Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Кіпель: “Мая вера ў сябе і Беларусь апраўдваецца”


Вітаўт Кіпель – удзельнік праграмы “Ў што я веру”


Я, пражыўшы большую частку свайго жыцьця на Захадзе ў свабодным сьвеце, веру перш-наперш у магчымасьць дасягненьня асабіста пастаўленых плянаў: стаць на ногі, здабыць асьвету, заняць пэўнае становішча ў грамадзтве. Гавару я гэта на аснове дасьведчаньня, жыцьцёвага шляху, які я прайшоў.

Калі мы апынуліся на эміграцыі, мне не было сямнаццаці гадоў. Мы былі, бадай што, самай ніжэйшай сацыяльнай праслойкай насельніцтва. І каб выбіцца, трэба было працаваць – перш за ўсё вывучыць мову, пайсьці ў школу, скончыць школу і гэтак далей і гэтак далей.

Раўналегла з гэтым ішла ідэя беларускасьці. Зь дзяцінства ў мяне беларускасьць была на першым пляне – поруч з асабістымі імкненьнямі. Трэба было фарсаваць, трэба было гаварыць пра Беларусь, бо пра Беларусь ніхто ня ведаў. Ці вы купляеце ў краме хлеб, і немка, чуючы адказ з акцэнтам, пытаецца, адкуль вы, і ня ведае гэтай краіны – трэба было тлумачыць. Пазьней тое ж у Бэльгіі, у Францыі, у Ангельшчыне – усюды на Захадзе пра Беларусь мала ведалі.

Жыцьцёвы шлях паказвае, што і ў асабістым пляне дзякуючы працы я нешта дасягнуў, і для Беларусі мы як грамадзтва вельмі шмат дасягнулі. Усё беларускае грамадзтва – грамадзтва эміграцыйнае і грамадзтва на Бацькаўшчыне.

Калі на пачатку дваццатага стагодзьдзя сьведамых, як сёньня ўжываецца тэрмін, можна было палічыць на пальцах дзьвюх рук, сягоньня іх тысячы, а можа і мільёны. Грамадзтва ўсьведамляецца, атрымоўвае асьвету, лезе ў мінуўшчыну і бачыць, што тое, у што яно верыць, – гэта ёсьць праўда. Яно верыць у Беларусь.

Вось гэтыя дзьве паралельныя плыні, у якія я верыў ад пачатку: у асабістым пляне дасягненьне нечага і дасягненьні ў беларускасьці. У гэта я верыў, і я задаволены, што мая вера сягоньня апраўдваецца і ў асабістым пляне, і ў пляне беларускасьці.

***
Вітаўт Кіпель – дырэктар Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG