Лінкі ўнівэрсальнага доступу

BelPol пацьвердзіў, што зброю для Расеі вырабляюць 287 беларускіх прадпрыемстваў. І такіх кампаніяў можа быць больш

абноўлена

У 16-ы пакет санкцыяў Эўразьвязу ў сувязі зь дзеяньнямі, якія пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасьці, сувэрэнітэту і незалежнасьці Ўкраіны, уключанае беларускае прадпрыемства «Інтэграл».
У 16-ы пакет санкцыяў Эўразьвязу ў сувязі зь дзеяньнямі, якія пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасьці, сувэрэнітэту і незалежнасьці Ўкраіны, уключанае беларускае прадпрыемства «Інтэграл».

Выступаючы перад Кабінэтам міністраў Рады Эўропы, Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што ў Беларусі 287 дзяржаўных прадпрыемстваў вырабляюць зброю для Расеі. Свабода даведалася, адкуль гэтая лічба і ці рэальная яна.

Сьвятлана Ціханоўская заклікала краіны Рады Эўропы не дапусьціць, каб Беларусь стала «суцяшальным прызам» для Расеі. У сустрэчы прынялі ўдзел паслы і дыпляматы 46 дзяржаваў.

У сваім выступленьні Ціханоўская зьвярнула ўвагу на пытаньні бясьпекі і пагрозы расейскага кантролю над Беларусьсю. Паводле яе, Беларусь ужо стала ваенным пляцдармам Расеі, аднак яна ня верыць, што Беларусь наўпрост уступіць у вайну.

Ціханоўская зьвярнула ўвагу на падпісаньне Аляксандрам Лукашэнкам і Ўладзімірам Пуціным пагадненьня аб гарантыях бясьпекі, якое замацоўвае расейскі кантроль над краінай, а таксама на заплянаваныя сёлета вучэньні «Захад-2025».

«Хоць я ня веру, што войскі Беларусі будуць уцягнутыя ў вайну — у грамадзтве ёсьць моцны антываенны кансэнсус, але нельга выключаць, што Беларусь ня будзе зноў выкарыстаная для агрэсіі».

Паседжаньне Кабінэту міністраў Рады Эўропы. Страсбург, 11 сакавіка 2025 году
Паседжаньне Кабінэту міністраў Рады Эўропы. Страсбург, 11 сакавіка 2025 году

Ціханоўская заявіла, што Беларусь стала ня толькі стартавай пляцоўкай, але і вайсковым цэхам расейскай баявой машыны.

«Зброю для Расеі вырабляюць 287 дзяржаўных прадпрыемстваў», — заявіла яна.

Яна заклікала Раду Эўропы прыняць адмысловую дэклярацыю ў падтрымку незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі.

«Трэба патрабаваць вываду расейскіх войскаў ня толькі з Украіны, але і зь Беларусі, у тым ліку і ядзернай зброі. Толькі гэта гарантавала б стабільны і працяглы мір у рэгіёне. Украіна заслугоўвае рэальных гарантыяў бясьпекі, і адной зь іх можа быць свабодная Беларусь без расейскай прысутнасьці».

Ціханоўская паўтарыла заклік падтрымаць перадачу Літвой пазову ў Міжнародны крымінальны суд супраць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасьці і заявіла, што ў бліжэйшы месяц плянуе падняць беларускае пытаньне падчас паседжаньня Рады Бясьпекі ААН у кантэксьце вайны і парушэньняў правоў чалавека.

Якімі лічбамі валодае BelPol

У офісе Сьвятланы Ціханоўскай Свабодзе паведамілі, што лічбу 287 дзяржаўных беларускіх прадпрыемстваў, якія вырабляюць зброю для Расеі, яна ўзяла з дасьледаваньня BelPol, вынікі якога яшчэ не публікаваліся.

У самім BelPol Свабодзе пацьвердзілі гэтую лічбу:

«Гэта тое, што цяпер на 100 адсоткаў вядома, насамрэч такіх прадпрыемстваў можа быць значна больш»,— сказалі ў арганізацыі BelPol.

Пазьней прадстаўнік BelPol Уладзімер Жыгар расказаў Свабодзе з гэтай нагоды:

«Фактычна ўсе прадпрыемствы Міністэрства прамысловасьці Беларусі і Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту бяруць удзел у выкананьні абароннай замовы, пастаўках і абыходзе санкцыяў. Больш за тое, яшчэ каля 200 камэрцыйных прадпрыемстваў Беларусі бяруць удзел у гэтым. Такім чынам, колькасьць такіх кампаніяў можа сягаць паўтысячы. Мы працуем над гэтым, хоць поўнага сьпісу падаваць пакуль не гатовы.

Але мы паказалі грамадзтву ў ранейшых сваіх дасьледаваньнях розныя факты. Напрыклад, тое, што ў вытворчасьці прыцэлаў ужо прымаюць удзел больш за 40 кампаніяў. Мы расказалі пра вытворчасьць рэактыўных снарадаў, у якой больш за 20 беларускіх кампаніяў бяруць удзел. Мы паказалі працу ў гэтым кірунку «Планару», «Інтэгралу». Нават целяханская фабрыка, якая ў свой час вырабляла лыжы і клюшкі, цяпер вырабляе скрыні для артылерыйскіх снарадаў. Апрача таго, цяпер у Беларусі вырабляюць каля 35 відаў розных БПЛА, большасьць якіх прайшла праверку боем ва Ўкраіне. Гэта вялізная колькасьць кампаніяў, пра якія ў адзін момант мы расказаць ня можам.

Такім чынам, 285 кампаніяў у той ці іншай меры прымае ўдзел у вайсковых пастаўках у Расею. Гэта ня тое, што, скажам, БелАЗ робіць ракеты, не. БелАЗ займаецца гальванаапрацоўкай аднаго колца, але яно ставіцца на ракету. Мы ня можам сказаць, што жлобінскі завод БМЗ цалкам удзельнічае ў вайне. Але ён пастаўляе мэтал, зь якога ў канчатковым выніку вырабляюць ракеты. Ёсьць таксама фірмы-„пракладкі“, якія пастаўляюць запасныя часткі для прыцэлаў і іншага з Кітаю».

Прадстаўнік BELPOL Уладзімер Жыгар
Прадстаўнік BELPOL Уладзімер Жыгар

Паводле Ўладзімера Жыгара, мілітарызацыя беларускай прамысловасьці дасягне небывалых вышыняў, недзе да 2027–2028 гадоў прадпрыемствы Беларусі будуць у стане:

  • штогод вырабляць 300 000 рэактыўных снарадаў,
  • штогод вырабляць 450 000 артылерыйскіх снарадаў,
  • вырабляць БПЛА ўсіх відаў,
  • мадэрнізаваць расейскую бранятанкавую тэхніку,
  • наладзіць пастаўку мікрачыпаў для расейскіх ракет;
  • вырабляць яшчэ дзясятак пазыцый, пра якія пакуль што публічна казаць нельга.


Раней арганізацыя BelPol паведаміла, што прынамсі 40 беларускіх прадпрыемстваў у той ці іншай ступені залучаныя ў вытворчасьць дэталяў снарадаў для расейскіх сыстэмаў залпавага агню БМ-21 «Град». Гэта вынікае з расьсьледаваньня аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol.

Сярод іх Завод дакладнай электрамэханікі, жлобінскі БМЗ, аршанскі «Легмаш», «БАЗцьюб» ды іншыя. Паводле расьсьледаваньня, згодна з ужо выкананымі кантрактамі, а таксама тымі, што рэалізуюцца, у Расею зь Беларусі паставяць 4,5 мільёна дэталяў і зборак для рэактыўных снарадаў на суму 25,8 мільярда расейскіх рублёў, ці 253 мільёны даляраў. BelPol сьцьвярджае, што гэта толькі частка паставак на вайсковыя патрэбы.

На просьбу Свабоды BelPol раней падлічыў зьвесткі і пра іншыя пастаўкі на вайсковыя патрэбы для Расеі зь Беларусі, а таксама аб’ёмы фінансавай падтрымкі Расеяй беларускай вайсковай прамысловасьці. Сума, пра якую вядома арганізацыі, паводле самых сьціплых падлікаў перавышае 150 мільярдаў расейскіх рублёў, ці 1,4 мільярда даляраў. У аб’яднаньні былых сілавікоў удакладнілі, што гэта толькі вядомая лічба. Папраўдзе яна можа быць значна большай.

Пра тое, што беларуская прамысловасьць уцягнутая ў вытворчасьць кампанэнтаў для расейскай зброі, паведамляюць і дзяржаўныя СМІ Беларусі.

Рэкорднымі лічбамі хваліўся летась кіраўнік беларускага вайскова-прамысловага камітэту Дзьмітры Пантус. Ён называў суму, блізкую да падлікаў BelPol , назваўшы гэта «імпартазамяшчэньнем».

Санкцыі супраць «Інтэгралу»

У 16-ы пакет санкцыяў Эўразьвязу ў сувязі зь дзеяньнямі, якія пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасьці, сувэрэнітэту і незалежнасьці Ўкраіны, уключанае беларускае прадпрыемства «Інтэграл». Гэта вынікае з рашэньня Рады Эўразьвязу.

ААТ «Інтэграл» — беларускі вытворца паўправаднікоў, інтэгральных схемаў і іншай высокатэхналягічнай прадукцыі. Яго прадукцыю закупляюць расейскія арганізацыі, якія ўдзельнічаюць у вайне Расеі супраць Украіны (уключаючы расейскае ўрадавае агенцтва «Роскосмос», Ульянаўскае канструктарскае бюро прыборабудаваньня і «Радар ММС»). Яе знаходзілі на полі бою.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG