Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Каці й Ігара будзе чацьвёра дзяцей, я ведаю іх імёны». Беларуская рэжысэрка — пра свой фільм, яго пракатны лёс і новыя праекты


Мара Тамковіч, фота Анны Вардэйн
Мара Тамковіч, фота Анны Вардэйн

Сярод беларускіх фільмаў, зьнятых на драматычным матэрыяле 2020 году, мастацкая стужка «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч займае асобнае месца. Здымкі фільму закончыліся два гады таму, але ў краінах Эўропы ды на іншых кантынэнтах працягваецца ягоны паказ на кінафэстывалях і ў пракаце.

Размова з Марай Тамковіч пачалася з фэстывальных маршрутаў фільму і перакінулася на ягоных герояў і той час, калі адзін зь іх быў на волі. Напрыканцы рэжысэрка распавяла пра колеры, акрамя шэрага, якія лічыць уласьцівымі сапраўднай Беларусі.

Што пра лёс першага фільму

Пра лёс фільму «Пад шэрым небам» Мара Тамковіч расказвае з імпэтам, уласьцівым гэтай стужцы.

«Прэм’ера фільму адбылася ў чэрвені 2024 году на кінафэстывалі Tribeca ў Нью-Ёрку, і з таго часу мы абʼехалі розныя кантынэнты з фэстывальнымі паказамі, пабывалі нават у Бразыліі. Але часьцей, канечне, бывалі ў эўрапейскіх краінах. Летась у Польшчы фільм прызналі найлепшым дэбютам на фэстывалі ў Гдыні. Сёлета пасьпяховы шлях працягнуўся з гран-пры на адным з найстарэйшых польскіх фэстываляў „Маладыя і кіно“ ды з „Залатым анёлам“ ад гледачоў на BellaTofifest у Торуні. За мяжой фільм адзначылі ў Італіі, Ізраілі ды Марока», — распавяла Мара Тамковіч.

Паводле рэжысэркі, замежны фэстывальны шлях фільму «Пад шэрым небам» уключаў таксама Вялікабрытанію, Нямеччыну, Украіну, Баўгарыю, Індыю, Аўстрыю і Люксэмбург. Наперадзе — Данія, Францыя, Італія ды Эстонія. А пасьля паказу ў кінатэатрах будуць паказы па тэлевізіі і онлайн.

Летась фільм «Пад шэрым небам» стаў ляўрэатам кінафэстывалю «Паўночнае зьзяньне», а сёлета сэансы зь ім уключаныя ў пазаконкурсную праграму: 4 лістапада — у Вільні («Skalvija», 18:40) і 20-га — у Таліне («Supernova», 14:15).

У другой палове лістапада ўжо не ў праграме фэстывалю стужку двойчы пакажуць у Варшаве.

Мара Тамковіч мяркуе, што тэма, якую яна падняла ў сваім фільме, яшчэ доўга будзе цікавай беларусам.

Гісторыя пра Кацю й Ігара

У сюжэт фільму пакладзеная рэальная гісторыя рэпрэсаваных беларускіх журналістаў, якая дагэтуль не закончылася хэпі-эндам. Журналістка Кацярына Андрэева, правобраз галоўнай гераіні, згуляны беларускай акторкай Аляксандрай Вайцаховіч, з 2020 году ў вязьніцы. Яе муж Ігар Ільяш, вобраз якога ўвасобіў літовец Валянцін Навапольскі, — год таму таксама апынуўся за кратамі, калі фільм ужо выйшаў на экраны.

Але да турмы Ігар пасьпеў дапамагчы Мары Тамковіч у напісаньні сцэнару. Рэжысэрка вельмі перажывае за лёс пары і пры гэтым лічыць, што зьвесткі пра іх, прынамсі пра дапамогу з боку Ігара, вартыя публічнасьці.

«Ігар бачыў напісаны мной сцэнар да фільму і пагадзіўся зь ім. Відавочна, што з Кацяй ніякіх кансультацый не было, але я размаўляла з Дашай Чульцовай (апэратаркай Белсату, якую асудзілі разам з Андрэевай, яна вызвалілася ў 2022 годзе — Р.С.). А Ігар яшчэ паказваў мне Каціны лісты зь няволі, ён дастаткова ўпускаў мяне ў іх рэальную гісторыю, але таксама і зь вялікай, я б гэтак сказала, даросласьцю паставіўся да таго, што ўсё ж такі кіно — гэта не фатаздымак, што іх гісторыя — гэта натхненьне, але патрэбна і нешта зьмяніць, каб лепш яе падаць», — распавяла Мара Тамковіч.

«Адчувала адказнасьць перад беларусамі, якія будуць здымаць свае гісторыі»

Мары Тамковіч 37 гадоў. У Беларусі Мара фільмаў не здымала, яна атрымала рэжысэрскую адукацыю ў Польшчы і з 2012 году займаецца кінатворчасьцю. «Пад шэрым небам» — яе першы поўнамэтражны мастацкі фільм. Рэжысэрка не хавае цяжкасьцяў, зь якімі сутыкнулася за працай.

«Фільм здымаўся вельмі хутка, і за вельмі малыя грошы. На ўвесь працэс вытворчасьці ў нас сышло паўтара году, што ў кінарэчаіснасьці — проста імгненьне. Але ў гэтым ёсьць і плюс, што ня трэба было гадамі хадзіць і зьбіраць грошы па крысе, як часта бывае. Ціснула пэрсанальная адказнасьць, бо гэта мой першы такі фільм, а калі першы будзе дрэнны, дык можа і ня быць другога. Яшчэ адказнасьць перад людзьмі, якія мне даверылі сваю гісторыю, дазволілі яе перапрацаваць у мастацкае кіно. Таксама адчувала адказнасьць перад наступнымі беларускімі аўтарамі, якія будуць спрабаваць атрымоўваць замежныя грошы на тое, каб распавядаць свае гісторыі. Усё гэта было самае цяжкае, але адначасова гэта ўраўнаважвалася тым, зь якім велізарным ангажаваньнем працавала ўся каманда».

Мара Тамковіч зь вялікай удзячнасьцю распавядае пра польскіх калегаў-кіношнікаў, якія ёй дапамагалі, у тым ліку задарма здымаліся ў масоўках, каб яна магла эканоміць бюджэт фільму.

«І гэтаксама беларусы ў Варшаве валянтэрамі прыходзілі на здымкі, каб толькі фільм паўстаў. Кожны чалавек, які працаваў у камандзе, — працаваў на 300% ад таго, чаго можна было чакаць пры такім бюджэце. За гэта я вельмі і вельмі ўдзячная кожнаму», — паўтарае Мара Тамковіч.

Беларуская рэжысэрка выказвае асаблівую падзяку прадусэрам фільму і Польскаму кінафонду, які прафінансаваў яго здымкі.

«Атрымалася вельмі карысная супраца таксама і для польскіх інстытутаў, якія атрымалі ў выніку добрыя адзнакі. А для нас найперш важна тое, што здолелі ўсім распавесьці беларускую гісторыю».

«Шэрасьць набывае сьвінцовую моц»

Фільм натхнёны гісторыяй журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша, але ён ня толькі пра пратэсты, настойвае аўтарка стужкі.

«Больш пра тое, што адбывалася пасьля. Пра тое, як людзі даюць рады наступствам, як сыстэма над імі змыкаецца і немагчымае для ўяўленьня робіцца нормай, а потым і гэтыя нормы перасоўваюцца. Пра тое, што нешта падавалася страшным, а цяпер думаецца, што гэта яшчэ пашанцавала. Як шэрасьць ужо набывае сьвінцовую моц, і што мы можам гэтаму супрацьпаставіць, дзе ўзяць сілы, каб не здавацца».

Адказваць на пытаньне, ці бачыць рэжысэрка іншыя колеры ў Беларусі, акрамя шэрага, Мара Тамковіч пачала здаля. Рэжысэрка паскардзілася, што ўжо амаль 4 гады не была на радзіме і таму не бярэцца дакладна акрэсьліць колеры, уласьцівыя цяпер роднай краіне.

«Па адчуваньнях звонку застаецца прыгнечанасьць, як ад шэрага неба, і нават адчуваюцца цямнейшыя колеры. Але я абсалютна перакананая, што тых, хто ўнутры, немагчыма трымаць у суцэльнай шэрасьці. Магчыма, у здольнасьці шукаць у гэтай шэрасьці іншыя, сьветлыя колеры і ёсьць наша надзея. Што варта трымацца сьветлага, белага колеру», — мяркуе Мара.

Думкі, ад якіх не пазбыцца

Спачатку са шчырым сьмехам, а потым і больш сурʼёзна Мара Тамковіч расказала, пра што марыць.

«Калісьці для дзяўчат на конкурсах прыгажосьці было прынята казаць, што яны мараць пра мір ва ўсім сьвеце. Я хоць не на такім конкурсе, але ў мяне таксама — мара пра гэта», — прызналася рэжысэрка.

Мара Тамковіч не хавае таго, што вайна цалкам зьмяніла яе жыцьцё. У дзень уварваньня расейскага войска ва Ўкраіну яна знаходзілася ў Польшчы, і раптам яе наведала думка, ад якой яна дагэтуль ня можа пазбавіцца:

«Стаяла перад домам, глядзела на бярозкі вакол хаты, і падумалася, што ж адчувалі людзі ў Беларусі, калі ў чэрвені 41 году даведаліся пра пачатак вайны. І паўстала думка, што мы напярэдадні разбурэньня, мы гэта ведаем, але нічога ня можам з гэтым зрабіць. Вельмі цяжка ўявіць, як можна вярнуць мірны час. Увесь час думаецца пра гэта».

Чым закончыцца гісторыя Каці і Ігара

Гэтым разам Мара ані на сэкунду не затрымліваецца з адказам.

«Мяркую, усё будзе добра. Каця й Ігар выйдуць на волю, веру, што ў іх будзе чацьвёра дзяцей, якім яны ўжо прыдумалі імёны. Ведаю гэтыя імёны, але не адчуваю магчымым іх агучыць. А тое, што дазваляю сабе прадказваць, дык гэта таму, што ў іхнай рэальнай гісторыі веру ў галівудзкі хэпі-энд», — зноў сьмяецца Мара Тамковіч.

Паводле беларускай рэжысэркі, цяпер яна працуе адначасова над двума праектамі.

«Пішу сцэнар да фільму, таксама зьвязанага зь Беларусьсю, які пляную здымаць, і паралельна працую над фільмам па сцэнары беларускі Юлі Паграбняк, якая жыве ў Фінляндыі. Галоўнай гераіняй будзе мастачка, якая апынулася ў эміграцыі», — апавяла пра творчыя пляны Мара Тамковіч.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG