’явы, лёзунгі, дыяграмы, малюнкі — усё рускае; кніжкі ў магазынах на 95% рускія; мова афіцыйная фактычна руская; настаўнікі ў беларускіх школах гавораць па-руску; вучні таксама па-руску, асабліва ў старэйшых клясах, кніжкі беларускія чытаць не бяруць; за 2 дні радыёперадач я ня чуў ніводнага беларускага слова...» (Гаўрыла Гарэцкі. Выбранае. Менск, 2002).
9. Ледзь не загінуў у аўтакатастрофе
Радзім Гарэцкі пісаў: «Ён... кожнае лета выяжджаў у... геалягічныя экспэдыцыі... Былі і небясьпечныя моманты... Найбольш жахлівае... адбылося пры канцы жніўня 1958 года. На досыць крутым схіле дарогі Масква — Харкаў... адказаў тормаз аўтамабіля ГАЗ-69, ён разагнаўся, зьехаў з дарогі, яго прычэп перакуліўся і пацягнуў за сабой машыну, якая таксама перакулілася. Гаўрыла Іванавіч сядзеў на пярэднім сядзеньні побач з шафёрам, галавой разьбіў шкло, вылецеў наперад і быў прыціснуты машынай — у выніку займеў пераломы рэбраў, грудзіны, страсеньне мазгоў, шок... Стан быў вельмі цяжкі. Добра, што галоўны лекар Андрэй... Бурцаў... аказаўся цудоўным хірургам: ён без апэрацыі змог правільна скласьці ўсе паламаныя косьці і выратаваць хворага...» (Гаўрыла Гарэцкі, 2002).
10. Пакутаваў ад жахлівых сноў пра сталінскія лягеры
Паводле Радзіма Гарэцкага: «У 88 гадоў тата ўжо амаль ня бачыў... Нярэдка садзіўся ў крэсла, заплюшчваў вочы, думаў, успамінаў, патроху яго ахоплівала дрымота... Мама ў такія часы забыцьця чула... пужлівыя стогны і крыкі, якія вырываліся з глыбіні яго душы. Яна хутчэй старалася пабудзіць мужа, бо ведала, што зьявіліся перад ім жудасныя моманты турэмнага побыту, многія крыўды жыцьця...» (Гаўрыла Гарэцкі, 2002).