Украіна зноў апынулася ў цэнтры ўвагі міжнароднай супольнасьці. Што стаіць за абвастрэньнем сытуацыі на Данбасе? Ці памянялася пазыцыя ЗША адносна расейска-ўкраінскага канфлікту? Пра што сьведчыць заява прадстаўніка амэрыканскай адміністрацыі наконт захаваньня санкцыяў супраць Расеі?
Удзельнікі: журналіст Юры Сьвірко з Кіева і палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску.
Што стаіць за абвастрэньнем сытуацыі на Данбасе?
Валер Карбалевіч: «Рэзкае абвастрэньне сытуацыі на Данбасе, інтэнсіўныя абстрэлы з абодвух бакоў на лініі супрацьстаяньня выклікалі занепакоенасьць сусьветнай супольнасьці. Гэта адбываецца на тле новай геапалітычнай сытуацыі. Менскія пагадненьні не выконваюцца. Новы прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абяцаў нармалізаваць дачыненьні з Расеяй. Палітычныя зьмены ў вядучых краінах Эўропы таксама могуць паўплываць на пазыцыю ЭЗ адносна ўкраінскага крызісу. Што стаіць за гэтым абвастрэньнем канфлікту на Данбасе?»
Юры Сьвірко: «Такія абвастрэньні здараюцца час ад часу. Думаю, на жаль, яно не апошняе. Дарэчы, цяпер сытуацыя трохі сьцішылася. Афіцыйны Кіеў ня мае канкрэтнага пляну дзеяньняў, каб вырашыць сытуацыю на ўсходзе Ўкраіны. Усе спасылаюцца на Менскія пагадненьні, якія не працуюць. Ёсьць плян склікаць новыя нарады ў «нармандзкім фармаце».
Карбалевіч: «А хто, на ваш погляд, быў ініцыятарам гэтага абвастрэньня?»
Сьвірко: «Інфармацыя вельмі супярэчлівая. Заходнія мэдыі паведамлялі, што ўкраінскія войскі пачалі прасоўвацца ў нэўтральную паласу паміж супрацьстаячымі бакамі. Думаю, абодва бакі ўдзельнічалі ў гэтых абстрэлах».
Андрэй Фёдараў: «Назіральнікі зьвярнулі ўвагу, што абвастрэньне на Данбасе адбылося пасьля тэлефонных перамоваў паміж Трампам і Пуціным. З гэтага робіцца выснова, што Расея вырашыла праверыць новую адміністрацыю ЗША на моц. Маўляў, як яна будзе рэагаваць на гэтыя падзеі. Насамрэч, рэальна высьветліць, хто пачаў абстрэл першым, вельмі няпроста».
Ці памянялася пазыцыя ЗША адносна ўкраінскага крызісу?
Карбалевіч: «Вось сп. Фёдараў узгадаў пра перамовы кіраўнікоў ЗША і Расеі. Але таксама падчас гэтага абвастрэньня канфлікту на Данбасе адбыліся перамовы прэзыдэнтаў ЗША і Ўкраіны Дональда Трампа і Пятра Парашэнкі. Якія іх вынікі? Ці памянялася пазыцыя ЗША адносна ўкраінскага крызісу?»
Сьвірко: «У Кіеве няма адчуваньня, што палітыка ЗША адносна Ўкраіны неяк мяняецца. Ня бачна, што афіцыйныя прадстаўнікі ЗША сталі выказвацца на карысьць Расеі ў гэтым расейска-ўкраінскім канфлікце.
Зьвярнуў бы ўвагу, што сам Трамп і ягоны прэсавы сакратар не выказваюцца наконт гэтага пытаньня. Яны спасылаюцца на выказваньні ўжо прызначанага Трампам прадстаўніка ЗША ў ААН. Амбасадар ЗША ва Ўкраіне не памяняўся. І наўрад ці ён будзе казаць нешта супрацьлеглае таму, што казаў раней».
Новага прэзыдэнта ЗША, думаю, ня надта цікавяць падзеі ва Ўкраіне. У яго іншыя прыярытэты
Фёдараў: «Заявы гучаць супярэчлівыя. Дональд Трамп ужо пасьля размовы з Парашэнкам у інтэрвію заявіў, што дакладна ня ведае, што насамрэч адбываецца на Данбасе, і нібыта ў амэрыканскіх уладаў няма інфармацыі, ці кантралюе Расея ДНР і ЛНР. І вось учора прагучала заява прадстаўніка Белага дому, што ЗША ня маюць намеру адмяняць санкцыі супраць Расеі па Крыме. Думаю, у Кіеве залішняга аптымізму быць не павінна. Праблема ў тым, што новага прэзыдэнта ЗША, думаю, ня надта цікавяць падзеі ва Ўкраіне. У яго іншыя прыярытэты. А праблемы Ўкраіны для яго ў другім эшалёне.
Іншае пытаньне. Пакуль заходнія санкцыі не дапамаглі вырашыць праблему канфлікту на Данбасе. Значна больш радыкальнымі былі б пастаўкі Ўкраіне летальнай зброі. Але гэтага ня робіцца».
Які ўплыў на сытуацыю на Данбасе можа мець гібель баевіка «Гіві»?
Карбалевіч: «8 лютага быў забіты камандзір штурмавога батальёну „Самалі“ Міхаіл Талстых з пазыўным „Гіві“. Яго ўзарвалі ў сваім жа кабінэце. Гэта выклікала вялікі інфармацыйны шум у Расеі. Ці можа гэта прывесьці да абвастрэньня канфлікту на Данбасе?»
Сьвірко: «Думаю, не. Цяжка дакладна казаць, што адбываецца ў ДНР і ЛНР, бо там няма незалежных мэдыяў. Вядома, што апошнім часам мруць як мухі лідэры ці знакавыя асобы сярод баевікоў ДНР і ЛНР, якія доўга былі сымбалямі вайны на Данбасе ў расейскіх мэдыях. У Кіеве шмат пішуць, што іх забіваюць на загад Крамля, каб замесьці сьляды свайго ўдзелу ў падзеях на ўсходзе Ўкраіны. А прадстаўнікі ДНР, ЛНР сьцьвярджаюць, што іх зьнішчаюць украінскія дывэрсійныя групы. Увогуле, гісторыя цьмяная.
Лідэр ДНР Захарчанка зрабіў дзіўную заяву, што гэтыя камандзіры баевікоў нават мёртвыя прыйдуць ва Ўкраіну. А сам „Гіві“ раней заяўляў, што дойдзе да Кіева, да Лёндана і інш. Ну вось дайшоў».
Фёдараў: «Прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Пяскоў заявіў, што гэтае забойства было спробай дэстабілізаваць сытуацыю на ўсходзе Ўкраіны. Пры гэтым выказаў спадзяваньне, што да эскаляцыі гэта не прывядзе. Таму можна на гэта спадзявацца.
Зьвярнуў бы ўвагу, што, паводле інфармацыі з украінскіх крыніц, у Захарчанкі з „Гіві“ былі моцныя рознагалосьсі і па фінансавых пытаньнях, і па продажы маёмасьці. Нібыта „Гіві“ не выконваў загадаў Захарчанкі.
Шмат будзе залежаць ад адносін Расеі з Захадам. Калі Масква адчуе слабіну з боку Захаду, то будзе актыўней расхістваць Украіну».
Ці працягнуцца амэрыканскія санкцыі супраць Расеі?
Карбалевіч: «8 лютага афіцыйны прадстаўнік Белага дома Шон Спайсэр падчас традыцыйнага брыфінгу для прэсы заявіў, што ЗША ня маюць намеру адмяняць санкцыі супраць Расеі па Крыме:
„Пакуль Расія ня сыдзе з Крыму, гэтыя санкцыі пераглядацца ня будуць“, — сказаў ён.
Варта нагадаць, што гэта пэўная карэкціроўка перадвыбарчых заяваў Трампа, калі ён крытыкаваў адміністрацыю Абамы за сапсаваныя адносіны з Расеяй, абяцаў усё выправіць.
Зьвярнуў бы ўвагу таксама на заяву прадстаўніка дзярждэпартамэнту ЗША, які пакрытыкаваў Расею за перасьлед апазыцыянэра Навальнага. А было шмат прагнозаў наконт таго, што адміністрацыю Трампа тэма правоў чалавека ў сьвеце хваляваць ня будзе. Як вы гэта пракамэнтуеце?»
Сьвірко: «Думаю, гэта цалкам лягічнае разьвіцьцё падзеяў. Пазыцыя ЗША адносна Крыму вельмі нагадвае стаўленьне ЗША да акупацыі СССР краін Прыбалтыкі. Злучаныя Штаты ніколі не прызнавалі гэтай акупацыі, што не перашкаджала Вашынгтону супрацоўнічаць з Масквой у іншых пытаньнях. Думаю, так будзе і цяпер».
Фёдараў: «Хацелася б ведаць, наколькі шчырая гэтая пазыцыя Белага дому. Ёсьць падазрэньне, што гэтыя заявы крыху змушаныя».
Карбалевіч: «Шчырасьць мае важнае значэньне ў палітыцы?»
Фёдараў: «Думаю, мае. Бо калі гэтыя заявы робяцца дзеля таго, каб супакоіць грамадзкую думку, а насамрэч рыхтуецца нешта іншае, то гэта дае падставу сумнявацца, ці зьбіраецца новая адміністрацыя прытрымлівацца такой пазыцыі ўсурʼёз».