Расейскія нафтавыя кампаніі ў студзені-ліпені 2017 году паставілі на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы 10 мільёнаў 670 тысяч тон нафты. Гэтая лічба названая ў апэратыўнай зводцы расейскага дзяржпрадпрыемства «ЦДУ ТЭК».
У параўнаньні з дадзенымі за такі самы леташні час пастаўкі скараціліся на 16,2%.
«16% — гэта, канечне, шмат, — кажа Свабодзе эканаміст Леў Марголін. — Адкуль узялася такая лічба? Тлумачу: летась усю першую палову году пастаўкі з Расеі ішлі ў поўным абʼёме. Так званая вайна Беларусі і Расеі за кошты энэрганосьбітаў пачалася фактычна з другой паловы 2016 году і захапіла першы квартал сёлетняга. Тады з прычыны неўрэгуляваных нафтагазавых спрэчак былі моцна абмежаваныя пастаўкі расейскай нафты. Масква аднавіла экспарт у плянавых абʼёмах толькі ў сярэдзіне красавіка, пасьля перамоў Пуціна і Лукашэнкі ў Санкт-Пецярбургу. Вось адкуль гэтая вялікая розьніца.
Мяне больш дзівяць іншыя лічбы, якія тычацца выключна трэцяга кварталу сёлетняга году. За ліпень-верасень Расея паставіць нам толькі 4,5 мільёна тон нафты супраць 6 мільёнаў тон, якія плянаваліся раней. Масква цьвердзіць, што зьніжэньне паставак агаварыў беларускі бок. Маўляў, у гэты пэрыяд маюць адбыцца плянавыя капітальныя рамонты беларускіх НПЗ. Мне цяжка казаць, ці можна было б неяк выйсьці з гэтай сытуацыі, не зьмяншаючы абʼёмаў расейскай нафты. Але тое, што Беларусь губляе на гэтым валютную выручку, відавочна».