Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Накінуліся гурмой і змаглі выцягнуць з турмы Артура Сянько і Анатоля Бокуна». Як беларусы сталі ахвярамі барацьбы зь мігрантамі ў ЗША


Артур Сянько і Яўген Ждановіч
Артур Сянько і Яўген Ждановіч

На мінулым тыдні амэрыканскія суды прынялі рашэньне адмовіць у дэпартацыі ў Беларусь і даць палітычны прытулак двум беларускім актывістам. Іх абвінавачвалі ў незаконным знаходжаньні ў ЗША, хоць абодва ўжо даўно падалі дакумэнты на палітчыны прытулак.

Свабода пагаварыла з адным зь іх — з Артурам Сянько, а таксама зь Яўгенам Ждановічам, стваральнікам ініцыятывы byaction.org, якая ў ЗША падтрымлівае беларусаў — ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

У ЗША ўсё часьцей затрымліваюць беларусаў, якія выехалі туды з палітычных матываў і чакаюць рашэньня аб наданьні ім прытулку. Іх зьмяшчаюць у міграцыйныя лягеры, якія называюцца detention centers, ім пагражае дэпартацыя ў Беларусь.

Паводле актывіста byaction.org, нямала беларусаў трапілі ў бюракратычную пастку. Іхныя справы мелі накіраваць у суд адміністрацыйнай управы кантролю іміграцыі (EOIR) Міністэрства юстыцыі, але замест гэтага справы апынуліся ў Службе грамадзянства і міграцыі (USCIS). Разгляд справаў ідзе гадамі, і ёсьць вялікая імавернасьць быць затрыманымі і трапіць ў міграцыйную турму.

21 студзеня 2025 года былі пашыраныя паўнамоцтвы Дэпартамэнту ўнутранай бясьпекі ЗША ў пытаньнях паскоранай дэпартацыі. І цяпер людзей, што чакаюць легалізацыі, могуць дэпартаваць.

Ініцыятыве byaction.org сёньня вядома прынамсі пра 10 беларусаў у міграцыйных лягерах. Дваім — Артуру Сянько і Анатолю Бокуну — пашанцавала: яны прайшлі празь некалькі судоў, якія адмовілі ў іх дэпартацыі, і на мінулым тыдні беларусы выйшлі з-за кратаў. Але ў зьняволеньні можа быць значна больш людзей, мяркуе стваральнік ініцыятывы Яўген Ждановіч.

Па яго інфармацыі на пачатак 2025 году ў Праекце абароны шукальнікаў прытулку (некамэрцыйная арганізацыя Asylum Seeker Advocacy Project) зарэгістраваныя 1662 беларусы. Кожны зь іх можа быць затрыманы.

Яўген Ждановіч для разуменьня сытуацыі прыводзіць рэальны прыклад. Грамадзянін Беларусі ў жніўні 2023 году атрымаў пазоў у суд на ліпень 2025 году. На першым паседжаньні справу не пасьпелі разгледзець, суд прызначыў наступныя слуханьні на лістапад 2025 году. Аднак нечакана ў кастрычніку слуханьні перанесьлі на травень 2028 году. Актывіст кажа, што такія сытуацыі сталі тыповымі для ўсіх тых, хто падлягае іміграцыйнай працэдуры ЗША.

«Я трапіў у бюракратычную шчыліну»

Беларусу Артуру Сянько 36 гадоў. У 2020 годзе ён працаваў валянтэрам у камандзе Сьвятланы Ціханоўскай, браў удзел у пратэстах, супрацоўнічаў з праваабарончым цэнтрам «Вясна». У Беларусі на яго заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу 369 КК — «зьнявага службовай асобы», абвешчаны яго міжнародны вышук.

Артур Сянько
Артур Сянько

Летам 2021 году празь ціск на сваякоў мусіў зьехаць зь Беларусі. 26 жніўня 2021 году праз пункт пропуску Отай Мэса ў Каліфорніі трапіў у ЗША. Адразу заявіў афіцэру, што просіць палітычнага прытулку ў Злучаных Штатах. Два дні яго правяралі на мяжы. Потым адпусьцілі з пазовам у суд і так званым паролем, які далі на год.

«Позву афіцэры мусілі перадаць ня толькі мне, але і ў суд. І меў пачацца дэпартацыйны працэс, дзе я б мог убачыць судзьдзю і пераканаць яго, што на радзіме мне пагражае перасьлед, — распавёў Артур Сянько Свабодзе. —

Але я трапіў у бюракратычную шчыліну, позву ў суд проста не пераслалі, «зафайлілі». Таму, каб выканаць патрабаваньне падаць на ўцякацтва цягам году, я падаў адміністрацыйную заяву ў Іміграцыйную і мытную паліцыю (ICE). На іхным сайце было напісана, што я чакаю інтэрвію. Думаў, калі чарга дойдзе да мяне, тое інтэрвію скасуюць, і я пайду ў суд».

Артур Сянько кажа, што некалькі разоў пісаў лісты афіцэрам ICE, каб яго пазоў перадалі ў суд, але марна, яму прыходзілі адпіскі.

За 2,5 месяца — 3 турмы

Ад жніўня 2021 году Артур Сянько жыве ў Нью-Ёрку, працуе ў сфэры мэдыцыны — займаецца падборам тэрапэўтаў для дзяцей з асаблівасьцямі ў разьвіцьці й інваліднасьцю (ад 0 да 3 гадоў).

Сёлета ў канцы ліпеня беларусу на пошту прыйшла позва: 15 жніўня ён павінен зьявіцца ў Дэпартамэнт унутранай бясьпекі (Department of Homeland Security). Артур прыйшоў туды з адвакатам і дакумэнтамі, бо ў позьве было пазначана «прынесьці дакумэнты».

«Я ўсе дакумэнты сабраў. Меня завялі ў пакой, дзе шмат маленькіх сталоў, загадалі ўсе рэчы пакласьці на стол і паведамілі, што я арыштаваны. Адвакат спрабаваў штосьці сказаць, але яго ніхто ня слухаў. Дакумэнты нават не паглядзелі. Мяне завялі ў камэру, далі паперку: ім невядома, якім чынам і калі я прыбыў у ЗША, таму мяне чакае паскораная дэпартацыя ў Беларусь. Я з гэтым не пагадзіўся, маўляў, у ЗША я ўжо 4 гады, трапіў праз афіцыйны пункт пропуску. І буду аспрэчваць гэта ў судзе», — апавядае Артур.

Пачаўся этап па амэрыканскіх турмах. Спачатку яго трымалі ў турме ў штаце Нью-Джэрзі, потым ў намётавым лягеры на мяжы з Мэксыкай, у выніку Сянько апынуўся ў папраўчым цэнтры акругі Сыбола (Cibola County Correctional Center), які называюць «канвэерам дэпартацыяў».

«Цягам усяго працэсу, калі мяне вазілі па турмах, афіцэры, якія займаліся транспартаваньнем, пераконвалі мяне, што я ўжо дэпартаваны і толькі пытаньне часу, калі мяне вывезуць на радзіму. Гэта мяне моцна палохала, бо ў Беларусі я ў вышуку», — прызнаецца Артур.

Умовы ў амэрыканскіх турмах розныя. Былі турмы, дзе ў камэры па 2 чалавекі, было і па 10 чалавек, і па сорак.

У адрозьненьні ад беларускіх турмаў у амэрыканскіх была магчымасьць тэлефанаваць, карыстацца відэасувязьзю. Можно было зарабляць невялікія грошы прыбіраньнем памяшканьняў, стрыжкай зьняволеных, дробным рамонтам.

«У першай турме ў Нью-Джэрзі ўмовы былі прымальныя: крама з добрым выбарам тавараў, у кожнай камэры на 10 чалавек асобны тэлефон, пляншэты для відэасувязі, можна было чытаць, слухаць музыку, глядзець фільмы. А апошняя ў Нью-Мэксыка — гэта ўжо сапраўдная турма для мігрантаў. Камэра на 40 чалавек памерам з спартовую залю — вялікае адкрытае месца: ложкі, прыбіральні, душавыя, тэлевізары, нейкія столікі, куток для заняткаў спортам.

Я прабыў у турме два з паловай месяцы — выйшаў даволі хутка. Людзі сядзяць па 6 месяцаў, па году. Калі мяне везьлі з турмы ў аэрапорт, нават кіроўца зьдзівіўся: як я змог так хутка выйсьці на волю? Не зьдзіўляйцеся, у Амэрыцы няма „сталыпінскіх вагонаў“ для перапраўкі зьняволеных на чарговы этап, тут возяць самалётамі», — апавядае цяпер ужо былы зьняволены.

Зараз Артур Сянько чакае дакумэнтаў, каб атрымаць грын-карту.

«Калі беларусаў дэпартуюць з Амэрыкі, у Беларусі яны папоўняць сьпісы палітзьняволеных»

Яўген Ждановіч
Яўген Ждановіч

Да 2025 году ўцекачы зь Беларусі мелі найвышэйшы працэнт наданьня палітычнага прытулку ў ЗША — 88,4%, кажа дэмакратычны актывіст, стваральнік ініцыятывы byaction.org Яўген Ждановіч.

Нядаўна новы амэрыканскі ўрад паабяцаў весьці барацьбу зь мігрантамі, назваўшы іх усіх нелегаламі. І цяпер нелегальныя мігранты — усе, у каго няма статусу, у тым ліку і людзі, якія падалі заяву на атрыманьне палітычнага прытулку і чакаюць разгляду сваіх справаў у судах.

Яўген Ждановіч на пікеце ў ЗША
Яўген Ждановіч на пікеце ў ЗША

«Пад барацьбу зь нелегальнымі мігрантамі ў ЗША трапілі і беларусы. Гэта не атака на беларусаў, а ўстаноўка: давайце выганім усіх. І беларусы нічым не вызначаюцца — яны такія ж, як нелегалы з Лацінскай Амэрыкі. А гэта небясьпечна — бо калі беларусаў дэпартуюць з Амэрыкі, яны папоўняць сьпісы палітзьняволеных.

Я ведаю прынамсі пра 10 беларусаў, якія знаходзяцца ў міграцыйных лягерах, але гэта толькі вяршыня айсбэргу. Спрабую шукаць беларусаў і праз расейскіх актывістаў, якія працуюць з гэтымі лягерамі — выбудоўваем такую сетку. Знайшлі яшчэ аднаго беларуса, які сядзеў у турме разам з Артурам Сянько. Менавіта для дапамогі беларусам мы стварылі такую ініцыятыву», — апавядае Яўген Ждановіч.

«Мы прадбачылі, што беларусаў пачнуць затрымліваць»

Яўген пачынаў працу над сайтам для дапамогі беларусам, што просяць прытулку ў ЗША, менавіта з Артурам Сянько, які мае адукацыю распрацоўніка праграмнага забесьпячэньня.

«Мы прадбачылі, што беларусаў пачнуць затрымліваць. Але, іронія лёсу, першым кліентам, якога мне давялося выцягваць зь лягера, аказаўся той самы Артур.

Калі Артура затрымалі, я адразу ўключыўся — два месяцы працаваў толькі над ягоным вызваленьнем. Дапамог Сяргей Ціханоўскі, які апынуўся тады ў ЗША і меў шмат сустрэч з уплывовымі ўрадоўцамі, службоўцамі, казаў на ўсіх узроўнях аб праблеме. Таксама дапамагалі Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт, Каардынацыйная рада, мэдыя. Накінуліся гурмой і змаглі выцягнуць з турмы Артура Сянько і Анатоля Бокуна», — кажа Яўген.

Сьвятлана і Сяргей Ціханоўскія падчас сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Нью-Ёрку. Зьлева — Яўген Ждановіч з папкай з імем Артура Сянько.
Сьвятлана і Сяргей Ціханоўскія падчас сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Нью-Ёрку. Зьлева — Яўген Ждановіч з папкай з імем Артура Сянько.

У ідэале Ждановіч хоча сабраць каманду юрыстаў, адвакатаў, якія б прафэсійна займаліся справамі беларусаў, што трапілі ў міграцыйныя лягеры. Але пакуль галоўная задача — высьветліць, колькі ж беларусаў там заходзяцца.

Яўген расказаў, як «мэтадам перабору» адшукаў беларуса, сям’я якога чакае рашэньня аб прытулку больш за 3 гады. Мужчыну затрымалі разам з 19-гадовай дачкой, а маці засталася на волі і не магла знайсьці сваіх родных. Тры розныя базы зьвестак паказвалі розныя месцы ўтрыманьня.

«У Анатоля Бокуна было 3 суды, нават яму давялося пазмагацца»

Пра затрыманьне аднаго зь лідэраў страйкаму «Беларуськалію» Анатоля Бокуна Яўген Ждановіч даведаўся літаральна за пару дзён да першага суду, і на гэты суд трапіў. Выявілася, што ў Анатоля быў адвакат, была падтрымка Офісу Сьвятланы Ціханоўскай, але першы суд нічога ня вырашыў.

«Анатоль — адзін з рэальных лідэраў страйкаму, пра яго можна было штосьці даказаць, ягоная гісторыя вядомая. Яшчэ год таму ў яго не было б праблемаў. Ну, а цяпер… У Анатоля Бокуна было 3 суды, нават яму давялося пазмагацца. Так што сытуацыя пагаршаецца. Многім беларусам будзе вельмі цяжка», — мяркуе Яўген Ждановіч.

Імя Анатоля Бокуна на сайце міграцыйнай і мытнай паліцыі ЗША
Імя Анатоля Бокуна на сайце міграцыйнай і мытнай паліцыі ЗША

Ён тлумачыць, што калі беларусу ў судзе адмовілі ў прытулку і ён аспрэчвае гэта рашэньне, яго справу накіроўваюць да таго ж судзьдзі. І зноў запускаецца той самы працэс. То бок год адседзець вельмі лёгка. А калі зноў адмовілі — судзьдзя наказвае дэпартацыю ў родную краіну, і гэты загад будуць выконваць. На яго думку, беларусаў чакае няпростая барацьба.

«Я бачыў справу Артура Сянько. Было ж нібыта пацяпленьне адносінаў Беларусі і ЗША. Да дакумэнтаў Артура пракуратура далучыла артыкулы праўладнага беларускага палітоляга Яўгена Прэйгермана, які публікуецца на замежных мовах у нейкіх „сьметніцах“ — маўляў, „у Трампа добрыя адносіны з Лукашэнкам“, і гэта выкарыстоўваецца ўжо», — апавядае заснавальнік ініцыятывы byaction.org.

Да таго ж у многіх беларусаў, у тым ліку ў ЗША, узьнікаюць праблемы з пашпартамі, тэрмін дзеяньня якіх сканчаецца. І зьехаць у іншую краіну праблематычна.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG