Зяленскі нагадаў, што Расея і Беларусь ёсьць хаўрусьнікамі ў вайне супраць Украіны, піша «Уніан».
«Лукашэнку трэба не забываць. Ён зараз нешта стаў вельмі гаваркім у мэдыя і паказвае, які ён „добры“ да нашага народу. Нам ягоная дабрыня, якая а 4-й раніцы з ракетамі прыйшла, не патрэбная. І калі ён думае, што сваімі словамі трошачкі загаворыць нашу памяць — мы маладыя людзі, усё вельмі добра памятаем. І ён усё адно будзе плаціць за тое, што ён зрабіў», — сказаў Зяленскі.
Прэзыдэнт Украіны нагадаў, што на пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Лукашэнка дазволіў расейцам наступаць з тэрыторыі Беларусі.
«Пачатак поўнамаштабнай вайны прыляцеў па нас з тэрыторыі Беларусі. І ніхто гэта забываць ня будзе», — зазначыў Зяленскі.
6 лістапада падчас адкрыцьця моста цераз Прыпяць Аляксандар Лукашэнка заявіў, што яго пабудавалі для беларусаў і ўкраінцаў, і заклікаў грамадзян Украіны прыяжджаць у Беларусь.
«Мы адкрытыя. Калі ласка, прыяжджайце, украінцы. Мы з задаволеньнем вас прымем. Вашым сем’ям, вашым дзеткам забясьпечым такое жыцьцё, як беларусам у пляне адукацыі, аховы здароўя».
Паводле яго, шмат «перасяленцаў з Украіны» ўжо працуюць, у тым ліку і ў Гомельскай вобласьці.
«Мы гатовыя іх прымаць. Для нас украінцы — гэта добра. Гэта вельмі працавітыя людзі, якія разумеюць нас і размаўляюць з намі на адной мове. Тым ня менш, бяда прыйшла ў дом нашага суседа. Мяркую, што ўстаканімся мы з гэтай праблемай», — заявіў ён.
Форум