Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму здараюцца трагедый з былымі беларускімі ваярамі ў мірным жыцьці? Пра самагубства добраахвотніка ў Гданьску і ня толькі


Беларускія добраахвотнікі ва Ўкраіне. Архіўнае ілюстрацыйнае фота
Беларускія добраахвотнікі ва Ўкраіне. Архіўнае ілюстрацыйнае фота

25 ліпеня ў польскім Гданьску скончыў жыцьцё самагубствам 28-гадовы беларус, які раней служыў у палку «Пагоня» ва Ўкраіне. Паводле знаёмых былога добраахвотніка ён перажываў дэпрэсію, доўгі час прымаў вялікую колькасьць лекаў, але апошнімі месяцамі адмовіўся ад лячэньня. Самагубству папярэднічала трагічная сустрэча зь сябрам, якога былы добраахвотнік моцна зьбіў, пасьля чаго той трапіў у шпіталь.

Пра тое, зь якімі праблемамі сутыкаюцца былыя беларускія добраахвотнікі пасьля таго, як вяртаюцца ў мірнае жыцьцё, Свабода пагаварыла з кіраўніком Камісіі Каардынацыйнай рады па нацыянальнай і рэгіянальнай бясьпецы, сябрам Камісіі па вайсковым накірунку, былым байцом Палка імя Кастуся Каліноўскага Аляксандрам «Кусь» Клачко, а таксама з прадстаўніком у абароне і нацыянальнай бясьпецы АПК, былым намесьнікам камандзіра палку Каліноўскага Вадзімам Кабанчуком.

«Зьвяртаесься па дапамогу, а кажуць, што дапамагаем толькі палітвязьням»

Кіраўнік камісіі Каардынацыйнай рады па нацыянальнай і рэгіянальнай бясьпецы, сябрам Камісіі па вайсковым накірунку, былы баец Палка імя Кастуся Каліноўскага Аляксандар «Кусь» Клачко кажа, што прывык да сьмерці сваіх пабрацімаў на вайне, і таму да трагедыі ў Гданьску ставіцца больш-менш без эмоцый. Паводле яго, многія пытаньні з былымі беларускімі добраахвотнікамі не вырашаныя і патрабуюць вырашэньня.

У беларускіх добраахвотнікаў, калі яны вяртаюцца ў Эўропу, няма статуса

Клачко лічыць, што былыя добраахвотнікі сутыкаюцца з тымі ж самымі праблемам, што былыя палітвязьні, якія вымушана зьяжджаюць з краіны.

— Акрамя гэтага дадаецца пытаньне такога вайба, які за намі цягнецца, што мы ўдзельнікі баявых дзеяньняў, і не ўсе гэта разумеюць, што гэта і хто гэта, якая матывацыя, што чакаць ад гэтых людзей. Ня ўсе разумеюць псыхалягічныя праблемы, якія з якімі мы сутыкаемся. І самае галоўнае, калі з палітвязьнямі ўсё зразумела, што вось гэта палітвязьні, што яны супраць рэжыму змагаюцца, у іх ёсьць статус, то ў беларускіх добраахвотнікаў, калі яны вяртаюцца ў Эўропу, няма статуса. То бок для нас стаўленьне неадназначнае. Хто мы там, злодзеі, злачынцы, тэрарысты ці мы тыя, хто там змагаліся за свабоду.

У свой час Аляксандар Клачко вельмі доўга чакаў легалізацыі ў Літве і спрабаваў прыцягнуць увагу літоўскіх уладаў да праблемы легалізацыі беларусаў — у тым ліку добраахвотнікаў, якія ваявалі на баку Ўкраіны.

— Літоўскі сэйм не ўхваліў рашэньне аб наданьні статуса абаронца свабоды літоўскім добраахвотнікам. То бок Літва не вызначылася, як яна ставіцца на афіцыйным узроўні да сваіх грамадзян, якія змагаліся на баку Ўкраіны супраць Расеі. То ўявіце сабе, што чакае беларускіх добраахвотнікаў.

Ці ёсьць арганізацыі, якія спэцыялізуюцца на дапамозе беларускім добраахвотнікам, ці дастаткова іх, пытаемся ў былога байца палка Каліноўскага.

— У першыя тры гады вайны сытуацыя была катастрафічная для добраахвотнікаў. І вось 25-ы год — фактычна пераломны. Вылучанае фінансаваньне, ёсьць арганізацыі, якія займаюцца падтрымкай добраахвотнікаў. Я не скажу, што гэта сыстэмная падтрымка — пакуль хутчэй кропкавая падтрымка. Сярод гэтых арганізацый я магу назваць рэабілітацыйны цэнтар «Ланка», які ўзначальвае Тацяна Гацура-Яворская ва Ўкраіне. Гэта клюб «Ліцьвіны», які атрымаў зараз фінансавую дапамогу на аказаньне падтрымкі добраахвотнікам і іх сем’ям. Вольга Зазулінская на сваёй пасадзе прадстаўніцы АПК па сацыяльных пытаньнях, а таксама ў кіраўніцтве фонду «Краіна для жыцьця» актыўна падтрымлівае павестку добраахвотнікаў і семʼяў. Гэта «Крывічы», якія ў Варшаве ладзяць летнікі. Ёсьць арганізацыя пад Беластокам, ёсьць летнік у Італіі, у тым ліку для дзяцей добраахвотнікаў, які ладзіць народная амбасада ў Італіі. Ёсьць ініцыятыва «Росквіт», якая аказвае псыхалягічную падтрымку жанчынам-добраахвотніцам і самім добраахвотнікам псыхалягічную падтрымку аплочвае. Арганізацыя «Сашко» ужо скончыла сваё існаваньне, але рабіла добрую справу.

У першыя тры гады вайны сытуацыя была катастрафічная для добраахвотнікаў

Аляксандар Клачко падкрэсьлівае некалькі важных момантаў для выранэньня праблем добраахвотнікаў.

— Трэба, каб матывацыя беларускіх добраахвотнікаў стала зразумелай большасьці беларускага грамадзтва, каб пра гэта не баяліся казаць прадстаўнікі дэмакратычных сіл заходнім партнэрам пры сустрэчах. У свой час гэтая тэма была проста табуяваная, лічылася, што яе нельга падымаць. І трэці момант важны, гэта фінансаваньне, без якога ні лекі не набудзеш, ні ўсё іншае.

Кіраўнік камісіі Каардынацыйнай рады па нацыянальнай і рэгіянальнай бясьпецы кажа, што вайсковая тэма, тэма добраахвотнікаў пужае шмат людзей, пужае мірных эўрапейцаў, пужае многіх беларусаў.

— Я чуў шмат разоў ад беларусаў, што мы вас туды не пасылалі, вы там за Ўкраіну змагаліся, хай вам Украіна дапамагае. Вы там любіце забіваць людзей, таму вы паехалі на вайну. Шмат момантаў, якія проста ў мяне ў галаве не ўкладаюцца. Я думаю, што гэта ад неразуменьня. Гучала і ў мой бок таксама, што найміт, што я за грошы паехаў. То бок гэта неразуменьне, часам нежаданьне разумець.

Чаму многія хаваюць свой удзел у баявых дзеяньнях?

Асобная праблема, паводле Аляксандра, у тым, што добраахвотнікі за тры гады, калі не было ніякай падтрымкі, навучыліся насіць гэта ў сябе — і маўчаць.

— Ты зьвяртаесься, а кажуць, што мы дапамагаем толькі палітвязьням, добраахвотнікам мы не дапамагаем. Да таго ж большая частка добраахвотнікаў хаваюць свае твары, каб не было перасьледу родных у Беларусі, каб не было наступстваў з боку эўрапейскіх спэцслужбаў, дадатковых перашкодаў пры лякалізацыі. Таму многія хаваюць свой удзел у баявых дзеяньнях. Розныя матывы. Напрыклад, я моцны, я сам спраўлюся. Ці скажуць, што прадаўся Ціханоўскай, што ад Стрыжака не хачу грошы. Дарэчы, дзякуй вялікі Байсолу за арганізацыю збораў для добраахвотнікаў. Я разумею іншых добраахвотнікаў, якія не гатовыя зьвярнуцца ў Байсол, каб адкрылі збор. На раненьне, хваробу, на лекі зьвярнуліся б, а на бытавыя моманты, аплату кватэры не наважваюцца. Таксама я сутыкаўся з тым, што калі прапануеш бясплатную псыхалягічную дапамогу, трэба вельмі пастарацца, каб чалавек пагадзіўся на гэтую дапамогу.

Паводле Аляксандра, з 2022 году каля паўтары тысячы беларускіх добраахвотнікаў маюць патрэбу ў дапамозе.

«Нейкая частка людзей патрапіла ў падразьдзяленьні добраахвотнікаў, маючы праблемы яшчэ ў мірным жыцьці»

Прадстаўнік у абароне і нацыянальнай бясьпецы АПК, экс-намесьнік камандзіра палку Каліноўскага Вадзім Кабанчук кажа, што ведае пра некалькі трагічных выпадкаў з былымі добраахвотнікамі ў мірным жыцьці пасьля таго, якія яны сыходзяць з фронту. І ўсе яны, паводле прадстаўніка АПК, зьвязаныя з пост траўматычным сындромам, са знаходжаньнем у стрэсавай сытуацыі.

Пры гэтым Кабанчук адзначае, што могуць быць іншыя выпадкі, зьвязаныя з тым, што асабліва ў першыя месяцы поўнамаштабнага ўварваньня, калі людзі прыходзілі ў падразьдзяленьні, мэдычная камісія амаль не праводзілася, ці праводзілася вельмі фармальна.

— І цалкам верагодна, што нейкая частка людзей патрапіла ў падразьдзяленьні добраахвотнікаў, маючы праблемы яшчэ ў мірным жыцьці. Мы ведаем, што сытуацыя вайны прыцягвае да сябе людзей, якія ў нечым шукаюць хуткіх рашэньняў, шукаюць справядлівасьці, у тым ліку людзей з не зусім стабільнай псыхікай. І калі пры нармальных умовах мэдыцынскія камісіі могуць фільтраваць такіх людзей, то калі толькі пачалася вайна, асабліва ў першыя месяцы, такіх магчымасьцяў проста не было.

Вайна прыцягвае да сябе людзей, якія ў нечым шукаюць хуткіх рашэньняў, справядлівасьці, у тым ліку людзей з не зусім стабільнай псыхікай

Вадзім Кабанчук кажа, што ва Ўкраіне ёсьць дастаткова дабрачынных фондаў, якія на бясплатнай аснове аказваюць псыхалягічную дапамогу былым ваярам, параненым байцам, займаюцца рэабілітацыяй і гэтак далей.

— Нават ёсьць адна беларуская фундацыя, якая знаходзіцца каля Кіева. Там некалькі беларускіх хлопцаў праходзяць рэабілітацыю. А калі баец выяжджае ў краіны Эўропы, то там усё вельмі па-рознаму адбываецца. Ёсьць краіны, якія могуць аказваць мэдычную дапамогу, напрыклад, Чэхія. У Польшчы таксама нашы хлопцы атрымлівалі дапамогу. Зараз двое байцоў праходзяць лячэньне ў Злучаных Штатах. Паўсюль розная сытуацыя.

Былы намесьнік камандзіра палку Каліноўскага кажа і пра сталыя праблемы з дакумэнтам.

— У кожнага свой кейс: хтосьці едзе рабіць дакумэнты ў Эўропу, хтосьці спрабуе рабіць іх ва Ўкраіне, што ў прынцыпе складана. На жаль, бюракратычны апарат ва Ўкраіне скептычна ставіцца да беларусаў, нават нягледзячы на тое, што ў іх ёсьць вайсковы білет ці беларус — былы ваяр, таму што ўсё ж яны нас далучаюць да краіны, якая мае дачыненьне да суагрэсіі супраць Украіны.

Украінская Вярхоўная рада прымала законы, але яны яшчэ сырыя. Былі спробы ўнесьці зьмены, напрыклад прынялі закон, паводле якога ваяр можа прэтэндаваць на ўкраінскае грамадзянства, калі тры гады прабыў на кантракце. Але тры гады на кантракце — гэта вельмі вялікі тэрмін ва ўмовах сучаснай вайны. І нават псыхалягічна ня кожны чалавек можа вытрымаць такі тэрмін. Таму праблемы ва Ўкраіне з дакумэнтамі, на жаль, застаюцца.

Вадзім Кабанчук згадвае выпадкі, калі ці камандзір беларускай групы ці ўкраінскі афіцэр заўважаў, што баец даўно ня быў у адпачынку, што ён стомлены, і тады людзей проста прымушалі сысьці ў адпачынак, таму што некаторыя хлопцы ня хочуць па розных прычынах мець перапынак і адпачыць.

Ваярам палка Каліноўскага належыць узяць адпачынак праз 6 месяцаў службы, кажа былы намесьнік камандзіра палка. Калі ў чалавека была баявая траўма ці псыхалягічная траўма і яму патрэбная мэдычная дапамога, яго ніхто ня будзе прымушаць выконваць баявыя задачы, бачачы, што ён не ў адэкватным стане.

Што да сацыялізацыі ў дыяспары пасьля вяртаньня ў мірнае жыцьцё, паводле Кабанчука, гэта цяжкая справа ня толькі для добраахвотнікаў, але і для ўсіх нашых людзей, якія зьехалі з Беларусі.

— І гэта залежыць у тым ліку і ад узросту чалавека. Я па сабе скажу, у мяне быў пэўны досьвед эміграцыі. Зараз я ва Ўкраіне жыву ўжо 11 гадоў. Чым большы ўзрост чалавека, тым складаней яму адаптавацца. Маладзейшым лягчэй і сацыялізавацца, і вывучыць мову. Што да псыхалягічнай рэабілітацыі, то тут таксама немагчыма пад адзін шаблён усіх раўняць. Вельмі індывідуальна. Ёсьць людзі, якія разумеюць, што калі зараз пачаць рэфлексаваць над тым, што ты пабачыў ці пачуў, ты можаш проста не вытрымаць далей на доўгай дыстанцыі. І таму гэтыя ўсе рэфлексіі можна адкладаць на потым. Можа быць, яны выльюцца ў кагосьці ў мэмуары, у кагосьці проста ў размовы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG