Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ПЭТ-бутэлькі засьмечваюць Беларусь?


Вячаслаў Кулік, Менск Тры гады таму ўрад Беларусі прыняў пастанову “Аб некаторых пытаньнях у выкарыстаньні адыходаў плястмасы”. Айчынныя нарыхтоўшчыкі і вытворцы мусілі забясьпечыць перапрацоўку так званых ПЭТ-бутэлек. Аднак і да сёньня, паводле Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, каля 10 тысяч тон плястыкавых адкідаў не выкарыстоўваецца. Чаму?

Сёньня праграміст з горада Белаазёрск на Берасьцейшчыне Віктар Макаўчык атрымаў доўгачаканы адказ ад структураў улады.

“Мне затэлефанавалі зь Бярозаўскага райвыканкаму. Паведамілі, што менавіта сёньня прыйшла папера-запрашэньне на паседжаньне Савету міністраў. Я мяркую, што яно адбудзецца яшчэ на гэтым тыдні... Увогуле ідзе ўжо восьмы месяц. Спадзяюся, што наша працэдура падыходзіць да фінішу”.

Віктар Макаўчык летась выйграў грант праграмы ТАСІС на ўтылізацыю адкідаў і збор другаснай сыравіны. Сума – 160 тысяч эўра.

“Я зьвяртаўся ва ўсе мясцовыя структуры ўлады, куды мог патрапіць. На жаль, толькі ў канцы траўня нашы дакумэнты трапілі ў Савет міністраў. Там яны яшчэ прайшлі праз восем міністэрстваў. І толькі цяпер падышлі да фінішу. Шкада, так. Хацелася ж як найхутчэй”.

Гарады-блізьняты Белаазёрск і Бяроза звозяць усе прамысловыя і пабытовыя адкіды на сьметнікі. Галоўны зь іх – каля возера Чорнае – існуе ад 1969 году. Агульная колькасьць сьмецьця за год – 14 тысяч тонаў. На другасную перапрацоўку, кажа спадар Макаўчык, не трапляе нават 1% гэтай масы. І таму дзясяткі тонаў плястыкавых бутэлек закопваюцца ў курганы:

“Такая праблема ня толькі ў гарадох, а таксама ў пунктах масавага адпачынку – на пляжы і ў парках. У Берасьці ды іншых гарадох тое самае. У нашым праекце прадугледжаныя якраз тэхнічныя сродкі, каб рабіць эфэктыўны збор ПЭТ-бутэлек. У нас будзе закуплены прэс. І калі бутэлькі спрасоўваць у цюкі вагой 300-400 кіляграмаў, то цюкі забірае прадпрыемства, якое перапрацоўвае гэты ПЭТ”.

Зазірнуўшы сёньня ў Менску ў гарадзкія кантэйнэры са сьмецьцем, я пераканаўся: значную частку іхнага напаўненьня складаюць якраз плястыкавыя бутэлькі. Тое самае бачаць і насельнікі мікрараёнаў. І вось як ставяцца да праблемы мінакі на вуліцы Янкі Лучыны ў менскай Лошыцы.

Голас народу: пляшкі засьмецілі нават лясную глуш

“Ёсьць праблема, – кажа спадарыня, – натуральна, што трэба іх перапрацоўваць. Трэба атрымліваць другасныя матэрыялы”.

“Вядома, што трэба абавязкова ўтылізаваць, – лічыць малады чалавек, – іх вельмі шмат выкідваюць. Да прыкладу, калі у лес выяжджаеш, то іх там процьма. Калі нават патрапляеш у самую глуш, то і там трапляюцца гэтыя бутэлькі. Мне падаецца, што трэба прыдумаць тэхналёгіі пераплаўкі іх”.

А вось меркаваньне сталага чалавека: “Што трэба утылізаваць, дык дакладна. Але лепш наладзіць якую-небудзь перапрацоўку ў прамысловасьці”.

І назіральная жанчына падказвае: “Я бачыла вельмі файны парнік на лецішчы. Прыгожы і вялікі, менавіта з пляшак. Нагадвае гарадзкі шкляны парнік. Там так файна расьце расада – памідоры і гуркі! Але ж для гэтага патрэбныя рукі ды ўменьне”.

У Беларусі перапрацоўваецца толькі 35% ПЭТ-бутэлек

Дзяржаўную палітыку ў перапрацоўцы другаснай сыравіны абмяркоўваем з начальнікам спэцінспэкцыі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Сяргеем Кузьмянковым. Перадусім чыноўнік вінаваціць службы жыльлёва-камунальнай гаспадаркі:

“Паводле іх разьлікаў, 35 працэнтаў гарадзкога насельніцтва ахоплена сыстэмай разьдзельнага збору. Але, на жаль, ёсьць прыклады, што нават са спэцыяльных кантэйнэраў другасная сыравіна трапляе на палігоны”.

Асноўныя прычыны гэтага, як кажа спадар Кузьмянкоў – дрэнныя ўмовы транспарціроўкі лёгкай пляшкі. На кіляграм яе прыпадае 20 штук. Таксама вельмі нізкі закупачны кошт – 200 рублёў за кіляграм ПЭТу. Нарыхтоўкай іх не займаюцца нават так званыя “бічы” ды бамжы. Сяргей Кузьмянкоў дадае:

“Чым можна парадаваць? На перапрацоўчых прадпрыемствах цяпер на ўра ідзе гэтая бутэлька. Толькі давай! У Беларусі дастаткова для гэтага прамысловай магутнасьці”.

Менск, 8.08.2007. ПЭТ-бутэлькі ў сьметніку
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG