Чаму ўкраінскаму пісьменьніку Сяргею Жадану забаранілі ўезд у Беларусь, а потым скасавалі забарону.
Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст
Дракахруст: Літаральна на працягу некалькіх гадзінаў 11 лютага вядомы ўкраінскі пісьменьнік Сяргей Жадан атрымаў спачатку патрабаваньне пакінуць Беларусь і штамп у пашпарт аб забароне на ўезд у РБ на нявызначаны час, а затым, бліжэй да вечара, патрабаваньне і забарона былі ануляваныя.
На мой погляд, хуткасьць гэтай зьмены ёсьць вынікам вострай барацьбы паміж рознымі плынямі, «вежамі» у беларускай уладзе. Пра тое сьведчаць і пэўныя асаблівасьці аднаго і другога рашэньняў.
Жадан ня быў затрыманы на мяжы, хаця пасьля затрыманьня ўжо ў менскім гатэлі яму паведамілі міліцыянты, што яго прозьвішча ўключанае Расеяй у сумесны памежны стоп-ліст беларуска-расейскага саюзу.
Калі Жадан патрапіў у гэты сьпіс? Ці раней, а беларускія памежнікі проста не спрацавалі належным чынам, ці раптоўна, нават пасьля яго прыезду, з мэтай паставіць беларускую дзяржаву ў няёмкую сытуацыю? Адказу на гэтае пытаньне няма.
Вырашальнае значэньне мелі ацэнкі беларускіх нацыянальных, дзяржаўных інтарэсаў рознымі групамі беларускай уладнай эліты.
Зь іншага боку, стала вядома, што рашэньне аб ануляваньні забароны для пісьменьніка адбылося пасьля тэлефоннай гутаркі міністраў замежных справаў Беларусі і Ўкраіны Ўладзімера Макея і Паўла Клімкіна. Абыходжаньне з Жаданам у Беларусі выклікала ва ўкраінскіх уладных колах выбух абурэньня. Але тэлефонная гутарка міністраў сьведчыць пра тое, што гэтыя пачуцьці былі пачутыя ў Менску, прынамсі, прынятыя пад увагу.
Аднак я не лічу, што вырашальнай тут была ўкраінская афіцыйная рэакцыя альбо рэакцыя беларускай грамадзкасьці — даволі гучная ў сацыяльных сетках. Гэта мела значэньне, але не вырашальнае.
Вырашальнае значэньне мелі ацэнкі беларускіх нацыянальных, дзяржаўных інтарэсаў рознымі групамі беларускай уладнай эліты.
На мой погляд, у забароне на ўезд для ўкраінскага пісьменьніка не было ніякага аўтаматызму — чалавек ёсьць у сьпісе, яго не пускаюць, прыкра, але закон ёсьць закон. Выглядае, што гэта было рашэньне ad hoc, прынятае адмыслова па гэтым выпадку, гэта было ходам у кантэксьце вельмі вострага і шматплянавага канфлікту паміж Менскам і Масквой.
Гэтак і скасаваньне забароны было не юрыдычным, а палітычным крокам. Дарэчы, і пасьля ануляваньня забароны для Жадана ніхто не сказаў, што ён быў унесены ў стоп-ліст памылкова, ці што ён трапіў туды памылкова, ці што ягонае імя было выкрэсьленае са сьпісу. Мы даведаліся пра перамовы кіраўнікоў МЗС Беларусі і Ўкраіны па гэтай справе, мы нічога ня чулі пра перамовы на гэты конт якіх бы то ні было беларускіх і расейскіх чыноўнікаў.
Невыкананьне Беларусьсю адных дамоўленасьцяў — напамін Расеі, што яна не выконвае іншыя.
Гледзячы па ўсім, у расейскай частцы стоп-ліста Жадан застаўся. А Беларусь у рэшце рэшт палічыла, што выкананьне гэтага «стопу» не зьяўляецца няўхільным абавязкам.
І дэманстрацыя гэтага была, так выглядае, зробленая таксама ў кантэксьце вострых беларуска-расейскіх супярэчнасьцяў.
Варта прагадаць, што Аляксандр Лукашэнка падчас нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі назваў стварэньне Расеяй памежных зонаў «крыжам на ўсіх дамоўленасьцях». Супольны стоп-ліст — гэта закон? Але і дамоўленасьці пра мяжу — таксама закон, прынамсі, на думку Менску. Невыкананьне Беларусьсю адных дамоўленасьцяў — напамін Расеі, што яна не выконвае іншыя.
Цыганкоў: А вось калі затрымлівалі Жадана, а потым выпускалі — гэта ўсё, умоўна кажучы, рабіла адна рука, то бок загадзя было сплянавана, ці затрымлівалі прыхільнікі Расеі, напрыклад, у беларускім кіраўніцтве, а вызвалялі прыхільнікі Макея?
Дракахруст: Менавіта так, я ж сказаў, што гэта барацьба розных «вежаў». Бо калі б хада сытуацыі была б іншая, калі б ён прыляцеў у аэрапорт, яму б сказалі: вам забаронены ўезд, ён бы паціснуў плячыма і паехаў дадому — калі б гэта ўсё было аўтаматычна. Але яно было не аўтаматычна.
Так, гэта магла быць накладка. Але я мяркую, што не. Ня ў тым справа, што беларускія памежнікі не спрацавалі. І дарэчы, расповед самога Жадана сьведчыць, што сытуацыя была далёкая ад аўтаматызму, бо нават калі яго затрымалі, калі ён ноч правёў у пастарунку, яму ў адным РАУС на раніцу гавораць: а чаму вас затрымалі, у нас вас у дакумэнтах няма, мы ў КДБ патэлефануем. Патэлефанавалі і — сказалі: мы вас у іншае аддзяленьне перавядзем. Перавялі туды, і толькі там нарэшце знайшлі Жадана ў тым стоп-лісьце. Гэта сьведчыць пра што заўгодна, толькі не пра аўтаматызм.
Карбалевіч: Сапраўды, гэта дэтэктыўная і загадкавая гісторыя. У міліцыі спадару Жадану патлумачылі, што ён знаходзіцца ў сумесным беларуска-расійскім стоп-лісьце з падачы РФ, падазраецца ў тэрарызьме. На сваёй нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка расказаў, што існуе «чорны сьпіс» замежнікаў, якім забаронены ўезд у Расею і Беларусь. У ім каля 1,5 млн прозьвішчаў, асноўную частку гэтага сьпісу сфармавала РФ, Беларусь жа ўнесла туды толькі каля 100 тыс. непажаданых асобаў.
Аднак у гэтай гісторыі высьвятляюцца дзіўныя дэталі. Украінскі пісьменьнік, па інфармацыі міліцыі, знаходзіцца ў гэтым сьпісе з 2015 году. Тым ня менш, у тым годзе ён двойчы бесперашкодна наведваў Менск. І гэтым разам ён свабодна перасек мяжу, і ніхто яго не спыніў. Узьнікае натуральнае пытаньне: калі ён знаходзіцца ў стоп-лісьце, то як яго прапусьцілі памежнікі? У іх базе дадзеных ёсьць усе прозьвішчы грамадзянаў, уезд якім у Беларусь забаронены.
Дарэчы, падобная гісторыя адбылася 1 лютага з журналістам украінскага тэлеканала «Грамадзкае тэлебачаньне Данбасу» Віталём Сізовым, які прыехаў у Менск на пасяджэньне трохбаковай кантактнай групы АБСЭ, і яго ўжо тут затрымалі і абвясьцілі аб забароне на ўезд у Беларусь.
Што гэта за дзіўны стоп-ліст, якога ня маюць памежнікі? Верагодней за ўсё, у гэтым дакумэнце прозьвішчаў Жадана і Сізова проста няма, таму яны спакойна заехалі ў Беларусь. Тады застаецца адзіная вэрсія, якую вылучае і Юры: іх спрабавалі выслаць з краіны ўжо пасьля ўезду па наводцы расейскіх спэцслужбаў.
Добра было б правесьці журналісцкае расьсьледаваньне, каб высьветліць, хто даў загад ператварыць сусьветна вядомага пісьменьніка ў тэрарыста. А калі ўжо ставіць пытаньне зусім прама і больш жорстка, то хацелася б ведаць, хто з вышэйшых чыноў беларускіх сілавых структур працуе на расейскія спэцслужбы? Думаю, і Лукашэнку гэта павінна быць таксама цікава.
І тут вельмі дарэчы паўстае пытаньне аб сувэрэнітэце Беларусі. Навошта Беларусі адзіны «чорны сьпіс» з Расеяй? РФ сёньня ўступіла ў канфлікт з многімі краінамі сьвету (ЗША, ЭЗ, дзяржавы Блізкага Ўсходу і інш.). Візавая вайна, забарона на ўезд палітыкаў, журналістаў з гэтых краінаў — гэта частка агульнай палітыкі канфрантацыі. І навошта Беларусі ўдзельнічаць у гэтых расейскіх войнах, уступаць з-за Расеі ў канфлікт з краінамі, зь якімі ў Менску сяброўскія адносіны?
Сёньня цалкам відавочна, што агульны стоп-ліст з РФ супярэчыць задачам зьнешняй палітыкі Беларусі. Бо, напрыклад, высылкі ўкраінскіх грамадзянаў па наводцы Расеі выклікаюць рэгулярныя скандалы ў адносінах Менску з Кіевам. Здараліся непрыемныя эпізоды з-за гэтага і ў адносінах зь іншымі краінамі. Таму вось гэта Беларусі абсалютна не патрэбна.
Цыганкоў: Гэтыя некалькі гадзінаў ад затрыманьня Жадана да рэакцыі ў СМІ і сацсетках і да яго вызваленьня былі гадзінамі ганьбы для беларускай улады. Гэта скончылася ў пэўнай ступені станоўчым вынікам, але існаваньне гэтага сьпісу сапраўды паказала абмежаванасьць палітычнага сувэрэнітэту Беларусі ў межах інтэграцыйных структур з Расеяй.
Беларусь аказалася закладніцай авантурнай палітыкі Масквы, яе супрацьстаяньня з суседзямі і ўсім дэмакратычным сьветам.
Ня так даўно на вялікай прэсавай канфэрэнцыі Аляксандар Лукашэнка зацята крытыкаваў кіраўніка аднаго з расейскіх ведамстваў, а потым аказваецца, што беларуская ўлада сьлепа і насуперак сваім нацыянальным інтарэсам выконвае пастановы іншага расейскага ведамства — ФСБ, якое стварае гэтыя чорныя сьпісы. І ствараецца вельмі непрыемная для іміджу ўсёй краіны сытуацыя.
Беларусь аказалася закладніцай авантурнай палітыкі Масквы, яе супрацьстаяньня з суседзямі і ўсім дэмакратычным сьветам. І пакуль існуе гэты стоп-ліст, яна ўсё часьцей будзе закладніцай і будзе трапляць у гэтыя непрыемныя гісторыі. Кожны раз будзе стварацца патэнцыял для скандалу, для пагаршэньня іміджу Беларусі як сувэрэннай і гасьціннай краіны. Тады беларускае кіраўніцтва павінна задумацца пра адмену гэтага расейскага чорнага сьпісу і кіравацца толькі сваім, бо пры чым тут сьпіс іншай краіны? Адна справа — агульная візавая палітыка, іншая — складаньне пэрсанальных сьпісаў, якія ў кожнай дзяржавы павінныя быць свае.