Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты 17 эўрапейскіх краін падпісалі Рымскую дэклярацыю ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі


Удзельнікі канфэрэнцыі Альянсу парлямэнцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь», Рым, 7 сакавіка 2025 году
Удзельнікі канфэрэнцыі Альянсу парлямэнцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь», Рым, 7 сакавіка 2025 году

6-7 сакавіка ў Рыме прайшла другая канфэрэнцыя Альянсу парлямэнцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь» пад назвай «Правы і аўтарытарызм — кейс Беларусі». Падчас яе абмяркоўвалі, як захаваць Беларусь у міжнародным парадку дня і як супрацьстаяць ролі Лукашэнкі ў вайне Расеі супраць Украіны.

У форуме альянсу парлямэнцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь» прынялі ўдзел прадстаўнікі 17 парлямэнтаў розных краін, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, беларускія экспэрты і праваабаронцы, а таксама прадстаўнікі «народных амбасадаў».

Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская ва ўступнай прамове перад удзельнікамі канфэрэнцыі адзначыла, што яны сабраліся ў важны момант гісторыі, «калі вырашаецца лёс Эўропы і «сам лёс дэмакратыі — перш за ўсё, на полі бою ва Ўкраіне».

«І нам трэба зрабіць усё магчымае, каб умацаваць Украіну і дасягнуць справядлівага міру. Але будучыня Эўропы вырашаецца таксама і ў Беларусі, якую ўзялі ў закладнікі Пуцін і Лукашэнка. Без свабоднай і незалежнай Беларусі будзе пастаянная пагроза вайны — супраць Украіны і Эўропы», — заявіла яна.

Сьвятлана Ціханоўская выступае на канфэрэнцыі
Сьвятлана Ціханоўская выступае на канфэрэнцыі

Ціханоўская падкрэсьліла, што нельга дапусьціць, каб Беларусь стала «суцяшальным прызам для Пуціна». Яна папрасіла прысутных разглядаць падтрымку дэмакратычнай Беларусі як «інвэстыцыі ў мір і бясьпеку».

«Калі мы гаворым пра гарантыі бясьпекі для Ўкраіны, свабодная Беларусь — бяз Пуціна і Лукашэнкі — можа быць адной зь іх», — адзначыла Ціханоўская.

Падчас 4 панэляў форуму яго ўдзельнікі абмеркавалі наступныя тэмы:

  1. Роля нацыянальных парлямэнтаў у падтрымцы дэмакратыі ў «лічбавую эпоху»: як міжнародная супольнасьць можа падтрымаць доступ беларусаў да незалежнай інфармацыі, якія лічбавыя інструмэнты можна выкарыстоўваць для падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі, як абараніць грамадзян у аўтарытарных краінах ад масавага сачэньня і інтэрнэт-прапаганды і інш.
  2. Падтрымка і абарона правоў чалавека ў Беларусі: як парлямэнты могуць садзейнічаць абароне правоў беларусаў, вызваленьню беларускіх палітвязьняў; пра міжнародныя мэханізмы расьсьледаваньня злачынстваў, учыненых рэжымам Лукашэнкі і прыцягненьня да адказнасьці за іх; як краіны ЭЗ могуць спрасьціць працэдуры легалізацыі беларусаў у выгнаньні і інш.
  3. Культурная ідэнтычнасьць і грамадзянская супольнасьць: як беларуская культура і мова могуць спрыяць дэмакратычным пераменам у Беларусі; як парлямэнты могуць падтрымаць беларускія незалежныя СМІ і адукацыйныя ініцыятывы; якія праекты можна рэалізаваць для ўмацаваньня беларускай ідэнтычнасьці ў часы рэпрэсій і інш.
  4. Прававыя і адміністрацыйныя праблемы: праблемы, зь якімі сутыкаюцца беларусы за мяжой агулам і ў канкрэтных краінах; спрашчэньне прызнаньня беларускіх дакумэнтаў у ЭЗ і іншых краінах; крокі па падтрымцы інтэграцыі Беларусі ў Эўропу; як парлямэнты могуць падтрымаць ініцыятыву «пашпарта новай Беларусі»; пра пашырэньне санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі, якія разам з тым ня ўдараць па звычайных беларусах.

Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка, расказваючы Свабодзе аб практычных выніках гэтай сустрэчы, па-першае, адзначыў рашэньне італьянскага парлямэнту зрабіць адмысловы запыт пра павелічэньне колькасьці візаў для беларусаў і нагадаў, што італьянская амбасада — «сярод краінаў, якія выдаюць найбольшую колькасьць візаў беларусам».

Другім важным вынікам канфэрэнцыі ён назваў так званую Рымскую дэклярацыю, якую падпісалі 30 парлямэнтароў з розных краін.

«Гэта супольны мэмарандум, у якім гаворыцца пра вызваленьне палітвязьняў, пра ціск на Лукашэнку, пра непрызнаньне лукашэнкаўскага рэжыму, пра падтрымку беларускіх незалежных мэдыя і дэмакратычнай супольнасьці. Важна, што гэта зафіксавана на паперы, і гэты дакумэнт потым усе парлямэнтары прынясуць у свае нацыянальныя парлямэнты ці Эўрапейскі парлямэнт», — кажа Франак Вячорка.

Таксама Вячорка адзначыў важнасьць дыскусіі пра мірныя перамовы аб Украіне падчас сустрэчы: «Нам вельмі важна было атрымаць згоду і агульнае разуменьне таго, што Беларусь не павінна стаць суцяшальным прызам для Пуціна», — сказаў ён.

Італьянскі сэнатар Філіпа Сэнсі, кіраўнік групы «За дэмакратычную Беларусь», у камэнтары Свабодзе адзначыў, што група прыхільнікаў свабоднай і дэмакратычнай Беларусі ў італьянскім парлямэнце «самая шматлікая сярод аналягічных групаў у сьвеце» (у ёй больш за 60 дэпутатаў), што робіць Італію «ідэальным кандыдатам для правядзеньня гэтай сустрэчы» — менавіта таму месцам яе правядзеньня выбралі Рым.

Італьянскі сэнатар Філіпа Сэнсі
Італьянскі сэнатар Філіпа Сэнсі

Як расказаў Філіпа Сэнсі, на канфэрэнцыі прысутнічалі італьянскія парлямэнтары, якія прадстаўляюць як парлямэнцкую большасьць, так і апазыцыю:

«Гэта ўзмацняе наша пасланьне аб тым, што мы ўсе аб’яднаныя ў падтрымцы каштоўнасьцяў свабоды і дэмакратыі для Беларусі».

Паводле італьянскага сэнатара, у парлямэнце ягонай краіны гучыць тэма Беларусі: у прыклад ён прывёў нядаўна прэзэнтаваны двупартыйны законапраект (legge bipartisan — законапраект, які прапанавала і падтрымлівае як парлямэнцкая большасьць, так і апазыцыя), які датычыцца пытаньня павелічэньня колькасьці візаў для беларусаў. Ён адзначыў, што сябры ягонай парлямэнцкай групы спрабуюць ня толькі гаварыць пра іншыя праблемы, зь якімі сутыкаюцца беларусы ў Італіі, але і зрабіць нешта для іх вырашэньня. Таксама яны наведваюць акцыі пратэсту, якія ладзіць беларуская дыяспара ў Італіі.

Філіпа Сэнсі падкрэсьліў важнасьць таго, каб парлямэнтары трымалі ў парадку дня тэму беларускіх палітвязьняў, былі іх «голасам» — расказваючы пра іх у сацыяльных сетках, з дапамогай палітычных ініцыятываў, размаўляючы з урадамі сваіх краін.

«Ня толькі, каб пра іх не забылі, але і таму, што праблема беларускіх палітвязьняў — гэта праблема Эўропы, гэта пытаньне якое датычыцца свабоды і дэмакратыі ў такі складаны момант і для Эўропы таксама. Калі Эўропа хоча зрабіць крок наперад у абароне сваіх каштоўнасьцяў, яна павінна гаварыць пра Беларусь і пра беларускіх палітвязьняў», — адзначыў ён.

Парлямэнтар зь Нямеччыны Кнут Абрагам расказаў Свабодзе пра фармаваньне новай парлямэнцкай групы «За дэмакратычную Беларусь» у Бундэстагу пасьля абраньня новага парлямэнту, каб працягваць працаваць з дэмакратычнымі сіламі Беларусі і ўтрымліваць беларускае пытаньне на парадку дня.

«Бо цяпер уся ўвага сканцэнтраваная на Трампе і Пуціне і вайне ва Ўкраіне. Але мы павінны трымаць Беларусь у шэрагу важных пытаньняў», — сказаў ён.

Парлямэнтар зь Люксэмбургу Поль Галь назваў галоўным вынікам сустрэчы «ўзмацненьне сеткі парлямэнцкіх групаў «за дэмакратычную Беларусь».

Гаворачы пра канкрэтныя прапановы і рашэньні, Галь нагадаў, што яшчэ ў 2024 годзе Камітэт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па міграцыі, уцекачах і перамешчаных асобах прэзэнтаваў дакумэнт пад назвай «Люксэмбургскія рашэньні» — у ім абагульненыя праблемы, зь якімі сутыкнуліся беларусы ў выгнаньні пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, і выкладзеныя канкрэтныя рашэньні і рэкамэндацыі па падтрымцы беларусаў у выгнаньні для нацыянальных парлямэнтаў і ўрадаў.

Сярод рэкамэндацыяў — спрашчэньне выдачы візаў і працэдураў атрыманьня міжнароднай абароны для беларусаў, стварэньне сеткі кансультацыйных цэнтраў для беларусаў за мяжой, выдача беларусам пашпартоў іншаземцаў і праязных дакумэнтаў, прыпыненьне патрабаваньня апастыляў і іншых даведак, неабходных для легалізацыі і інш. Таксама ў дакумэнце прапануюцца меры падтрымкі палітвязьняў і іх сваякоў у Беларусі; доступ да адукацыі для беларусаў за мяжой, праграмы падтрымкі беларускай мовы і культуры, прасоўваньне беларускага бізнэсу за мяжой і садзейнічаньне яго інтэграцыі на мясцовыя рынкі, дапамога беларускім юрыстам і журналістам у выгнаньні, захаваньне і прасоўваньне беларускай культурнай ідэнтычнасьці.

Парлямэнтар зь Люксэмбургу Поль Галь
Парлямэнтар зь Люксэмбургу Поль Галь

Джуліё Тэрцы, старшыня Пастаяннай камісіі Сэнату ў справах Эўразьвязу, на завяршэньне сустрэчы падзякаваў Сьвятлане Ціханоўскай за наведваньне шэрагу гарадоў Італіі, падчас якіх яны разам сустрэліся з многімі людзьмі, прадстаўнікамі шматлікіх арганізацый і асацыяцый, а таксама журналістамі ў Міляне, Балоньні, Флярэнцыі і Рыме. Ён выказаў асабістую ўдзячнасьць Ціханоўскай за працу, якую яна робіць, «паказваючы італьянцам, што ёсьць іншая Беларусь, што Беларусь — гэта не рэжым, гэта і людзі, якія жадаюць свабоды». «І я думаю, вы адчулі, што італьянцы з вамі», — сказаў ён.

Па выніках канфэрэнцыі дэпутаты дамовіліся працаваць разам у парлямэнцкіх асамблеях і міжнародных арганізацыях і фармалізаваць адносіны паміж дэмакратычнымі сіламі і нацыянальнымі парлямэнтамі.

«Італія прадэманстравала сапраўднае лідэрства, падтрымліваючы тых, хто змагаецца за дэмакратыю, справядлівасьць і мір. Пасланьне з Рыма зразумелае: Беларусь належыць Эўропе. І мы ня спынімся, і мы ня будзем маўчаць — пакуль Беларусь ня стане свабоднай» — сказала Сьвятлана Ціханоўская пасьля завяршэньня канфэрэнцыі ў Рыме.

Пра што гаворка ў Рымскай дэклярацыі

У Рымскай дэклярацыі сваёй агульнай мэтай парлямэнтары заяўляюць «аднаўленьне дэмакратыі ў Беларусі праз свабодныя і справядлівыя выбары і спрыяньне інтэграцыі Беларусі ў эўрапейскія структуры».

У ёй парлямэнтары падкрэсьліваюць, што Лукашэнка і ягоны «парлямэнт» зьяўляюцца нелегітымнымі, а іх рашэньні ня маюць юрыдычнай сілы, а таксама заклікаюць усе нацыянальныя парлямэнты і міжнародныя парлямэнцкія арганізацыі падтрымліваць Сьвятлану Ціханоўскую як прадстаўніцу беларускага народа рознымі спосабамі, разьвіваць супрацоўніцтва з Аб’яднаным пераходным кабінэтам міністраў, Каардынацыйнай радай, беларускімі дэмакратычнымі партыямі, няўрадавымі арганізацыямі і незалежнымі СМІ.

Сярод прыярытэтных задач, названых у Рымскай дэклярацыі, якую падпісалі 30 парлямэнтароў з 17 краінаў:

  • спыненьне рэпрэсіяў і вызваленьне ўсіх палітвязьняў у Беларусі;
  • садзейнічаньне інтэграцыі беларусаў, якія вымушаныя пакінуць краіну з прычыны рэпрэсій, на аснове рэкамэндацый, выкладзеных у Люксэмбургскіх рашэньнях;
  • правядзеньне свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі ў адпаведнасьці са стандартамі АБСЭ;
  • шуканьне магчымасьцяў тэхнічнай дапамогі для падтрымкі працы беларускіх СМІ і арганізацый грамадзянскай супольнасьці;
  • падтрымка беларускіх антываенных ініцыятываў на фоне працягу вайны Расеі супраць Украіны,
  • прыцягненьне прадстаўнікоў беларускага рэжыму да адказнасьці за злачынствы супраць чалавечнасьці і ўдзел у агрэсіі супраць Украіны.

Гэта была другая сустрэча Альянсу парлямэнцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь». Першая адбылася ў Бэрліне ў 2023 годзе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG