Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі эканаміст: «Беларусь трымалася на эліце, значна лепшай за ўкраінскую»


Уладзімер Дуброўскі
Уладзімер Дуброўскі

Посьпех беларускай эканомікі заключаўся ў тым, што яна атрымлівала велізарную рэнту ад Расеі, а яшчэ і ў тым, што якасьць яе элітаў была лепшай за ўкраінскую, лічыць старшы эканаміст і сябра наглядальнай рады цэнтру сацыяльна-эканамічных дасьледаваньняў «CASE Украіна» Уладзімер Дуброўскі.

Аднак цяпер, кажа ён у інтэрвію ўкраінскай службе Свабоды, Расея ўжо ня ў стане ўтрымліваць эканоміку Беларусі, таму наперадзе ў Менску — няпэўная будучыня, дадае эканаміст.

Большасьць украінцаў прыхільна ставяцца да беларусаў, пры гэтым больш за 60 адсоткаў апытаных станоўча ставяцца да Аляксандра Лукашэнкі. Дуброўскі тлумачыць гэта так:

«Беларусь атрымала ў спадчыну значна лепшую якасьць эліты, чым Украіна. Ва Украіне эліта вынішчалася і ў пэўнай ступені эмігравала ў буйны цэнтар, бо лідэры, і Хрушчоў, і Брэжнеў, паходзілі з Украіны, і яны бралі да сябе сваіх землякоў. Затое ў Беларусі лідэрамі былі людзі, якія паходзілі з партызанскага падпольля, людзі, якія праявілі свае лідэрскія якасьці яшчэ падчас вайны.

Беларусь не праходзіла праз такія цяжкія выпрабаваньні, як Украіна ў 1990-я гады

І таму, напрыклад, пасьля таго, як дазволілі ствараць супольныя прадпрыемствы, Беларусь была лідэрам у стварэньні супольных прадпрыемстваў з заходнімі кампаніямі. У Беларусі адкрыўся першы „Макдональдс“ і многае іншае. Беларусь была даволі прагрэсіўнай у савецкія часы, і там сапраўды ўдалося захаваць гэты парадак. Яна не праходзіла праз такія цяжкія выпрабаваньні, як Украіна ў 1990-я гады. Менавіта таму там некаторыя рэчы — такія, як сацыяльныя стандарты, як адукацыя, мэдыцына ды іншае, — яно сапраўды працуе лепш, чым ва Ўкраіне. Трэба гэта прызнаць».

Дуброўскі называе Лукашэнку моцным гаспадарнікам, які патурае патэрналістам, якіх у Беларусі ня меней, чым ва Ўкраіне. Але ён дадае, што беларускі посьпех, на яго думку, трымаецца на дзьвюх рэчах:

«Першае — гэта параўнальна высокая якасьць намэнклятуры, якой ва Ўкраіне не было, і таму ва Ўкраіне гэта немагчыма было зьдзейсьніць. То бок, калі ва Ўкраіне спрабавалі, напрыклад, рэгуляваць цэны — гэта проста прадукты зьнікалі. У Беларусі рэгуляваньне цэнаў працавала. Толькі такі прыклад ужо даказвае, што тое, што адбылося ў Беларусі, ва Ўкраіне не было магчыма.

А па-другое, уласна палітыка Расеі, якая маленькую Беларусь — Беларусь усё ж у пяць разоў меншая за Ўкраіну — магла сабе дазволіць утрымліваць як нейкага сатэліта. Утрымліваць Украіну на такім узроўні Расея проста не магла сабе дазволіць і ніколі не спрабавала. Хоць у нечым, напрыклад продажам таннага газу, таксама спрабавала трымаць украінскую эліту на кароткім ланцужку.

Але, як сказана ў Бібліі: „Не зайздросьці грэшнай славе: бо пра жахі канца яго ня ведаеш“. Што адбудзецца зь Беларусьсю, калі цяпер у Расеі пачнуцца працэсы распаду — гэта вельмі турбуе і маіх беларускіх сяброў, і, я думаю, шараговых беларусаў таксама, таму што яны ўсе прызнаюць сваю залежнасьць ад Расеі.

Адзінае, што выклікае надзею, — гэта тыя людзі, якія выехалі зь Беларусі

Адзінае, што выклікае надзею, — гэта тыя людзі, якія выехалі зь Беларусі. Беларусь была адной з краінаў, якая трымала ледзь не першае месца па ўцечцы мазгоў. Гэта значыць, зь Беларусі вельмі шмат людзей паехалі (у тым ліку і ва Ўкраіну, дарэчы). І, магчыма, тыя людзі, якія паехалі, яны калісьці вернуцца і змогуць Беларусь выцягнуць.

Тое, што там цяпер, — гэта неканкурэнтаздольная сыстэма, у якой ёсьць асобныя астраўкі ў прыватным сэктары, якія ёсьць канкурэнтаздольнымі, але яны эканоміку ня выцягнуць. А што адбудзецца, калі будзе сыпацца расейскі рынак і ўсё, што зь ім зьвязана, — гэта вельмі вялікае пытаньне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG