Лінкі ўнівэрсальнага доступу

UNESCO: Белавеская пушча ў «крытычным стане» празь дзеяньні Польшчы на беларускай мяжы


У Белавескай пушчы
У Белавескай пушчы

Экспэрты арганізацыі ААН у захаваньні культурніцкай спадчыны — UNESCO і Міжнароднага зьвязу аховы прыроды заявілі: Белавеская пушча знаходзіцца ў крытычным стане, які патрабуе «неадкладных дзеяньняў».

Гаворка ідзе, у першую чаргу, пра польскую частку Пушчы. Як піша Onet.pl са спасылкай на спавешчаньне, Белавеская пушча, аб’ект Усясьветнай спадчыны UNESCO, павінна забясьпечваць «некранутую дзікую прыроду», што рэзка кантрастуе з эксплюатацыяй гэтага лесу. Справа ў тым, што ў час масавых высечак у 2017 годзе было зьнішчана 200 тыс. кубамэтраў дрэў, палова зь якіх знаходзілася ў ахоўных насаджэньнях узростам больш за стагодзьдзе. Гэта парушыла натуральныя працэсы і прывяло да дэградацыі каштоўных месцаў, якія насяляюць жывёлы.

За гады працы арганізацыя «Дзяржаўныя лясы» пракапала сетку дрэнажных равоў, якія адводзяць ваду зь лесу. Гідралягічнае рэгуляваньне было яшчэ больш парушана грэбляй, збудаванай у 2022 годзе на польска-беларускай мяжы.

Грэбля — перашкода для міграцыі буйных сысуноў. Тры існуючых праходы, прызначаных для жывёл, увесь час зачыненыя. Найбольш уразьлівым відам лічыцца рысь, якая, на думку экспэртаў, можа зьнікнуць з пушчы на працягу 5-10 гадоў.

У часы ўраду аб’яднаных правых у Польшчы былі пабудаваныя сьцяна, калючы дрот і грунтавая дарога. Пры цяперашнім урадзе дарога была заасфальтаваная, каб памежнікам было зручней перасоўвацца, нягледзячы на тое, што ў іх распараджэньні ёсьць пазадарожнікі.

Дадатковыя праблемы — пашырэньне лясных дарог, якое праводзіцца палясоўшчыкамі. Памежнікі таксама ўклаліся ва ўмацаваньне лясных сьцежак. Гэта залежыць і ад становішча на беларускай мяжы, а менавіта, як варта меркаваць, мігранцкага крызісу.

Экспэрты адзначаюць адзіную станоўчую падзею, якая адбылася зь лесам за апошнія дзесяцігодзьдзі: прыпыненьне высечак Эўрапейскай камісіяй і абарону ад эксплюатацыі на рашэньні польскага суду, за што змагалася асацыяцыя Workshop for All Beings.

Выказаліся ў дакумэнце і пра дзейнасьць адміністрацыі «Дзяржаўных лясоў»:

«Каля 150 супрацоўнікаў праходзяць падрыхтоўку ў першую чаргу ў галіне кіраваньня ляснымі справамі і не валодаюць досьведам для дзеяньняў дзеля захаваньня выключных прыродных каштоўнасьцяў гэтага аб’екту, уключна з узаемадзеяньнем зь мясцовымі супольнасьцямі і захаваньнем біяразнастайнасьці».

Больш за тры гады рэалізацыя Комплекснага пляну кіраваньня Белавескай пушчай замарожаная. Гэты дакумэнт, які патрабуе UNESCO, закліканы вызначыць ахоўныя зоны найкаштоўнейшага лесу Эўропы. Хаця апошняя вэрсія абмяжоўвае эксплюатацыю, яна па-ранейшаму дазваляе высечку лесу аж да мяжы зь Белавескім нацыянальным паркам. Паляваньне таксама дазволена ў цэнтральнай частцы пушчы, на ўзьлесках у раёне гарадоў Церамішкі, Буды і Пагарэльцы.

UNESCO згадала ў спавешчаньні таксама праект «Усходні шчыт», які рэалізуецца Польшчай. Адзначаецца, што цэласьць запаведніку ўжо парушана існай памежнай інфраструктурай.

Таксама арганізацыя паўтарыла просьбу да дзяржаў-удзельніц Польшчы і Беларусі аднавіць, наколькі гэта магчыма, трансгранічную супрацу, прынамсі, на ўзроўні абмену тэхнічнай інфармацыяй, з мэтай спрыяньня распрацоўцы і рэалізацыі рэкамэндаваных захадаў па зьмякчэньні наступстваў умяшаньня памежнай інфраструктуры ў дзейнасьць пушчы.

У UNESCO пахвалілі Беларусь за забарону паляваньня на ваўкоў у беларускай частцы пушчы. Там папрасілі Беларусь накіраваць у арганізацыю пераклад пляну кіраваньня пушчай на ангельскую мову.

Да 1 лютага 2026 году Беларусь і Польшчу просяць даслаць супольную абноўленую справаздачу аб стане захаванасьці аб’екту і выкананьні рэкамэндацый для разгляду Камітэтам усясьветнай спадчыны на ягонай 48-й сэсіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG