Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каляды: што сьвяткуем?


Я не чакаю сьвяточных падарункаў, ня бегаю па магазынах каб некаму нешта купіць. Хачу толькі таго каляднага настрою, які я памятаю са свайго галотнага дзяцінства.


З другой паловы лістапада паўсюль адчуваю перадкалядную мітусьню. Бачу і чую назойлівую рэкляму, паўсюль ялінкі, “мікалаі”, гучаць калядкі. Разумею – у які час жыву. Чытаю, што шаленству калядных закупак паддалася нават культурна далёкая Японія. Міруся з тым, што ў Вялікай Брытаніі, каб не пакрыўдзіць вернікаў іншых рэлігіяў, усур'ёз абмяркоўваецца пытаньне аб тым, каб на афіцыйным узроўні цалкам скасаваць сам назоў Christmas і замяніць яго “Сьнежанскім сьвяткаваньнем” (December celebration). Разумею, што ў адказ на патрабаваньні мясцовага рабіна, каб побач зь ялінкай на лётнішчы ў амэрыканскім Сіэтле паставіць васьміканечны падсьвечнік-сымбаль габрэйскага сьвята сьвятла –Ханукі, кіраўніцтва лётнішча цалкам прыбрала ялінку, заявіўшы, што супрацоўнікі ня маюць часу займацца культуразнаўствам.

Мяне хвалюе іншае: тое, што разам з камэрцыялізацыяй адбываецца дэсакралізацыя сьвятаў. З прысабечваньнем ці узурпацыяй рэлігійнай сымболікі ў камэрцыйных мэтах можна зьмірыцца, калі толькі ведаць і памятаць, што гэтая сымболіка азначае. Трэба, каб людзі ведалі, што вечна зялёная ялінка сымбалізуе вечнае жыцьцё, вернутае Ісусам Хрыстом, што чалавечая натура, сама ў сабе бездапаможная, толькі ў Хрысьце здольная ажыць і прынесьці духоўны плён, што агонь сьвечак сымбалізуе Хрыстовую праўду, якая расьсьвятляе цемру граху, а падарункі – гэта памятка тых падарункаў, якія Ісусу – рэальнай, гістарычнай фігуры, прынесьлі такія ж рэальныя Тры Цары ці Валхвы, бо хто ж пісаў бы пра нешта, чаго ніколі не існавала. Урэшце варта памятаць, што новую эру і 2007 год мы лічым не ад якой-небудзь іншай даты, як для прыкладу ад заснаваньня Рыму (раней) ці Парыжу альбо Бону (пазьней), але менавіта ад нараджэньня Хрыста. Чаму не ад нараджэньня каго-небудзь іншага? Вось пытаньне. Інакш кажучы – бярыце, толькі памятайце – што ўзялі.

Я адчуваю сябе ў пэўнай ступені абкрадзеным таму, што немагчыма адчуць сьвяточную атмасфэру, калі яна доўжыцца паўтара месяца. Немагчыма цешыцца тым, што стала штодзённым, насалоджвацца кампаніяй, музыкай, ці стравамі, якія сталі банальнымі і якія маем штодня. Хай сабе Каляды ня будуць ні дзяржаўным сьвятым, ні выходным днём. Выходных дзён для адпачынку, асабліва для застольляў –дастаткова. Хочацца, каб у імя той жа паліткарэктнасьці вернікам таксама далі магчымасьць па-іхняму сьвяткаваць тое, што насамрэч зьяўляецца сутнасьцю сьвята.

Прывабнасьць Калядаў, напэўна, зьвязаная з парой году, з усёй абраднай абалонкай, і гэта найперш сьвята дзяцей, але таямніца Раства Хрыстовага палягае ў тым, што Бог у Ісусе Хрысьце стаў самым бездапаможным чалавекам-дзіцём. Ён у такім выглядзе стаў “Эмануілам” – ”Богам з намі”. З “Найвышэйшага” Бога стаўся Богам “блізкім”, Богам, накіраваным на чалавека, і пад гэтым імем будзе адгэтуль вядомы. Што гэта азначае? Бог быў з чалавекам заўсёды, з самага моманту стварэньня, аднак гэта быў дыялёг на дыстанцыі, праз пасярэдніцтва прарокаў. Бога і чалавека аб'ядноўваў саюз цяжкі і незавершаны. Аднак у Хрысьце Бог увайшоў сярод людзей, стаўся адным з нас, каб збавіць нас апынуўшыся ў нашай сытуацыі, удзельнічаючы ў нашай гісторыі. Саюз стаў “новым і вечным”, бо абодва бакі: Бог і чалавек – сталі “адной асобай”, адной і неразьдзельнай істотай – Ісусам Хрыстом.

Ісус Хрыстос, як чытаецца ў сьвяточным Эвангельлі (Мац.1,18-24), зьўляецца “ Эмануілам”. Мы павінны добра запамятаць гэтае імя, бо яно выказвае ўсю нашу веру ў Яго. Ісус – “ Эману”, значыць адзін з нас, наш брат “паводле цела з роду Давіда” – як піша апостал Павал у Лісьце да рымлянаў (1,3). Ён таксама “Эль” – значыць Бог. Ён – Сын чалавечы, але адначасова і Сын Божы. Калі б быў толькі Богам, але не “з намі” – ня збавіў бы нас. Ягонае збаўленьне не цікавіла б і нас. Ён застаўся б Богам невядомым, недаступным і далёкім ад чалавечых спадзяваньняў. У гэтым і палягае сутнасьць хрысьціянскай веры, якую вернікі павінны выразна пацьвердзіць у сьвята Раства Хрыстовага.

У гісторыі быў такі пэрыяд, калі ерась дакетаў пашырыла перакананьне, што Ісус ня мог быць адным з нас, чалавекам падпарадкаваным законам прыроды, народзінам, плачу, болю, хваробам і сьмерці. Цяпер, хаця б у мюзыкле Jesus Christ Superstar, нас пераконваюць у іншым: “А ўсё такі ён чалавек і толькі чалавек”. Вернікі не павінны ні абурацца, ні крыўдзіцца на такія выказваньні, хай сабе яны для іх – блюзьнерства. Хто сапраўды захапляецца Хрыстом і любіць Яго як чалавека, той хутка зразумее, што Ён – ня проста чалавек альбо прарок. З другога боку, ня трэба памяншаць чалавечую натуру Збавіцеля толькі таму, што шмат хто гэтым і абмяжоўваецца. Сапраўдныя вернікі проста вераць, што Ён быў чалавекам падобным да нас – акрамя граху, чалавекам, які спазнаў смагу і голад, стомленасьць і нават сумнеў, а напэўна боль і пакуты. У Яго час таксама былі людзі, які лічылі Настаўніка з Назарэту ўсяго толькі адным з прарокаў.

Аднак ад сваіх вучняў Хрыстос патрабуе большага і пытае: “А вы за каго лічыце Мяне?”. На гэтае і ў наш час актуальнае пытаньне Царква адказвае словамі Пятра: “Ты – Хрыстос, Сын Бога Жывога”, значыць “Бог з намі”. Усьлед за гэтай упэўненай верай прагучэў радасны вокліч апостала Паўла: “Калі Бог з намі, дык хто ж супраць нас? Хто адлучыць нас ад любові Божай?” Адлучыцца ад Хрыста можам толькі мы самі. Гэта мы, на жаль, можам павярнуцца ад Хрыста сьпіной, жыць так, як быццам Ён ніколі не нарадзіўся і не прамаўляў да нас. Можам жыць толькі для сябе, не для Яго, і тады сапраўды няма нам ніякай карысьці з таго, што “Бог з намі”, калі мы не захочам быць зь Ім, калі ня станем на Ягоным баку.

Не чакаючы падарункаў, але дачакаўшыся Сьвятога вечару і куцьці (калі Бог дазволіць), лепш прачытаю малітву:

“Госпадзе Божа, Ты ўчыніў, што гэты сьвяты вечар і ноч, калі мы ўзгадваем Уцялесьненьне Твайго Сына, заясьнела бляскам Твайго адвечнага сьвятла. Дай нам, каб апрамененыя гэтым бляскам, з адкрытымі сэрцамі мы прынялі Ісуса як нашага Збаўцу. Блаславі нас, дом, стол і гэтыя стравы, якія мы будзем сумесна спажываць. Навучы нас, Госпадзе, дзяліцца хлебам, любоўю і добразычлівасьцю з усімі людзьмі, асабліва з тымі, сярод якіх жывем. Пашлі любоў, згоду і адзінства нашым сем'ям. Падмацуй надзею ў сэрцах бедных, самотных і асірацелых, а таксама тых, якія зь якой-небудзь прычыны пакутуюць. У гэтую сьвяты вечар і ноч Раства Хрыстовага – нашай малітвай мы ахопліваем хрысьцяін, якія жывуць у Віфлееме і ў іншых месцах Сьвятой Зямлі. Ты, Божа, ведаеш іх клопаты і хваляваньні. Бачыш іхную адчужанасьць і няўпэўненасьць у заўтрашнім дні. Чуеш іхныя воклічы аб міры і прымірэньні паміж народамі і вернікамі розных рэлігіяў. Пашлі, Госпадзе, Свой мір на зьнявечаную войнамі і гвалтам Сьвятую Зямлю. Вылечы ад нянавісьці сэрцы габрэяў, мусульман і хрысьціян. Дапамажы ім адзін аднаму дараваць узаемныя зьнявагі і крыўды. Табе слава і пакланеньне цяпер і ўвесь час і на векі вякоў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG