Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рытмалёгія і званок у Беларусь. Чаму намесьнік міністра культуры Літвы не прарабіў і тыдня


Аляксандрас Брокас, архіўнае фота
Аляксандрас Брокас, архіўнае фота

Новапрызначаны намесьнік міністра культуры Літвы Аляксандрас Брокас падаў у адстаўку менш як праз тыдзень пасьля прызначэньня пасьля таго, як у сацсетках усплыло відэа ягонага званка ў Беларусь паўтарагадовай даўніны нібыта да прадстаўніцы адміністрацыі Лукашэнкі.

Мяркуючы з запісу размовы, падчас сазвону бакі дамаўляліся пра інтэрвію з Лукашэнкам. Хоць ягонае прозьвішча ні разу не прагучала.

Прыгадалі Брокасу і паездкі ў Расею пасьля 2014 году.

Але асноўны акцэнт у хвалі абурэньня літоўскай грамадзкасьці выпаў на ягоную прыхільнасьць да створанага ў Расеі эзатырчнага вучэньня пад назвай рытмалёгія. Гэтае вучэньне абяцае навучыць кіраваньню часам і ў розных навуковых ацэнках адносіцца то да псэўданавукі, то да дэструктыўнай сэкты.

У сваім паведамленьні пра адстаўку ў Фэйсбуку Брокас напісаў, што прыняў рашэньне з пачуцьця адказнасьці.

«Апошнімі днямі ў публічнай прасторы паўстала шмат дыскусій, інтэрпрэтацый і спэкуляцый наконт маёй асобы.

Мэтай некаторых зь іх была ня праўда, а рэпутацыйны напад, накіраваны ня толькі супраць мяне, але і супраць самой ідэі культуры — свабоднай, адкрытай, творчай», — напісаў экс-віцэ-міністар.

Пазьней ён патлумачыў і гісторыю з тэлефанаваньнем.

Паводле Брокаса, ён званіў у Беларусь на просьбу Юстынаса Томкуса — сына Вітаса Томкуса, галоўнага рэдактара літоўскага выданьня «Respublika».

«У мінулым нас зьвязвалі розныя творчыя, рэклямныя і забаўляльныя праекты. Яны заказвалі паслугі, а мы іх прафэсійна рэалізоўвалі. І гэты раз ня быў выключэньнем», — напісаў Аляксандрас Брокас.

Цяпер тую размову Брокас лічыць памылкай, а тое, што званок быў запісаны на відэа, — палітычнай правакацыяй.

«Пазьней у публічнай прасторы я бачыў, што падобныя правакацыі зьведалі і іншыя вядомыя людзі — калі нібыта дзелавыя або творчыя сустрэчы ператвараліся ў маніпуляцыю або пагрозу іхнай рэпутацыі», — адзначыў Брокас.

«Гэтае здарэньне было непрыемным урокам, які яшчэ раз нагадаў, што ў публічнай прасторы трэба быць асьцярожным нават з тымі, каго, як ты думаеш, ведаеш шмат гадоў», — падсумаваў ён.

Міністэрства культуры Літвы скаланае скандал ужо другі раз за восень. У кастрычніку пасьля пратэстаў грамадзкасьці пайшоў у адстаўку, не прапрацаваўшы і пары тыдняў, міністар культуры Ігнотас Адамавічус. Апошняй кропляй стала ягонае нежаданьне адказаць на пытаньне, чый Крым.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG