Ёсьць Вера зь вялікай літары — у Бога, у Бацькаўшчыну. І ёсьць вера з малой літары — у праўду, якая баліць табе…
Я веру, што аднойчы замежныя фундатары перастануць даваць беларускай апазыцыі грошы на “змаганьне з дыктатурай”. А дадуць — "толькі на перамогу”. Бо я памятаю, што дзеяслоў “змагацца” мае незавершанае трываньне, а “перамагчы” — завершанае. І так хочацца завяршыць нарэшце гэты пэрыяд, каб ісьці далей. Бо працэс дзеля працэсу нармальным людзям прыносіць задавальненьне зусім у іншай сфэры…
Я веру і ў тое, што нарэшце людзі, якія называюцца беларускімі палітыкамі, перастануць наракаць, што ім дастаўся кепскі народ, а зазірнуць у люстэрка. І пасьля гэтага, веру, мае сябры змогуць павяртацца з далёкіх варшаваў і вільняў. І перад імі ня будзе стаяць выбар — заставацца за мяжой альбо сядзець тут на “грантавай іголцы”, на якую іх падсаджваюць палітімітатары. Яны змогуць самі выбіраць, дзе ім вучыцца альбо працаваць.
Як журналіст, я веру, што ў маёй карпарацыі будзе праведзены “аўдыт па гамбурскім рахунку”. І тады перастане лічыцца здольным і таленавітым журналістам, напрыклад, чалавек, з чыёй рукі зьявіўся на сьвет “радавы Лосеў”. Альбо чалавек, які імкнецца выкарыстоўваць дзеля ўласных карысьлівых мэтаў першую беларускую газэту.
Я веру, што беларусы здатныя разьбірацца ў тым, дзе ім прапануюць цукерку, а дзе — толькі бліскучую абгортку ад яе. І ў тое, што яны не дадуць веры чалавеку, які напрамілы бог клянецца, што багоміць родную мову, але… менавіта таму і не карыстаецца ёй. Бо ён, бачце, ня хоча нажывацца на такім сьвятым капітале… Што ж, ня ўсе, мабыць, робяць высновы з прыпавесьці пра закапаны ў зямлю талент.
Як аматар прыгожага пісьменства я веру ў тое, што нашым чытачам трэба зусім не шаманскія камланьні на тэму “нашая літаратура самая лепшая ў Эўропе”. Ім трэба якасныя творы — прыгодніцкія і філязофскія, фантастычныя і рэалістычныя, пра цяпершчыну і мінуўшчыну. І ня так важна, будзе гэта літаратура факту ці літаратура выдумкі — галоўнае, каб гэта было цікава і таленавіта.
Ва ўсё вышэйпералічанае, як і ў шмат што іншае, я веру…
На жаль, веру. Кажу “на жаль”, бо верыць чалавек у тое, чаго ён ня можа абгрунтаваць ані сваімі ведамі, ані лягічнымі доказамі. Але ж нездарма Хрыстос сказаў пра дзейснасьць веры – велічынёй нават з гарчычнае зернейка…