Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля паездак Орбана ў Маскву і Пэкін Эўракамісія байкатуе старшынства Вугоршчыны ў Эўразьвязе


Кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен
Кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен

Кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен адмяніла візыт калегіі ЭК у Вугоршчыну і панізіла ўзровень прадстаўніцтва на нефармальных пасяджэньнях Рады ЭЗ пад вугорскім старшынствам.

Пра гэта інфармуе міжнародны тэлеканал Euronews.

Эўрапейская камісія вырашыла байкатаваць паўгадавое старшынства Вугоршчыны ў Радзе ЭЗ у адказ на «неадназначныя паездкі Віктара Орбана ў Маскву і Пэкін, якія многія палічылі абразай палітычнага адзінства блёку», гаворыцца ў публікацыі на сайце міжнароднага эўрапейскага тэлеканала.

«У сьвятле апошніх падзей, якія адзначылі пачатак старшынства Вугоршчыны, старшыня (Урзуля фон дэр Ляен) вырашыла, што Эўракамісія будзе прадстаўленая на ўзроўні старшых дзяржаўных службоўцаў толькі на неафіцыйных пасяджэньнях Рады», — паведаміў у панядзелак увечары прадстаўнік ЭК Эрык Мамэр.

«Візыт калегіі (Эўракамісіі) у краіну, якая старшынюе, не адбудзецца», — дадаў ён, пацьвердзіўшы, што галоўная падзея, якая азначае пачатак кожнай ратацыі старшынства, адмененая.

Паездкі і заявы Орбана

У час свайго нядаўняга візыту ў Маскву Віктар Орбан сустрэўся з Уладзімірам Пуціным. Празь некалькі дзён расейскія войскі разбамбілі дзіцячую лякарню ў Кіеве.

У Пэкіне Орбан высока ацаніў «кітайскі мірны плян» старшыні Сі Цзіньпіна, які быў адпрэчаны кіраўніцтвам ЭЗ за выбарачнае тлумачэньне міжнароднага права і размываньне мяжы паміж агрэсарам і ахвярай агрэсіі.

Будапэшт настойвае, што абедзьве паездкі, якія Орбан рэклямаваў як паездкі кіраўніка так званай «міратворчай місіі», былі зьдзейсьненыя строга ў рамках двухбаковай дыпляматыі. Аднак тэрміны міжнароднага турнэ, выбар краін і выкарыстаньне афіцыйнага лягатыпа вугорскага старшынства ў ЭЗ выклікалі рэзкія абвінавачаньні ў злоўжываньні ўладай і неляяльнасьці.

Рашэньне Эўракамісіі, прынятае старшынёй Урзуляй фон дэр Ляен, пацьвярджае: Брусэль ня будзе ўдзельнічаць на самым высокім узроўні ў шматлікіх мерапрыемствах, якія Будапэшт плянуе правесьці да канца году.

Рэагуючы на гэтую навіну, Янаш Бока, міністар па справах ЭЗ Вугоршчыны, заявіў, што краіна-старшыня па-ранейшаму «адданая шчыраму супрацоўніцтву» для вырашэньня «агульных праблем».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG