Сёньняшні візыт у Беларусь чыноўніка ня самага высокага рангу — генэральнага дырэктара па міжнародным гандлі і інвэстыцыях Міністэрства эканомікі, прамысловасьці і канкурэнтаздольнасьці Гішпаніі Хасэ Люіса Кайсэра Марэйраса — тым ня менш выклікаў павышаную цікавасьць. Прычына — упершыню за чвэрць стагодзьдзя з таго часу, як Беларусь і Гішпанія ўсталявалі дыпляматычныя адносіны (люты 1992 году), запрацавала супольная міжурадавая камісія па эканамічным і прамысловым супрацоўніцтве.
Пасьля завяршэньня першага яе пасяджэньня 18 кастрычніка ў Менску намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка і Хасэ Люіс Кайсэр Марэйрас выступілі з заявамі перад журналістамі. Абодва чыноўнікі былі поўныя аптымізму, бо яны выявілі:
- падабенства падыходаў да эканамічнай супрацы;
- узаемнае жаданьне рэалізаваць высокі патэнцыял;
- галіны эканомікі, у якіх супраца можа даць найбольшую аддачу (мадэрнізацыя прамысловасьці, інфармацыйныя тэхналёгіі, транспарт, лягістыка);
- наяўнасьць вялікіх рынкаў за межамі дзьвюх краін (Эўразійскі эканамічны саюз — для Гішпаніі, Лацінская Амэрыка — для Беларусі).
«Наш прыярытэт — эканоміка»
Карэспандэнт Свабоды распытаў амбасадара Беларусі ў Францыі і Гішпаніі Паўла Латушку пра дэталі візыту.
«Даверчую грамату каралю Хуану Карласу я ўручыў яшчэ ў 2014 годзе. Летась у сьнежні Беларусь адкрыла амбасаду ў Мадрыдзе. Але да гэтага часу амбасадар у Гішпаніі не прызначаны. Такое рашэньне ў кампэтэнцыі кіраўніка дзяржавы. Дарэчы, амбасадар Гішпаніі ў Беларусі таксама працуе па сумяшчальніцтве — з Масквой. Але я спадзяюся, што бліжэйшым часам у Менску зьявяцца гішпанскія дыпляматы», — сказаў Латушка.
Паводле ягоных слоў, Беларусь працуе з Гішпаніяй і ў палітычнай, і ў прававой, і ў культурнай сфэры.
«Аднак наш прыярытэт — эканоміка. Я абсалютна ўпэўнены, што Гішпанія можа стаць мосьцікам, які злучыць Беларусь з паўднёвай часткай Лацінскай Амэрыкі. Там у гішпанцаў вельмі моцныя гістарычныя сувязі. І нам трэба гэтым скарыстацца, — перакананы дыплямат. — Месяц таму ў Парыжы мы арганізавалі беларуска-афрыканска-францускі бізнэс-форум. І пераканаліся, што ў гэтага праекту ёсьць вялікая будучыня. Сёньня ў другой палове дня ў Менску зьбяруцца беларускія і гішпанскія бізнэсоўцы. А ў пэрспэктыве трэба пашыраць іх кола з падключэньнем бізнэсоўцаў з Лацінскай Амэрыкі. Такі саюз дасьць свой плён».
Што зьвязвае Менск і Мадрыд
Сёлета ў чэрвені кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі Ўладзімер Макей наведаў Мадрыд. Менавіта тады бакі падпісалі мэмарандум паміж урадамі Беларусі і Гішпаніі аб эканамічным і прамысловым супрацоўніцтве.
Тады ж адбылася прэзэнтацыя зборніка перакладаў вершаў Максіма Багдановіча «Згукі маёй Бацькаўшчыны». Ён выдадзены ў 2017 годзе з нагоды 100-й гадавіны сьмерці славутага беларускага паэта. Гэта першае выданьне ў Гішпаніі вершаў Максіма Багдановіча на беларускай і гішпанскай мовах. Пераклала іх паэтка Анхэля Эсьпіноса, якая вывучае беларускую філялёгію ў Варшаўскім унівэрсытэце і спэцыялізуецца ў галіне літаратуразнаўства.
Сёлета ў Мадрыдзе адкрыліся курсы беларускай мовы. Іх наведваюць ня толькі прадстаўнікі беларускай дыяспары, але і некалькі карэнных гішпанцаў.
У караля Хуана Карласа ёсьць карціна беларускага мастака Віктара Альшэўскага з выявай Мірскага замку, якую манарху падараваў Павал Латушка пры ўручэньні даверчай граматы.
Першыя палітычныя кансультацыі паміж Гішпаніяй і Беларусьсю адбыліся ў 2014 годзе.
Абʼём гішпанскіх інвэстыцыяў у Беларусь летась перавысіў паўмільярда даляраў.
***
Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.