Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сілавікі правялі рэйды і выявілі дзьве ілжывыя фірмы таксі ў Мазыры і Гомлі


Таксоўка ў Гомлі, архіўнае фота
Таксоўка ў Гомлі, архіўнае фота

Сілавікі ўзяліся за тых, хто выкарыстоўвае для ўхіленьня ад падаткаў фірмы-аднадзёнкі і драбненьне бізнэсу.

Гэтым разам увагу сілавікоў прыцягнулі дзьве групы таксоўнікаў, зь якіх у бюджэт не паступіла больш за 6,2 млн рублёў, — паведамляе канал news.by.

У адной з групаў, якая дзейнічала ў Гомлі, стварылі на падстаўных асобаў 17 фірмаў, а ў схеме задзейнічалі 400 аўтамабіляў і больш за 500 кіроўцаў.

«Пасьля арганізацыі рэгістрацыі ілжэструктураў былі падпісаныя эфэктыўныя дамовы арэнды паміж ілжэструктурамі і суб’ектамі гаспадараньня рэальнага сэктару эканомікі. Гэта дазваляла апошнім пералічваць атрыманую выручку ад нададзеных паслуг на рахункі лжэструктураў, дзе гэтыя грошы хаваліся ад падаткаў. Далей грошы з рахункаў ілжэструктураў гпераводзіліся ў наяўныя. Сума наяўных грашовых сродкаў складала каля 70% ад агульнай выручкі», — расказаў прадстаўнік Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю Беларусі ў Гомельскай вобласьці Андрэй Сеньнікаў.

Астатнія 30% вярталіся тым жа фірмам перавозьнікаў, але ўжо ў выглядзе платы паводле фіктыўных дамоваў арэнды машынаў. Шкода дзяржаве ад дзейнасьці такой суполкі склала 3,7 млн рублёў.

Яшчэ адну структуру выкрылі ў Мазыры, дзе дырэктар адкрыў тры новыя фірмы, каб падзяліць выручку. Згодна з законам, маладыя кампаніі трапляюць пад спрошчаную сыстэму абкладаньня падаткамі. На гэтым мужчына спрабаваў атрымаць дадатковы даход у сваю кішэню.

«Гэта дазволіла яму ў пэрыяд з 2022 па 2024 гг. падзяліць атрыманую выручку паміж падкантрольнымі суб’ектамі, занізіць падатковую базу і ўхіліцца ад выплаты падаткаў», — сказаў Сеньнікаў.

Мазыранін дзякуючы сваёй схеме схаваў ад падатковай 2,5 млн рублёў.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG