Пра гэта сьведчаць вынікі апытаньняў, якія правялі сацыёлягі групы «Рэйтынг».
Ці ня больш за ўсё ўкраінцам імпануюць парадак і чысьціня на вуліцах гарадоў, сучасныя аўтамагістралі, а некаторыя нават зайздросьцяць: маўляў, у беларусаў эканоміка стабільная, зарплаты нармальныя, і нават прымудрыліся з Расеяй не сварыцца.
Але незалежныя экспэрты сьцьвярджаюць, што большасьць шараговых украінцаў глядзяць на беларускія рэаліі павярхоўна, а на самай справе ўсё не так стабільна ў эканоміцы і зусім ня проста ў дачыненьнях Менску і Масквы.
Існаваньне ва Ўкраіне міту пра «квітнеючую Беларусь» украінскі палітоляг Ігар Лосеў тлумачыць павярхоўнасьцю поглядаў людзей, якія гэтыя міты распаўсюджваюць, не задумваючыся над тым, што адбываецца ў суседняй дзяржаве:
«Найлепшыя аўтабаны ў Эўропе ў свой час пабудаваў Адольф Гітлер. Парадак на вуліцах — гэта таксама добра, але гэта далёка не галоўнае. Ва Ўкраіне дзейнічае сыстэма алігархічнай дэмакратыі, а ў Беларусі толькі адзін алігарх — гэта сам Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка. І гэта дазваляе яму там падтрымліваць параўнальны парадак. Многія з нашых украінцаў, якія зайздросьцяць беларусам, маўляў, які ў іх парадак, калі ім заўтра пачнуць так затыкаць рот, як у Беларусі затыкаюць, першыя пачнуць выступаць супраць гэтага і пойдуць на Майдан», — адзначыў Лосеў.
Журналістка Натальля Пазьняк-Хаменка родам з Дубравіцы: гэта горад, разьмешчаны непадалёк ад беларуска-ўкраінскай мяжы, дзе можна глядзець беларускую тэлевізію і дзе ўласна цыркулюе больш за ўсё мітаў пра «росквіт Беларусі». Яна тлумачыць гэты фэномэн, сярод іншага, марамі «пра моцную руку», здольную «навесьці парадак». Бо на фоне беспрацоўя і сацыяльных праблемаў на першы погляд беларусы здаюцца больш багатымі і шчасьлівымі:
«Беларусь успрымаецца як краіна, дзе захаваўся Савецкі Саюз зь ягонымі сацыяльнымі гарантыямі, адсутнасьцю беспрацоўя і, так бы мовіць, мінімальнай увагай дзяржавы да людзей. Вялікую ролю ў гэтым міце выконвае беларуская сыстэма аховы здароўя, якая, што ўжо казаць, сапраўды на парадак вышэйшая за нашу. А яшчэ ў нас на Палесьсі зьяўляецца піетэт перад Беларусьсю праз праблемы з бурштынам: у нас гэта ператварылася ў хаос, а там Лукашэнка гэтага не дапусьціў», — распавядае яна Свабодзе.
Чытайце поўны матэрыял на ўкраінскай службе Свабоды: