На прэзэнтацыі былі міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей і амбасадар у Францыі і Гішпаніі Павал Латушка, а таксама прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Гішпаніі.
Прэзэнтацыя адбылася ў рамках першага афіцыйнага візыту кіраўніка МЗС Беларусі ў Гішпанію. Неўзабаве пасьля прэзэнтацыі беларускамоўная гішпанка Анхэля Эсьпіноса падзялілася са Свабодай сваімі ўражаньнямі і плянамі новых перакладаў беларускіх аўтараў на гішпанскую.
— Анхэля, у сеціве шырока разышлася фатаграфія, на якой вы побач зь міністрам замежных справаў Уладзімерам Макеем і амбасадарам Паўлам Латушкам. Што і на якой мове вам казалі беларускія дыпляматы?
— Выключна па-беларуску мы размаўлялі. Але яны былі зь перакладнікамі, бо гішпанскай ня ведалі, а часта імпрэзы прайшла па-гішпанску. Яны вельмі высока ацанілі мой пераклад і гэтую працу. Імпрэзу арганізавала выдавецтва «Ediciones irreverentes». Ім кіруюць муж і жонка. Жонка — беларуска Вера Кухарава, а муж — гішпанец Міґель Анхэль дэ Рус. Далучылася і беларуская амбасада, якая адчынілася толькі ў сьнежні. Бачна, што амбасада накіраваная на культурніцкую дзейнасьць. Фактычна паўгода працуе, а ўжо трэцяе такога кшталту культурніцкае мерапрыемства наладзіла. Фінансаваньне выданьне таксама было супольнае — выдавецтва і амбасады.
— Чым вам блізкая творчасьць Максіма Багдановіча?
— Калі выдавецтва запытала мяне, да якой гадавіны ці асаблівай даты варта было бы выдаць нешта зь беларускай літаратуры, я падумала пра 100 гадоў зь дня сьмерці Максіма Багдановіча. Да таго ж ён заўсёды мне быў вельмі блізкі як паэт. У мяне ўжо былі перакладзеныя некалькі ягоных вершаў, і я падумала, што гэта добрая нагоды выдаць зборнік вершаў Максіма Багдановіча, аднаго з самых вартых паэтаў беларускай літаратуры.
— А якія беларускія аўтары ўжо перакладзеныя на гішпанскую?
— Перакладаў вельмі мала. Ёсьць адна кніга па-гішпанску Рыгора Барадуліна. Гэта пераклад Карласа Шэрмана. Вельмі мала і вельмі асобныя творы.
— Каго будзеце перакладаць пасьля Багдановіча?
— Ёсьць такі варыянт, але не канчатковы яшчэ. Магчыма буду перакладаць «Шляхціч Завальня» або «Беларусь у фантастычных апавяданьнях» Яна Баршчэўскага.
— Нядаўна сотні людзей павіншавалі вас у фэйсбуку з атрыманьне ступені магістра беларускай філялёгіі ў Варшаўскім унівэрсытэце. Раскажыце пра сваю магістэрскую працу, якую тэму вы абралі і чаму?
Я не спынюся, буду яшчэ перакладаць. Пераклад Багдановіча — гэта толькі пачатак.
— Тэма гучыць так: «Мастацкі сьвет паэзіі Міхася Стральцова». Мне вельмі блізкі Міхась Стральцоў, ягоны псыхалягізм. Я заўважыла, што хаця пра прозу шмат напісана і апублікавана, і хаця паэзія таксама цяпер модная ў літаратуразнаўстве, усё ж не хапала грунтоўнага, цэласнага аналізу ягонай паэзіі. Я зрабіла сыстэматычны аналіз, выявіла некалькі матываў... Аналізавала, як Міхась Стральцоў трактуе як унівэрсальныя праблемы, так і праблемы ўласьцівыя яму або беларускай літаратуры ўвогуле. Каханьне і самота, жыцьцё і сьмерць — вельмі ўнівэрсальныя. І яшчэ вёска і горад — улюблёная тэма Міхася Стральцова, прысутная і ў прозе, і ў паэзіі, і вельмі цікава трактаваная менавіта ў лірычных творах.
— Вы скончылі навучаньне ў магістратуры. Што далей? Ведаю, што ў вас беларуская — адна з адзінаццаці моваў. Якія гэта мовы?
— Гішпанская, ангельская, француская, польская, беларуская, украінская, руская, трохі баўгарская і італьянская, цяпер вывучаю японскую мову, і яшчэ некалькі мёртвых моваў я ведаю.
— Якую мову вучыце цяпер, і ці ня зьменшыцца ваша беларуская актыўнасьць у сувязі з гэтым?
— Японская мова — гэта хобі. Я хачу паступіць у асьпірантуру беларускай філялёгіі. Я не спынюся, буду яшчэ перакладаць. Пераклад Багдановіча — гэта толькі пачатак. Гэта будзе цэлая калекцыя, якая будзе называцца «Спадчына». І томік Багдановіча — гэта толькі першы крок. І надалей буду працаваць з выдавецтвам «Ediciones irreverentes». Калі паступлю пасьпяхова ў асьпірантуру і буду займацца беларускім літаратуразнаўствам, то гэта толькі пачатак.
— Ваш хлопец — беларус. Было б цікава даведацца пра вашыя назіраньні адносна беларусаў. Напрыклад, чым беларускія мужчыны не падобныя на гішпанскіх?
— Я ня веру ў гэтыя стэрэатыпы. Я не магу сказаць, што беларускі мужчына — такі, такі і такі. Я тут не Хадановіч... Гэта вызначаецца на індывідуальным узроўні. Канечне, ёсьць культурныя моманты, нормы пратаколу... Чалавечая душа — вельмі складаная тэма...
— А якія пратаколы не супадаюць?
— Напрыклад, усьміхацца незнаёмым людзям. Ня толькі ў Беларусі, а ў большасьці славянскіх краінаў людзі публічна не ўсьміхаюцца, толькі сябрам і членам сямʼі. У Гішпаніі звычайна, калі сустракаюцца незнаёмыя людзі, яны глядзяць адзін на аднаго і звычайна ўсьміхаюцца. Гішпанцы і італьянцы маюць іншую жэстыкуляцыю, нашмат больш экспрэсіўную, чым паўночныя народы, але на духоўным узроўні ня думаю, што ёсьць моцнае адрозьненьне.
— Гадоў 10 таму паводле аднаго з рэйтынгаў Гішпанія ўзначаліла сьпіс доўгажыхароў у сьвеце. Доўгае жыцьцё людзей у Гішпаніі тлумачылася міжземнаморскай кухняй і традыцыяй сіесты — дзённага сну. Ці атрымліваецца ў вас у замежжы харчавацца і адпачываць па-гішпанску?
Гішпанцы і італьянцы маюць іншую жэстыкуляцыю, нашмат больш экспрэсіўную, чым паўночныя народы
— Я ніколі ўдзень не спала. Не атрымліваецца прытрымлівацца традыцыі паўзы ў працы. Цяпер 14 гадзінаў, калі мы з вамі размаўляем, і ў нас 42 градусы. Хто будзе працаваць? Ад 3 да 5 гадзіны людзі прыпыняюць працу, потым працуюць увечары, бо невыноснае надворʼе. Наконт харчаваньня... Ніколі не было праблемаў, бо вельмі люблю есьці. Люблю каштаваць новыя справы, смакі і для мяне не праблема харчавацца, магу ўсё ёсьць. Часам бракуе некаторых прадуктаў, часам сумую па тым, што бабуля гатавала. Гэта вечная ўнівэрсальная праблема студэнтаў за мяжой.
— Якую кнігу вы цяпер чытаеце, а якую перакладаеце?
я цяпер працую зь тэкстамі Яна Баршчэўскага
— Я чытаю «Марціна Ідэна» Джэка Лондана, таму што мой хлопец вельмі рэкамэндаваў і не супакоіўся, пакуль я не набыла гэтую кнігу. Што да перакладу, то я цяпер працую зь тэкстамі Яна Баршчэўскага. Праўдападобна, што мая доктарская праца будзе зь ім зьвязаная, і гэта будзе мой наступны пераклад.