Пра перамовы Віктара Орбана і Дональда Трампа ў ЗША піша вугорская служба Радыё Свабодная Эўропа.
«Мірная місія 5.0. Для мяне было гонарам наведаць Трампа сёньня ў Мар-а-Ляга. Мы абмяркоўвалі спосабы дасягненьня міру. Добрая навіна дня: ён зьбіраецца гэта вырашыць», — напісаў Віктар Орбан у сацсетках.
Трамп у сетцы Truthsocial падзякаваў Орбану, напісаўшы:
«Павінен быць мір, і хутка. Занадта шмат людзей загінула ў вайне, якая ніколі не павінна была пачынацца!»
Орбан, даўні прыхільнік Трампа, за апошнія два тыдні зрабіў нечаканыя візыты ў Кіеў, Маскву і Пэкін са сваёй «міратворчай місіяй», ня маючы на гэта мандату ад Эўразьвязу.
Яго сустрэча ў Маскве з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуцінам асабліва раззлавала некаторых іншых сяброў NATO, якія заявілі, што гэтая паездка надала Пуціну легітымнасьць, у той час як Захад хоча ізаляваць яго за вайну ва Ўкраіне.
- Знаходзячыся ў Кіеве 2 ліпеня, Орбан заявіў, што прадставіў Зяленскаму прапанову аб спыненьні агню для перамоваў з Расеяй.
- Прэзыдэнт Украіны публічна ня выказаў свайго меркаваньня па гэтай прапанове, але пазьней за 2 ліпеня прадстаўнік прэзыдэнта паведаміў, што Зяленскі даў Орбану магчымасьць выказацца. Намесьнік кіраўніка адміністрацыі Зяленскага Ігар Жоўква таксама адзначыў, што Вугоршчына ня першая краіна, якая выступіла з патэнцыйным мірным плянам.
- На фоне візыту Орбана ў Маскву, паводле ягоных слоў, для працягу «мірнай місіі» ва ўкраінскім МЗС нагадалі, што для Кіева прынцып «ніякіх дамоўленасьцяў аб Украіне без Украіны» застаецца непарушным, і заклікалі ўсе дзяржавы няўхільна яго выконваць.
Форум