Гэтая прэмія ў значнай ступені паўплывае на сытуацыю з палітвязьнямі, бо яна падвышае ўвагу міжнароднай супольнасьці да беларускіх праблем, заявіў Леанід Судаленка.
«Гэта і маральная падтрымка палітвязьняў, колькасьць якіх сёньня, на жаль, у нас у краіне не зьмяншаецца. Акрамя таго, Анджэй Пачобут — у першую чаргу незалежны журналіст, і гэта таксама прыцягвае ўвагу, міжнародная супольнасьць бачыць, у якіх умовах працуюць незалежныя беларускія сродкі масавай інфармацыі. Гэта таксама падвышае давер да незалежных беларускіх мэдыя.
Пры гэтым Судаленка мяркуе, што калі казаць пра беларускі рэжым, то гэта зьяўляецца свайго роду стрымліваючым фактарам.
«Рэжым, напэўна, шмат разоў будзе думаць перад тым, як пагаршаць становішча палітвязьняў, асоба асабліва такіх вядомых, як Анджэй Пачобут».
Судаленку сёньня цяжка прадказаць, якім чынам будзе адбывацца вызваленьне Анджэя Пачобута.
«Мы ўсе ведаем пра намаганьні амэрыканскага боку і, трымаючы сьціснутыя кулачкі, спадзяемся, каб найхутчэй Анджэй Пачобут як і іншыя палітвязьні апынуліся на волі. Але мы бачым, што рэжым гуляе ў сваю гульню, і дыктатар Лукашэнка сказаў наўпрост амэрыканскаму боку: „Я вызвалю ўсіх, толькі вы іх забярыце“.
Выпадак з Міколам Статкевічам, які не пажадаў выяжджаць з краіны і вярнуўся назад у турму, сьведчыць пра тое, што рэжым можа наступным разам проста вывезьці людзей, прабачце, з мяшкамі на галаве, як гэта было ў сытуацыі зь Сяргеем Ціханоўскім. Людзі ня будуць ведаць нават, куды яны едуць і як яны едуць. То бок, калі рэжым захоча выкінуць таго ці іншага палітвязьня за мяжу, то ў яго ёсьць дзеля гэтага ўсе інструмэнты».
Форум