Былы баец палку Каліноўскага з пазыўным «Тыгр» аказаўся ў складанай жыцьцёвай сытуацыі. Па вяртаньні з вайны ва Ўкраіне паўтара года таму ўладкаваўся кур’ерам у Познані. Каля месяца таму, ехаўшы на скутэры, трапіў у аварыю. У выніку мужчына перасоўваецца на мыліцах і пакуль ня можа працаваць. Ён зьвярнуўся праз BYSOL па дапамогу. Свабода пагутарыла з 33-гадовым Яўгенам «Тыграм» аб пратэстах 2020 году, эміграцыі, пра год у палку Каліноўскага і няпростае вяртаньне ў мірнае жыцьцё.
Мы размаўляем зь Яўгенам празь відэасувязь, але дамовіліся, што відэа ня будзем скарыстоўваць з прычыны бясьпекі. У Беларусі ў Яўгена засталася сям’я, якая цярпіць ад прэсінгу сілавікоў. І мужчына ня хоча зрабіць яшчэ больш складаным жыцьцё яго блізкіх у Беларусі. Асобу Яўгена «Тыгра» Свабодзе пацьвердзілі ў палку Каліноўскага.
Яўген кажа, што яму было няпроста зьвярнуцца па дапамогу.
— Рэч у тым, што ніхто нам нічога не павінен. Мы, добраахвотнікі, ехалі на вайну самі, з уласнай ініцыятывы. Я разумею тых, хто думае, што і так усім цяжка выжываць у эміграцыі, і не гатовы дапамагаць. Але я сапраўды цяпер у вельмі складанай сытуацыі. Пасьля цяжкай траўмы і апэрацыі я не магу працаваць, а трэба плаціць за жытло, за ежу, за сабаку. Апэрацыя была бясплатная, цяпер ідзе рэабілітацыя, і яна ня цалкам бясплатная. Частку лекаў аплочвае страхоўка, частку — не. Я перасоўваюся на дзьвюх мыліцах. Суседка-полька дапамагае выгуляць сабаку — ён вялікі, 45 кг, яму трэба бегаць. А я магу толькі дайсьці да лаўкі і пасядзець.
«Быў на Пушкінскай. Адсядзеў 7 дзён пасьля затрыманьня ў Чырвоным касьцёле»
Яўгену цяпер 33 гады. У Менску ён працаваў вэб-дызайнэрам.
— Усё пачалося яшчэ ўзімку 2019–2020 году, зь мітынгаў супраць інтэграцыі з Расеяй, у якіх я браў удзел. Потым пачаўся COVID-19, і наша дзяржава, скажам так, дрэнна на гэта адрэагавала. Людзі пачалі аб’ядноўвацца. Потым пачаліся перадвыбарчыя мітынгі, «ланцугі салідарнасьці», яшчэ не было дакладна вядома, каго дапусьцяць да выбараў. Зьбіралі подпісы за розных кандыдатаў. Мы з маёй жонкай ува ўсё гэта ўключыліся. Тады зьявілася вера, што гэтым разам мы сапраўды можам нешта зьмяніць.
Тым ня менш Яўген кажа, што ўжо тады ён ня меў ілюзіяў наконт магчымасьці зьмяніць гэтую ўладу мірна.
— Я чалавек дастаткова радыкальны. Я разумеў, што Лукашэнка нічога не аддасьць, што прыйдзецца сутыкацца з сілавікамі. 9 жніўня мы з кампаніяй сяброў былі гатовыя да такога сцэнару. Маскі, сродкі абароны — усё было. 10 жніўня я быў на Пушкінскай, калі застрэлілі Тарайкоўскага. Я не стаяў зусім побач, але ўсё адбывалася на маіх вачах. Удзельнічаў у сутыкненьнях, але заўсёды хаваў твар — маска, шапка, акуляры.
Падчас адной з акцыяў, калі сілавікі загналі людзей у касьцёл Сымона і Алены, Яўгена затрымалі. Адсядзеў 7 содняў. Як кажа, пашанцавала, бо ў той пэрыяд не білі і не катавалі, як у першыя дні пратэстаў.
У сьнежні 2020 году Яўген разам з жонкай і сабакам зьехаў зь Беларусі ва Ўкраіну.
— Я беларус, нарадзіўся і ўсё жыцьцё пражыў у Менску, але так атрымалася, што і маці, і я мелі расейскае грамадзянства. Улады спрабавалі мяне дэпартаваць як «непажаданага» грамадзяніна Расеі. Пачаўся ціск: назіраньне, машыны пад домам, невядомыя людзі. Суседзі казалі, што хтосьці круціцца каля дзьвярэй. Я зразумеў: трэба бегчы. Мы хутка сабраліся з жонкай: сабака, два заплечнікі, два чамаданы — і ўсё. Мне паставілі ў пашпарт не «дэпартацыю», а «высылку». Далі месяц, каб добраахвотна пакінулі краіну. Вядома, не ў Расею. Паехалі ва Ўкраіну, дзе мы атрымалі польскія гуманітарныя візы і пераехалі ў Польшчу.
Год у палку Каліноўскага
Пытаюся ў Яўгена, як ён прыняў рашэньне ваяваць за Ўкраіну.
— Яшчэ ў 2021 годзе ў Польшчы ў нас была невялікая кампанія — мы марылі вярнуцца ў Беларусь. Разумелі, што безь сілавога кампанэнту нельга. І калі ўзімку 2021–2022 году ў Беларусі пачаліся расейскія вучэньні, мы дамовіліся: калі пачнецца вайна — едзем. Бо калі Ўкраіна ня выстаіць — пра вольную Беларусь можна забыць. Мае сябры зь беларускімі пашпартамі змаглі паехаць адразу. А мяне з расейскім пашпартам некалькі месяцаў не пускалі. Я прайшоў дадатковыя праверкі СБУ. Потым Украіна ўвяла візавы рэжым для грамадзян Расеі, і я атрымаў украінскую візу. Мне здаецца, яна была нумар 0002 — амаль першая.
У палку Каліноўскага спачатку была «вучэбка», потым Яўген паўгоду быў інжынэрам-выведнікам у батальёне «Літвін». Удзельнічаў у штурмах, выконваў задачы выведкі. Абраў пазыўны «Тыгр», «бо заўсёды быў тыграм, з 12-13 гадоў такая мянушка ў інтэрнэце была».
— Я быў пераважна на Запароскім фронце. Адно з маіх першых заданьняў — эвакуацыя. Пакуль ты ў «вучэбцы», разумееш, што ўсё адбываецца хутка. Але калі трапляеш на поле бою, ты проста ашаломлены, нагэтулькі ўсё імкліва. За адну хвіліну вас могуць абстраляць, вы падаеце, а потым ужо адыходзіце — і гэта толькі адна хвіліна.
Добраахвотнік вярнуўся з вайны ў Польшчу праз паўгоду, бо так паабяцаў жонцы.
— Але псыхалягічна з вайны не вярнуўся. Празь нейкі час паехаў зноў — яшчэ на паўгоду, працаваў з FPV-дронамі. У верасьні 2023 вярнуўся ў Польшчу. Адразу сутыкнуўся з трыма праблемамі. Першая — ПТСР (посттраўматычны стрэсавы разлад. — РС), што ёсьць у кожнага, хто прайшоў вайну. Другое — крызіс сярэдняга ўзросту. Мне быў 31 год, і я пачаў задаваць сабе пытаньні: што далей, дзеля чаго жыць? І трэцяе — маёй жонцы было цяжка, яна вырашыла разьвесьціся. І вось я застаўся адзін у Польшчы.
«Мой сьвет разбурыўся»
Яўген кажа, што знайшоў у сабе сілы аднаўляцца, захапіўся праграмаваньнем, знайшоў сэнс у жыцьці.
— Пазнаёміўся з жанчынай і ўпершыню сапраўды пакахаў. Так пакахаў, як ніколі не кахаў нават былую жонку. Мы былі разам паўгоду — і яна сышла. Гэта мяне сапраўды зламала. І тут я яшчэ і трапіў у аварыю — жанчына на машыне павярнула, я спрабаваў затармазіць на скутэры, упаў, зламаў нагу. Мой сьвет і так ужо разбурыўся, а тут яшчэ гэта. І я ня вытрымаў.
Былы каліновец пэўны час хадзіў на псыхатэрапію.
— Але зараз няма грошай. Я разумею, што калі чалавек сам сабе ня хоча дапамагаць — ніхто яму не дапаможа. А я ня ведаю, як самому сабе дапамагчы. Я разумею, што многія былыя беларускія добраахвотнікі цяпер у вельмі складанай сытуацыі. Разумею, што нам ніхто нічога не павінен. Мы ўсе былі добраахвотнікамі. І я разумею, калі людзі кажуць: «Вы самі туды паехалі». Я разумею тых, хто думае, што і так усім цяжка выжываць у эміграцыі, і не гатовы дапамагаць іншым, бо самі ледзь трымаюцца. Але, вядома, было б цудоўна, калі б была нейкая ініцыятыва, фонд, які ня проста існуе, а сапраўды дапамагае. Ёсьць асацыяцыя вэтэранаў, можна атрымаць бясплатную рэабілітацыю, мэдычную ці псыхалягічную дапамогу, перападрыхтоўку. Але гэтага вельмі мала і гэта маладаступна. І фінансаваньня амаль няма. Але сыстэма падтрымкі патрэбная. Інакш шмат хто проста зломіцца.
«Ня варта чакаць перамен у Беларусі ў бліжэйшы час»
Яўген ня вельмі аптымістычны што да магчымасьці дэмакратычных пераменаў у Беларусі.
— На жаль, я думаю, што ня варта чакаць перамен у Беларусі ў бліжэйшы час. Бо нават калі будзе дасягнута нейкае мірнае пагадненьне, яно не прывядзе да зьмены ўлады ў Расеі. А бяз гэтага нічога ня зьменіцца і ў Беларусі. Гэта вельмі ўзаемазьвязаныя рэчы.
Пытаюся ў Яўгена, ці тады ўсё дарма, што рабілі і робяць беларускія добраахвотнікі ва Ўкраіне?
— Не, гэта не дарма. Але ня варта думаць, што мы, беларусы, зможам назапасіць столькі вайсковай моцы, каб сілавым шляхам зрынуць Лукашэнку. Рэсурсы патрэбныя велізарныя. Але тое, што ў нас ёсьць ваенны досьвед, што мы можам стварыць нейкае сілавое ядро — гэта важна. Нават калі ўлада зьменіцца мірна — хтосьці павінен будзе ахоўваць межы, унутраны парадак. Але спадзявацца на сілавое вяртаньне ў Беларусь — не. Таму шмат хто цяпер ваюе хутчэй за Ўкраіну.
Падтрымаць Яўгена «Тыгра» можна праз збор BySol.
Форум