Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі дзень у Эўрапарлямэнце: дэбаты, рэзалюцыя, выступ Ціханоўскіх. ВІДЭА

абноўлена

Сяргей і Сьвятлана Ціханоўскія ў Эўрапарлямэнце. Страсбург, 22 кастрычніка 2025
Сяргей і Сьвятлана Ціханоўскія ў Эўрапарлямэнце. Страсбург, 22 кастрычніка 2025

Дэпутаты Эўрапарлямэнту пачалі дэбаты. Яны выслухаюць выступы Сьвятланы і Сяргея Ціханоўскіх і паставяць на галасаваньне праект рэзалюцыі аб сытуацыі ў Беларусі праз 5 гадоў пасьля падзеяў 2020 году.

У Страсбургу ў Эўрапарлямэнце 22 кастрычніка прайшлі дэбаты аб сытуацыі ў Беларусі празь пяць гадоў пасьля сфальсыфікаваных выбараў 2020 году.

Дэпутат Галіцкі: «Месца Лукашэнкі — у Гааскім трыбунале»

Дэпутаты, сярод іншага, заяўляюць, што далей не прызнаюць Аляксандра Лукашэнку прэзыдэнтам, заклікаюць безумоўна вызваліць палітвязьняў і спыніць рэпрэсіі, спыніць мігранцкі крызіс.

«Аляксандар Лукашэнка — гэта дыктатар, узурпатар, бо і ён ведае, і мы ведаем, што ў 2020 годзе ён прайграў выбары і скраў прэзыдэнцкую пасаду, — заявіў эўрадэпутат ад Польшчы Анджэй Галіцкі.— Месца Лукашэнкі — у Гааскім трыбунале, таму мы павінны ўзмацняць санкцыі».

Эўрадэпутаты згадалі прозьвішчы беларускіх палітзьняволеных, якія памерлі ў турмах, і заклікалі ня мець адносінаў з афіцыйным Менскам, пакуль ня вызваленыя ўсе палітычныя вязьні.

Дэпутаты Эўрапарлямэнту таксама настойвалі на адказнасьці ўладаў Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне.

Пасьля дэбатаў дэпутаты маюць прагаласаваць за рэзалюцыю, якая складаецца з 25 пунктаў. Эўрадэпутаты прапануюць краінам ЭЗ і надалей падтрымліваць дэмакратычны рух Беларусі, па-ранейшаму не прызнаваць Лукашэнку законным прэзыдэнтам, а таксама перасьцерагаюць ад спробаў Лукашэнкі выкарыстоўваць палітычных зьняволеных як інструмэнту для саступак ад Захаду.

Выступ Сьвятланы і Сяргея Ціханоўскіх пачаўся пасьля 13-й гадзіны менскага часу, заяленая тэма — «Беларусь: барацьба за свабоду, незалежнасьць і эўрапейскую будучыню».

Сьвятлана і Сяргей Ціханоўскія ўпершыню выступаюць разам перад эўрадэпутатамі.

Ціханоўская заклікала накіраваць Беларусь на правільны шлях — эўрапейскі

Першай узяла слова Сьвятлана Ціханоўская. Найперш яна павіншавала Анджэя Пачобута і ягоную сям’ю з прэміяй імя Сахарава, якая была сёньня прызначаная яму і іншую зьняволеную журналістку Мзія Амаглабэлі з Грузіі.

Выступае Сьвятлана Ціханоўская
Выступае Сьвятлана Ціханоўская

Ціханоўская назвала Пачобута асабістым ворагам дыктатара і прызнала гэтую ўзнагароду Эўрапарлямэнту добрым знакам для ўсіх палітвязьняў Беларусі.

Сярод іншага заявіла, што зьмены ў Белаурсі могуць не адбыцца за адзін дзень, але яны адбудуцца.

«Цяпер мы будуем рэйкі гэтых зьмен, каб аднойчы мы маглі накіраваць Беларусь на правільны шлях — эўрапейскі шлях, які ніякая Расея і ніякі Лукашэнка больш ніколі не змогуць заблякаваць. І так, я веру, што гісторыя Беларусі будзе гісторыяй посьпеху, і мы ўсе разам напішам гэтую гісторыю».

Ціханоўская расказала, што пяць гадоў прыходзіла ў гэтую залю з партрэтам мужа, які быў у турме Лукашэнкі — ізаляваны, галодны, пазбаўлены голасу.

«Тры месяцы таму, калі я ўбачыла яго ўпершыню, я ледзь пазнала яго. Ён схуднеў на шэсьцьдзесят кіляграмаў і выглядаў так, быццам вярнуўся з ГУЛАГу. Але ведаеце што? На наступную раніцу ён сказаў мне: „А цяпер давайце брацца за працу“. Гэта сутнасьць Беларусі — зьбітая, зьнясіленая, але ніколі не зламаная. Сяргей прыўнёс новую энергію і сілу ў наш рух. Ён таксама сутыкаецца з новай рэальнасьцю. Пакуль ён быў за кратамі, ён прапусьціў нашы натхняльныя пратэсты, міграцыйны крызіс, жорсткія рэпрэсіі, пачатак вайны. Ён нават прапусьціў уласную цырымонію ўручэньня прэміі Сахарава».

Ціханоўская згадала іншых беларускіх палітвязьняў, якія знаходзяцца за кратамі.

«Вядома, вызваленьне Сяргея — мая асабістая радасьць. Але я не магу цалкам радавацца, пакуль тысячы семʼяў застаюцца падзеленымі — пакуль Алесь Бяляцкі ня можа пацалаваць сваю жонку. Пакуль наша адважная Маша — Марыя Калеснікава — ня можа абняць свайго бацьку. Пакуль жонкі пішуць лісты ў нікуды. Пакуль дзеці засынаюць без калыханкі бацькоў.

Ціханоўская падзякавала Трампу

Ціханоўская падзякавала прэзыдэнту Трампу і яго камандзе за «выдатную гуманітарную апэрацыю, якая выратавала 70 жыцьцяў».

«Прэзыдэнт Трамп пайшоў далей. Ён запатрабаваў ад Лукашэнкі вызваленьня ўсіх 1300 палітычных закладнікаў. Мы ўсе молімся, каб хутка на волі апынулася больш людзей, у тым ліку наш агульны герой Анджэй Пачобут. Аднак давайце не будзем падманвацца так званай «чалавечнасьцю» Лукашэнкі. Давайце не будзем наіўнымі. Ён вызваляе шэсьцьдзесят — і адразу ж арыштоўвае сто дваццаць.

Нават тыя, хто «памілаваны», не цалкам вольныя: дэпартаваныя без дакумэнтаў, у кайданках, з мяшком на галаве. Іх семʼі, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў Беларусі, перасьледуюцца КДБ. Тых, хто адмаўляецца зьяжджаць — як Мікола Статкевіч, лідэр беларускіх сацыял-дэмакратаў — кідаюць назад у турму. Для Лукашэнкі людзі — гэта не што іншае, як разьменная манэта. Ён хоча адмены санкцый, ён хоча легітымізацыі, ён марыць вярнуцца да «звычайнага жыцьця». Але мы ўжо бачылі гэты фільм — адзін і той жа сэрыял трыццаць гадоў.

Сьвятлана Ціханоўская прапанавала двухбаковы падыход:

«Пакуль ЗША засяроджваюцца на гуманітарнай частцы — на вызваленьні людзей і спыненьні рэпрэсій, я заклікаю Эўрапейскі Зьвяз заставацца цьвёрдым і прынцыповым. Няхай санкцыі ЗША служаць выратаваньню жыцьцяў людзей. Але санкцыі ЭЗ павінны быць накіраваны на сыстэмныя, незваротныя зьмены. Працягвайце ціск — пакуль рэжым не перастане саджаць сваіх людзей у турмы, не перастане шантажаваць Эўропу мігрантамі, не перастане ўзбройваць расейскую вайну, і Беларусь не пачне шлях да дэмакратыі».

Паводле яе словаў, большасьць беларусаў абралі мір, дэмакратыю і эўрапейскую будучыню. І гэтая будучыня немагчымая — пакуль Лукашэнка застаецца ва ўладзе.

«Час дыктатара мінае. Лукашэнка становіцца кульгавай качкай. Вось да чаго мы павінны падрыхтавацца — да постлукашэнкаўскай Беларусі. Мы павінны пераканацца, што не толькі Беларусь гатовая, але і Эўропа будзе гатовая, калі надыдзе гэты момант. Для гэтага мы павінны падтрымліваць праэўрапейскі дух у краіне: праз пашырэньне кантактаў, абменаў і віз для звычайных беларусаў; адкрытыя межы, культурныя ініцыятывы, якія ўмацоўваюць нацыянальную ідэнтычнасьць».

Сьвятлана Ціханоўская выказала падтрымку Ўкраіне ў яе вайне з Расеяй:

«Посьпех Украіны адкрые шлях для ўсіх нашых народаў, якія жывуць у цені імпэрыі — ня толькі для Беларусі, але і для Армэніі, Грузіі і Малдовы. Мы, беларусы, падтрымліваем Украіну ня толькі на словах, але і на справах. Сярод нашых палітычных зьняволеных сотні герояў, асуджаных за салідарнасьць з Украінай, супрацьдзеяньне расейскім войскам і абмен інфармацыяй. Пакуль мы размаўляем, беларускія добраахвотнікі з палка Каліноўскага змагаюцца плячом да пляча з украінцамі на перадавой», — заявіла Ціханоўская.

Яна выступала па-ангельску, але ў канцы зьвярнулася да суайчыньнікаў па-беларуску:

«Дарагія беларусы — і тыя, хто ў краіне, і тыя, хто выехаў. Ніколі не губляйце надзею. Ніколі не здавайцеся. І ня здраджвайце сваім прынцыпам. Як казаў Алесь Бяляцкі: „Я веру, бо ведаю, што мінае ноч і надыходзіць ранак. Я ведаю, што нас няўтомна штурхае наперад — гэта надзея і мара“. Калі мы разам, калі верым, калі працуем дзеля пераменаў — мы ўсё адолеем».

Ціханоўскі: «Мяне чакаў бы лёс Аляксея Навальнага»

Сяргей Ціханоўскі сярод іншага падзякаваў прэзыдэнту Трампу за сваё вызваленьне:

«Мне ўдалося перажыць 5 гадоў адзіночнага зьняволення ў пекле беларускага ГУЛАГа. Некаторым з тых, каго я там сустрэў, пашанцавала менш. Мы губляем найлепшых з нашых людзей. Што да мяне, то я ведаю, што ніколі б не перажыў 20 гадоў поўнага тэрміну пакараньня ў гэтых умовах. Мяне чакаў бы лёс Аляксея Навальнага… Цяпер вызваленьне палітычных вязьняў стала маім прыярытэтам.

Пяць гадоў мяне трымалі ў поўнай ізаляцыі. Прайшло 4 месяцы з майго вызваленьня, і я хутка даганяю сусьветны кантэкст. Але балюча бачыць, што сытуацыя толькі пагоршылася, справа па зьмене рэжыму ў Беларусі, якую я распачаў пяць гадоў таму, застаецца не дасягнутай».

Выступае Сяргей Ціханоўскі
Выступае Сяргей Ціханоўскі

Згадваючы 2020 год, Ціханоўскі сказаў, што некаторыя чыноўнікі вагаліся, але так і не перайшлі на бок народу.

«Чаму? Таму, што калі прыйшоў час, расейцы зьявіліся на гэтую бойку. Эўрапейцы не прыйшлі. З-за ваганьняў Эўропы ў той час Беларусь, цудоўная краіна з моцнымі эўрапейскімі каштоўнасьцямі, краіна, якая цалкам гатовая была стаць сябрам Эўразьвязу, засталася адна. І Масква ўзяла ўсё ў свае рукі. Гэта было ня толькі трагічна і несправядліва, гэта было і вельмі сур’ёзнай стратэгічнай памылкай. Не здолеўшы спыніць Пуціна ў Беларусі, Эўропа зрабіла вайну ва Ўкраіне непазьбежнай.

У гэтай вайне перамога будзе за тым, хто возьме ініцыятыву ва ўласныя рукі. Маё пасланьне простае — Эўропе трэба стаць актыўным гульцом у Беларусі. Лукашэнка вельмі хітры, ён выжывае. Але ён не бесьсьмяротны. Зьмена ўлады ў Беларусі непазьбежная… Але без рэальных саюзьнікаў мы вядзем прайграную бітву».

У залі Эўрапарлямэнту
У залі Эўрапарлямэнту

Цягам дня 22 кастрычніка яшчэ чакаецца галасаваньне аб рэзалюцыі Эўрапарлямэнту «Аб сытуацыі ў Беларусі празь пяць гадоў пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў».

Сьвятлану і Сяргея Ціханоўскіх запрасіла ў Страсбург сьпікер Эўрапарлямэнту Рабэрта Мэтсала.

Цягам дня адбудуцца сустрэчы з Мэтсалай, прадстаўнікамі буйных фракцыяў ЭП — Эўрапейскай народнай партыі, Эўрапейскіх кансэрватараў і рэфармістаў, Зялёных — Эўрапейскага свабоднага альянсу, Прагрэсіўнага альянсу сацыялістаў і дэмакратаў.

Акрамя гэтага, Ціханоўская сустрэнецца з прадстаўнікамі дэлегацыі Эўрапарлямэнту для сувязяў зь Беларусіьсю.

Раней Ціханоўская ня раз выступала ў Эўрапарлямэнце. З траўня 2024 году на Мальце яна і Мэтсала падпісалі пагадненьне аб супрацы паміж Эўрапарлямэнтам і беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

Што ў праекце рэзалюцыі

У праекце рэзалюцыі Эўрапарлямэнту па Беларусі зазначаецца, што «больш чым праз пяць гадоў пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году і наступнага жорсткага здушэньня мірных прадэмакратычных пратэстаў сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца крытычнай; ...нелегітымны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пры падтрымцы Расеі вёў безупынную кампанію рэпрэсіяў супраць мірных пратэстоўцаў, дэмакратычных лідэраў, адвакатаў, журналістаў, спартоўцаў, мастакоў, прафсаюзных і рэлігійных лідэраў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці й іншых».

У праекце гаворыцца, што «масавая актывізацыя грамадзян Беларусі ў 2020 годзе, якая станавіла сабой беспрэцэдэнтны запыт на дэмакратыю, справядлівасьць і правы чалавека, сутыкнулася з сыстэмнымі парушэньнямі правоў чалавека, у тым ліку масавымі арыштамі, катаваньнямі, гвалтоўнымі зьнікненьнямі і як мінімум дзясяткам пацьверджаных фактаў сьмерці мірных пратэстоўцаў».

Эўрадэпутаты нагадваюць, што ніводныя з апошніх шасьці прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі не былі свабоднымі ці справядлівымі, у тым ліку «фікцыйныя выбары 26 студзеня 2025 году, праведзеныя падчас арыштаў і рэпрэсіяў». За імі не назіралі ніякія афіцыйныя місіі з дэмакратычных краін, а Эўрапейскі Парлямэнт і яго парнтэры-аднадумцы не прызналі іх.

«Лукашэнка застаецца ва ўладзе ў значнай ступені дзякуючы ляяльнасьці кіроўных колаў і сілавых структураў і маючы значную палітычную, эканамічную, прапагандысцкую і сілавую падтрымку ад Расейскай Фэдэрацыі».

Дэпутаты нагадваюць пра апошнія палітычныя рэпрэсіі і факты сьмерці палітзьняволеных пад вартай ці неўзабаве пасьля вызваленьня ў выніку бесчалавечных умоваў у турмах.

«Пэнітэнцыярная сыстэма Беларусі функцыянуе як сетка лягераў рабскай працы, дзе зьняволеных, у тым ліку палітычных, прымушаюць працаваць у небясьпечных і прыніжальных умовах; жанчыны — палітычныя зьняволеныя, якіх больш за 175, сутыкаюцца з мэтанакіраванымі зьдзекамі, прыніжэньнямі і пагрозамі забраць дзяцей, у той час як міжнародным назіральнікам забаронена наведваць іх у турмах;

...Прынамсі пяцёх палітычных зьняволеных усё яшчэ трымаюць у рэжыму інкамунікада, а менавіта Віктара Бабарыку, Максіма Знака, Уладзімера Кнігу, Аляксандра Арановіча і Мікалая Статкевіча... Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі мае абавязак прымусовай працы і цярпіць ад пакараньняў у зьняволеньні, яму адмаўляюць у неабходнай мэдычнай дапамозе».

У праекце рэзалюцыі згадваецца, што апошнім часам Лукашэнка «памілаваў» больш за 200 палітычных зьняволеных, спрабуючы дамагчыся скасаваньня некаторых заходніх санкцыяў, аднак палітычныя арышты працягваліся; што амаль 2000 групаў грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку няўрадавыя арганізацыі й прафсаюзы, былі закрытыя; што большасьць незалежных мэдыя прызнаныя «экстрэмісцкімі», а 33 прадстаўнікі СМІ, у тым ліку журналісты, рэпартэры й блогеры, зараз у зьняволеньні.

«Рэжым Лукашэнкі адзначаецца наўмысным зьнішчэньнем нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусаў, у тым ліку беларускай мовы і культуры; ...адукацыя на беларускай мове ліквідуецца пры ўзмацненьні мілітарызацыі школы; (...) больш за 500 000 беларусаў уцяклі з краіны з 2020 году, прычым некаторыя зь іх надалей сутыкаюцца зь перасьледам і запалохваньнем з боку рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку праз завочныя суды, пагрозы сілавых структураў і ціск на сваякоў, канфіскацыю маёмасьці й іншыя абмежаваньні».

Далей у праекце зазначана, што, «нягледзячы на перасьлед і пагрозы, беларускія дэмакратычныя лідэры ў выгнаньні адважна працягваюць сваю працу, адстойваючы правы чалавека і прэзэнтуючы імкненьне беларускага народа да свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай Беларусі».

«Пераважная большасьць беларускага народу працівіцца вайне Расеі супраць Украіны, што прывяло да абмежаваньня беспасярэдняга ўдзелу Беларусі ў канфлікце і дэманструе адданасьць беларускага народу міру, незалежнасьці і эўрапейскім каштоўнасьцям».

Эўразьвяз пацьвярджае сваё рашучае асуджэньне рэпрэсіяў у Беларусі і цьвёрдую салідарнасьць з усімі, хто працягвае змагацца з масавымі і сыстэматычнымі рэпрэсіямі рэжыму Лукашэнкі ў краіне; паўтарае сваё патрабаваньне неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных і адвольна затрыманых асобаў, а таксама кампэнсацыі і аднаўленьня іх правоў; выказвае сур’ёзную заклапочанасьць становішчам палітычных заняволеных, у тым ліку Алеся Бяляцкага, Марыі Калесьнікавай, Віктара Бабарыкі, Анджэя Пачобута, Мікалая Статкевіча, Валянціна Стэфановіча, Максіма Знака, Марфы Рабковай, Уладзімера Лабковіча, Анастасіі Лойкі, Ірыны Такарчук, Яны Пінчук, Мікалая Банькова, Андрэя Навіцкага, Генрыха Акалатовіча, Уладзімера Кнігі, Паўла Севярынца і іншых; паўтарае заклік да ЭЗ і дзяржаваў блёку падтрымліваць палітычных зьняволеных і іхныя семʼі; заклікае да неадкладнага і незалежнага расьсьледаваньня ўсіх фактаў сьмерці палітычных зьняволеных у вязьніцы; паўтарае свой заклік да Эўракамісіі і дзяржаваў-чальцоў спрасьціць працэдуры атрыманьня візаў і дазволаў на жыхарства для тых, хто ўцякае зь Беларусі з палітычных прычынаў.

У праекце рэзалюцыі падкрэсьліваецца, што Эўрапарлямэнт не прызнае Аляксандра Лукашэнку законным прэзыдэнтам Беларусі і пацьвярджае сваю падтрымку дэмакратычным сілам Беларусі на чале зь Сьвятланай Ціханоўскай і дэмакратычным памкненьням беларускага народу; зноў заклікае да правядзеньня новых, свабодных і справядлівых выбараў пад міжнародным назіраньнем; засьцерагае ад выкарыстаньня Лукашэнкам палітычных зьняволеных для вымаганьня саступак ад Захаду; выказвае сурʼёзную заклапочанасьць зьняцьцём санкцыяў ЗША, уведзеных супраць беларускай авіякампаніі «Белавія» пасьля захопу рэйсу Ryanair у 2021 годзе, адзначаючы, што «Белавія» — саўдзельнік выкарыстаньня міграцыі як палітычнага інструмэнту.

Эўрапарлямэнт «самым рашучым чынам асуджае ўдзел рэжыму Лукашэнкі ў несправядлівайа, незаконнай і несправакаванай агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны; лічыць, што рэжым Лукашэнкі стаў саўдзельнікам злачынстваў, учыненых Расеяй ва Ўкраіне; лічыць рэжым у Беларусі саўдзельнікам расейскай мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей; заклікае Міжнародны крымінальны суд пачаць расьсьледаваньне перамяшчэньня, індактрынацыі і мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей рэжымам у Беларусі».

У праекце ёсьць запыт на павелічэньне фінансаваньня адукацыйных і культурных праектаў, якія абараняюць беларускую мову, культуру і нацыянальную ідэнтычнасьць, змагаюцца з фальсыфікацыяй гісторыі Беларусі рэжымам Лукашэнкі, Крамлём і яго агентамі. Таксама гучыць заклік да ЭЗ і яго міжнародных партнэраў узмацніць санкцыі супраць асобаў і арганізацыяў, адказных за ўхіленьне ад санкцыяў, падрыў дэмакратыі і вяршэнства закону, рэпрэсіі, парушэньні правоў чалавека і злачынствы супраць чалавечнасьці, а таксама за ўдзел Беларусі ў агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны.

Сярод іншага ў праекце гучыць заклік да Эўразьвязу, міжнародных арганізацыяў і асобных дзяржаваў далей фармалізаваць прадстаўніцтвы беларускіх дэмакратычных сілаў, падтрымліваючы адкрыцьцё іх офісаў у эўрапейскіх сталіцах і дазваляючы ім выдаваць часовыя дакумэнты грамадзянам Беларусі ў выгнаньні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG