Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сумніўны праект


На паседжаньні Рады бясьпекі Лукашэнка запатрабаваў паскорыць працэс будаўніцтва атамнай электрастанцыі (АЭС). Фактычна палітычнае рашэньне па гэтым пытаньні прынятае, праект пераходзіць у практычную плашчыню. Як звычайна, стратэгічная задача, якая мае вялізарнае значэньне ня толькі для цяперашняга, але і для наступных пакаленьняў, пачынае рэалізоўвацца без абмеркаваньня, без агульнанацыянальнай дыскусіі.


Лёсавызначальнае рашэньне прынята кулюарна пад узьдзеяньнем атамнага лобі. Нездарма кажуць, што вайна — занадта сур’ёзная справа, каб давяраць яе вайскоўцам. Так і тут, АЭС вельмі сур’ёзная справа, каб давяраць яе адмыслоўцам у галіне атамнай энэргетыкі.

Нават калі вынесем за дужкі такія пытаньні, як падтрымка гэтай ідэі грамадзкай думкай, “постчарнобыльскі сындром”, радыяцыйны фон, то ўсё роўна ўзьнікае шэраг пярэчаньняў гэтаму праекту.

1. Галоўнае пытаньне, без адказу на якое няма сэнсу будаваць АЭС: колькі Беларусі спатрэбіцца электраэнэргіі праз 10 або праз 20 гадоў? Сёньня мы маем вельмі энэргаёмістую эканоміку. Сыстэма, у якой дамінуюць дзяржаўныя прадпрыемствы, калгасы, зь вялікай колькасьцю нерэнтабэльных суб’ектаў гаспадараньня, танных камунальных тарыфаў, — такая сыстэма вядзе да таго, што спажываньне энэргіі на душу насельніцтва, на адзінку вытворчасьці валавога ўнутранага прадукту ў Беларусі ў 3—5 разоў вышэйшае, чым у разьвітых краінах. Ва ўмовах непазьбежнага росту цэнаў на нафту і газ такая сыстэма доўга захоўвацца ня зможа. У выніку вымушанага рэфармаваньня давядзецца ліквідаваць энэргаёмістыя, неэфэктыўныя вытворчасьці, спыніць будаўніцтва аграгарадкоў. Прыватызаваныя прадпрыемствы, перайшоўшы ў рукі эфэктыўных уласьнікаў, пачнуць мінімізаваць вытворчыя выдаткі. Праз 10—15 гадоў мы будзем мець іншую эканоміку, зь іншым аб’ёмам спажываньня энэргіі. Ня выключана, напрыклад, што краіне спатрэбіцца менш газу, чым сёньня.

Між іншым, даўно даказана, што ўкладаньне грошай у энэргазьберажэньне мае значна большую эфэктыўнасьць, чым інвэстыцыі ў будаўніцтва новых крыніц энэргіі. А ў гэтай сфэры ў краіне непачаты край працы.

2. Неабходнасьць будаўніцтва АЭС тлумачаць скарачэньнем здабычы нафты і газу, хуткім ростам цэнаў на іх. Але, паводле дасьледаваньня МАГАТЭ, да 2010 году ўран у сьвеце стане дэфіцытам. Акрамя таго, сусьветныя цэны на ўран растуць хутчэй, чым на нафту і газ. Таму наўрад ці з дапамогай АЭС Беларусь зможа зэканоміць.

3. Няхай сабе пытаньне пра тое, што рабіць з АЭС, якая адпрацуе свой рэсурс, пакінем дзецям. Але вось пытаньне пра адпрацаванае паліва давядзецца вырашаць цяпер. Тым часам адказныя за АЭС чыноўнікі адмаўляюцца гэта рабіць, усяляк ухіляюцца ад адказу на яго. Між тым кошт перапрацоўкі і захаваньня радыеактыўных адкідаў перавышае кошт ядравага паліва мінімум утрая.

4. Лукашэнка, выступаючы на паседжаньні Рады бясьпекі, тлумачыў неабходнасьць будаўніцтва АЭС тым, што такім чынам мы будзем “супрацьстаяць дыктату манапалістаў”, “мінімізаваць шкоду пры ўзьнікненьні крытычных сытуацый”, мацаваць незалежнасьць, энэргетычную бясьпеку краіны. Вядома, што манапаліст у гэтым сэнсе — Расея. Раней кіраўнік дзяржавы паставіў задачу дамагчыся дывэрсыфікацыі крыніц энэргіі, што прымусіла шукаць нафту ў Вэнэсуэле, Іране, Азербайджане.

Але з заяваў адказных чыноўнікаў высьвятляецца, што амаль прадвырашана купляць расейскі рэактар, бо ён таньнейшы. Да таго ж заходнія кампаніі могуць не прадаць яго Беларусі з палітычных меркаваньняў.

У выніку атрымаецца, што абсталяваньне для станцыі давядзецца купляць у Расеі, паліва — у Расеі, адкіды захоўваць — таксама там. Паколькі сваіх грошай на гэты праект няма, то крэдыты браць давядзецца зноў жа ў Расеі. Такім чынам, на дадатак да нафтавай і газавай залежнасьці ад суседа, Беларусь апынецца яшчэ ў атамнай і фінансавай залежнасьці ад яго. І замест дывэрсыфікацыі крыніц энэргіі краіна трапіць у яшчэ большую залежнасьць ад таго ж самага манапаліста. Дзе лёгіка? Складаецца ўражаньне, што людзі самі ня вельмі разумеюць, што яны робяць.

5. Праблема бясьпекі. Лукашэнка паставіў задачу пабудаваць АЭС у максымальна кароткія тэрміны. То бок, як звычайна, мэтадам аўралу. Дзесьці такое ўжо было. Так, менавіта Чарнобыльскую АЭС будавалі ўдарнымі тэмпамі, перавыканалі плян і здалі аб’ект датэрмінова, пад сьвята. І беларускую АЭС будуць імкнуцца здаць да чарговай электаральнай кампаніі.

Акрамя таго, у Беларусі зусім няма кадраў, якія могуць будаваць АЭС і працаваць на ёй. Няма і людзей, якія могуць вучыць гэта рабіць. За кароткі тэрмін гэтую задачу ня вырашыць.

Ва ўмовах палітычнага рэжыму, у якім улада непадкантрольная народу, няма адказнасьці чыноўнікаў перад грамадзтвам, небясьпека аварыі ўзрастае шматкроць.

6. Міжнародны аспэкт. Лукашэнка неаднаразова выказваў шкадаваньне, што з краіны вывелі ядравую зброю, заклікаў расейскае кіраўніцтва вярнуць яе ў Беларусь. Калі ўзьнік міжнародны скандал з іранскай ядравай праграмай, ён на прэсавай канфэрэнцыі 29 верасьня 2005 году заявіў: а чаму Іран ня можа мець ядравую зброю? І калі ў Беларусі зьявіцца свая АЭС, Лукашэнку, зь ягоным характарам і стылем, цяжка будзе ўтрымацца ад таго, каб не папужаць Захад ядравай пагрозай.

Сусьветная супольнасьць прыкладае шмат намаганьняў, каб справіцца зь ядравымі амбіцыямі Паўночнай Карэі і Ірану. А Беларусь, між іншым, знаходзіцца ня ў Азіі, а ў цэнтры Эўропы. Якую рэакцыю выкліча паведамленьне пра тое, што яшчэ адзін ідэйны і палітычны вораг Захаду зьбіраецца будаваць АЭС? Дарэчы, пэўная рэакцыя ўжо ёсьць. Выступаючы ў Нацыянальным сходзе з пасланьнем, Лукашэнка абураўся тым, што французы ўвязваюць пытаньне пастаўкі рэактара ў Беларусь з праблемай правоў чалавека. То бок, як толькі будаўніцтва АЭС у Беларусі пяройдзе ў практычную плашчыню, ня выключана, што гэта стане штуршком да міжнароднага крызысу з усімі наступствамі: санкцыямі і інш. Магчыма, гэта патрэбна Лукашэнку. Але ці патрэбна гэта Беларусі?

7. У пэрыяд будаўніцтва АЭС цягам некалькіх гадоў краіне давядзецца шукаць шмат грошай, якіх няма. Прычым тую суму, якая цяпер называецца (каля 4 мільярдаў даляраў), можна сьмела павялічваць удвая. (Хачу нагадаць, што будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі абышлося ўдвая даражэй у параўнаньні зь першапачатковым бізнэс-плянам). У 2007 годзе дзяржава адчувала вялікае фінансавае напружаньне. З пачаткам будаўніцтва АЭС яно павялічыцца шматкроць, што пацягне за сабою ўсе вядомыя наступствы: дэфіцыт бюджэту, інфляцыю, рост замежнай запазычанасьці і інш. Пра такую драбязу, як дэфіцыт цэмэнту, вады і казаць няма чаго. А дывідэнды ад праекту можна будзе атрымаць толькі праз шмат гадоў, магчыма, за межамі палітычнага жыцьця Лукашэнкі.

Такая ахвярнасьць дзеля нашчадкаў, здаецца, ня вельмі пасуе да палітычнага стылю дзейнага кіраўніка Беларусі. Тады што стаіць за ўсім гэтым? Будаўніцтва АЭС выглядае як вялікі лабісцкі праект, далёкі ад нацыянальных інтарэсаў Беларусі.

Самая галоўная загадка — у тым, як удалося ўгаварыць Лукашэнку, чалавека дастаткова прагматычнага, на гэтую сумніўную авантуру?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG