Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нараджэньне Хрыстова – гэта надзея на перамены”


Апытаньне на вуліцах Менску


Вернікі Беларусі разам з усім хрысьціянскім сьветам рыхтуюцца сустрэць адно з найвялікшых духоўных сьвятаў – Нараджэньне Хрыстова. Як праходзіць гэтая падрыхтоўка ў менчукоў?

Карэспандэнтка: “Як рыхтуецеся, зь якім настроем, што для вас сьвята Нараджэньня Хрысова?”

Спадарыня: “Найперш і самае галоўнае – гэта касьцёл, споведзь. У нашай сям’і так: увечары 24 сьнежня ставім ёлку. Мама рыхтуе стол, а дзеці прыбіраюць ёлку. Затым – аплатка, сьвечка, біблія, а 12-й гадзіне ідзем на імшу, на пастэрку”.

Спадар: “Каляды – гэта сустрэча з Ісусам Хрыстом. Гэта значыць, што ў нашым жыцьці зьяўляецца нешта новае. Гэта новы настрой і ўвогуле жыцьцё абнаўляецца неяк. Таму гэта радаснае сьвята. Трэба радавацца і дзякаваць Богу за ўсё, што ён нам пасылае”.

Спадарыня: “Гэтая традыцыя паходзіць, можа, ужо зь пятага ці сёмага пакаленьня нашай сям’і. Рыхтуемся звычайна: перад Калядамі накрываем сенам стол, пасьля белым абрусам. Пасьля ставім усе гэтыя традыцыйныя беларускія стравы, зразумела, безь мяса і малака, толькі посныя. Абавязкова павінна быць куцьця. Зьбіраецца ўся сям’я, запальваецца калядная сьвечка, чытаецца ўрывак з Эвангельля, які апавядае пра нараджэньне Ісуса Хрыста. Ну а пасьля гэтага ўся сям’я ідзе на сьвятую імшу, на пастэрку”.

Карэспандэнтка: “Што для вас сьвята, як рыхтуецеся, зь якім настроем?”

Спадарыня: “Ну як рыхтуемся? У хаце прыбіраем, духоўна рыхтуемся – стараемся ў гэты час часьцей бываць у малітве. Пост. Я, да прыкладу, з учорашняга вечара нічога ня ела і да заўтрашняй раніцы ня буду, трымаю пост. Стараемся ўсяго трымацца”.

Юначка: “Вельмі чакаем. І дома стараемся ўсё папрыбіраць, каб чысьценька было. І ў душы стараемся быць лепшымі. Гэта радаснае сьвята, і мы яго вельмі чакаем”.

Юнак: “Для нас Каляды гэта, канечне ж, радасьць – гэта па-першае. Па-другое, гэта надзея на перамены. Гэта апошнімі гадамі мой стандартны адказ на такія пытаньні. Гэта надзея на тое, каб штосьці ў нашым жыцьці зьмянілася. Бо мы заўжды просім пана Бога нечага лепшага і для іншых, і для сябе. А рыхтуемся звычайна: набываем, так бы мовіць, прадукты на вігілійны стол, ставім елку. І самае галоўнае – гэта пастэрка, сьвятая імша, якая будзе ноччу. Гэта, пэўна, мэта ў многіх людзей, каб у гэты час прыйсьці і памаліцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG