Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ёсьць негалоснае распараджэньне не даваць замежнікам украінскае грамадзянства? Меркаваньні беларусаў Украіны


Украінскі пашпарт. Ілюстрацыйнае фота
Украінскі пашпарт. Ілюстрацыйнае фота

Расейскі вайсковец, які ваюе на баку Ўкраіны, заявіў каналу «Настоящее время», што міграцыйная служба краіны мае негалоснае распараджэньне не выдаваць украінскія пашпарты добраахвотнікам зь Беларусі і Расеі. Што пра гэта кажуць беларусы.

«Чыноўнікі адкрыта не прызнаюць спэцыфічнага стаўленьня да беларусаў і расейцаў»

Вадзім Кабанчук, прадстаўнік у абароне і нацыянальнай бясьпецы АПК, экс-намесьнік камандзіра палку Каліноўскага, паведаміў, што да поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны некалькі беларусаў, якія ваявалі на баку Ўкраіны, пачынаючы з 2014 году, змаглі атрымаць грамадзянства Ўкраіны.

«Я асабіста ведаю некалькі хлопцаў, якія атрымалі пашпарт Украіны, некаторыя зь іх, на жаль, загінулі. Аляксей Скобля атрымаў на падставе дзяржаўнай узнагароды (у красавіку 2022 году Аляксею Скоблю пасьмяротна прысвоілі званьне Героя Ўкраіны, ён загінуў 13 сакавіка 2022 году, прыкрываючы адыход сваіх байцоў пад Кіевам. — РС). Дзяніс Прохараў таксама атрымаў украінскае грамадзянства», — сказаў Свабодзе Вадзім Кабанчук.

Вадзім Кабанчук, архіўнае фота
Вадзім Кабанчук, архіўнае фота

У той жа час, ён прызнаўся, што ня ведае, як цяпер Дзяржаўная міграцыйная служба Ўкраіны ставіцца да «пашпартнага пытаньня» добраахвотнікаў.

«Мае знаёмыя атрымлівалі грамадзянства ў часы антытэрарыстычнай апэрацыі. Асабіста я таксама падаваўся на грамадзянства. У мяне там было некалькі падстаў, але я яго не атрымаў. Таму на сваім досьведзе магу сьцьвярджаць, што працэдура нялёгкая, няпростая, і, мабыць, ёсьць спэцыфічнае стаўленьне да беларусаў і расейцаў, але дзяржаўныя чыноўнікі наўрад ці гэта прызнаюць адкрыта», — патлумачыў ён.

Вадзім Кабанчук дадаў, што яму не адмовілі ў наданьні грамадзянства, а проста не далі адказу. «Я пару разоў зьвяртаўся ў міграцыйную службу, а там кажуць, што мае дакумэнты пайшлі на Офіс прэзыдэнта, адказу пакуль няма», — паведаміў былы добраахвотнік.

«Праблема ня толькі з грамадзянствам, на ўцякацтва таксама вельмі няпроста падацца»

Заснавальніца рэабілітацыйнага цэнтру «Ланка» ва Ўкраіне Тацяна Гацура-Яворская сказала Свабодзе, што ведае некалькі гісторый, калі беларускія добраахвотнікі зьвярталіся па атрыманьне ўкраінскага грамадзянства, але міграцыйная служба проста не прымала дакумэнты.

«Адзін кейс — не прынялі дакумэнты, бо скончыўся тэрмін пашпарту, хоць на сайце ДМС Украіны наўпрост напісана, што прымаюць нядзейны пашпарт шэрагу краін і ў пераліку ёсьць Беларусь. Другі кейс — чалавек зьвярнуўся пасьля 3 гадоў службы, але яму сказалі, што для падачы на грамадзянства патрэбна прадстаўленьне Міністэрства абароны, то бок ня ён сам мусіць зьвяртацца, а трэба, каб Мінабароны зьвярнулася. То бок ствараюцца любыя перашкоды і складаныя працэдуры, каб адсеяць, так бы мовіць, нематываваных людзей. Гэта сарказм, калі што. Такая сытуацыя ня толькі з грамадзянствам, на ўцякацтва таксама вельмі няпроста падацца, нават калі ты быў на кантракце. Дакумэнты проста не прымаюць з розных „тэхнічных“ прычын, так што людзі проста адпраўляюць поштай і загадзя настройваюцца на суды», — паведаміла яна.

Тацяна Гацура-Яворская, архіўнае фота
Тацяна Гацура-Яворская, архіўнае фота

Паводле заснавальніцы рэабілітацыйнага цэнтру «Ланка», большая частка грамадзян Беларусі, якія сутыкнуліся з праблемай легалізацыі, вымушаныя былі зьехаць з Украіны.

«Я асабіста ведаю чалавек 10, якія засталіся ва Ўкраіне, нягледзячы на вайну, але пасьля зьяжджалі, бо не было іншага выйсьця. Але і сёньня ёсьць і ваяры, якія тут з ужо нядзейным пашпартам, і я асабіста з такой праблемай і дылемай — ці заставацца тут без магчымасьці выяжджаць за мяжу, фактычна зрабіцца невыязной на невядомы тэрмін, ці выяжджаць у эўрапейскія краіны, дзе можна атрымаць дакумэнты», — расказала Тацяна Гацура-Яворская.

Паводле яе, у найбольш крыўднай сытуацыі апынуліся вэтэраны, якіх сьпісалі з войска па стане здароўя, абяцанае грамадзянства пад пытаньнем, і няма дакумэнта, каб выехаць на рэабілітацыю ці ўбачыць сяброў, сям’ю.

«Тым ня менш, гэтая праблема можа быць вырашана, і ўкраінская дзяржава робіць для гэтага пэўныя крокі. Цяпер якраз рыхтуюцца зьмены ў заканадаўства, каб выдаваць украінскі дакумэнт іншаземца для выезду за мяжу. Гэта была ініцыятыва „Ланкі“ і мы спадзяемся, што яна спрацуе», — адзначыла Тацяна Гацура-Яворская.

«Складансьці ня толькі ў вайскоўцаў, а і ў цывільных»

Кіраўнік грамадзкай арганізацыі «Беларуская супольнасьць Украіны» і дабрачыннага фонду «Вольная Беларусь» Аляксей Францкевіч мяркуе, што сытуацыя з атрыманьнем украінскіх пашпартоў беларусамі не такая крытычная, але ўсё роўна трэба размаўляць з уладамі Ўкраіны і спрабаваць зьмяніць нарматыўна-прававыя падыходы ў вырашэньні гэтага пытаньня.

«Кожны кейс індывідуальны. Калі ёсьць падстава, то падаюць дакумэнты. Пра негалоснае рашэньне не прымаць, упершыню чую ад вас. Закандаўчая база распрацоўваецца, і мы ўдзельнічаем у працэсе, каб людзі атрымлівалі дакумэнты», — сказаў Свабодзе Аляксей Францкевіч.

Аляксей Францкевіч на адкрыцьці ў Вільні беларускай выставы «З Украінай у сэрцы» у Вільні. Архіў
Аляксей Францкевіч на адкрыцьці ў Вільні беларускай выставы «З Украінай у сэрцы» у Вільні. Архіў

Паводле яго, апроч беларускіх ваяроў, ёсьць праблемы зь легалізацыяй цывільных беларусаў. «Вайскоўцамі займаюцца Міністэрства абароны, часткі, у якіх яны ваююць і зь якімі падпісалі кантракт. Ёсьць тыя, хто імі займаюцца, і ў кожным выпадку сваё стаўленьне і свае адносіны. У некаторых ёсьць праблемы з выплатамі, а ёсьць наадварот», — дадаў ён.

Аляксей Францкевіч дадаў, што, як прадстаўнік беларускай дыяспары, меў некалькі сустрэч з прадстаўнікамі ўраду і Офісу прэзыдэнта Ўкраіны для вырашэньня праблемы легалізацыі беларусаў.

«Ва Ўкраіне гадамі жыве вялікая колькасьць цывільных грамадзян нелегальна, і наконт іх няма юрыдычных рашэньняў. Было б вельмі добра, каб беларусы зьвярталіся і расказвалі пра свае кейсы, бо, каб зьмяніць заканадаўчую базу, патрэбна ведаць гэтыя праблемы і мяняць працэдуры. Пасьля сустрэчы ў офісе прэзыдэнта, а мы другі раз былі афіцыйна запрошаныя, у нас цяпер ёсьць магчымасьць накіроўваць гэтыя справы і іх абмяркоўваць», — адзначыў ён.

У той жа час Аляксей Францкевіч падкрэсьліў, што беларускія добраахвотнікі, як і расейскія, паводле заканадаўства Ўкраіны, для атрыманьня ўкраінскага заканадаўства павінны адслужыць паводле кантракту тры гады, мець раненьне або дзяржаўную ўзнагароду.

«Ёсьць выпадак, калі беларускі добраахвотнік адваяваў два гады, у яго закончыўся беларускі пашпарт, але ён ня мае падстаў зьвярнуцца па ўкраінскі пашпарт. Пакуль ваеннае становішча — яны ўсе легальна знаходзяцца, а калі вайна закончыцца і захаваецца ўлада ў Беларусі, то беларусы будуць мець праблемы, бо ня змогуць паехаць у Беларусь, каб замяніць свой пашпарт», — сказаў Аляксей Францкевіч.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG