У Міністэрстве абароны Расеі і ў Каардынацыйным штабе Ўкраіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі паведамілі аб правядзеньні чарговага абмену.
Як вынікае з афіцыйных паведамленьняў, бакі перадалі адзін аднаму па 84 ваеннапалонных.
«Цяпер расейскія вайскоўцы знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, дзе ім надаюць неабходную псыхалягічную і мэдычную дапамогу», — адзначылі ў Мінабароны Расеі.
Украінскі бок паведаміў, што сярод вызваленых 33 вайскоўцы і 51 цывільны ўкраінец.
«Амаль усім ім патрэбная мэдычная дапамога, значная рэабілітацыя. Сярод вызваленых сёньня цывільных ёсьць і тыя, каго ўтрымлівалі расейцы яшчэ з 2014, 2016 і 2017 гадоў. Сярод вызваленых сёньня вайскоўцаў – абаронцы Марыюпалю», – паведаміў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
Пасярэднікам у абмене выступілі Аб'яднаныя Арабскія Эміраты.
2 чэрвеня на перамовах у Стамбуле бакі дамовіліся пра абмены палоннымі і целамі загінулых. Расейскі бок заяўляў, што ў аднабаковым парадку перадасьць шэсьць тысяч целаў украінскіх вайскоўцаў.
Пазьней украінскі бок заявіў, што Расея перадае Ўкраіне і «целы расейскіх вайскоўцаў — зьмешаныя зь целамі ўкраінцаў». Украінцы апублікавалі шэраг доказаў гэтаму, у тым ліку вайсковыя дакумэнты загінулых. У Расеі гэтую заяву пакуль не камэнтавалі.
Форум