Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская і праваабарончыя арганізацыі выказаліся пра скандал з кіраўніком BySol Стрыжаком


Андрэй Стрыжак
Андрэй Стрыжак

Сьвятлана Ціханоўская зрабіла заяву з нагоды скандалу з кіраўніком фонду BySol Андрэем Стрыжаком, які прызнаў, што рассылаў жанчынам непрыстойныя фота бязь іх згоды.

«Апошнія навіны выклікалі абурэньне і расчараваньне, і я хачу выказаць словы падтрымкі ўсім пацярпелым ад харасмэнту жанчынам. Дзякуй, што знаходзіце ў сабе сілы ў адкрытую казаць пра такія важныя і балючыя тэмы. Некарэктныя і ганебныя паводзіны нельга апраўдваць ці замоўчваць. Бо гэта шырокая сацыяльная праблема, якая закранае сям’ю, працу, усё грамадзтва», — піша Ціханоўская.

Пры гэтым, яна адзначае, што BySol — гэта не адзін чалавек, а арганізацыя, якая працуе шмат гадоў. «Гэта каманда, якая фарміравалася з людзей з досьведам, прафэсіяналізмам, вытрымкай. Людзей, што дапамагалі іншым, нават калі самі знаходзіліся ў небясьпецы. Многія з іх з самага пачатку былі побач з беларусамі ў цяжкія часы».

Ціханоўская таксама піша, што фонд адрэагаваў на сытуацыю як адказная структура: прызнаў праблему, адхіліў ад працы кіраўніка і пачаў унутранае расьсьледаваньне. «Лічу, што такая празрыстая і сумленная пазіцыя адпавядае стандартам, якіх мы ўсе чакаем ад арганізацыяў, што працуюць для Беларусі».

Ціханоўская заклікала, каб нават такі рэзанансны выпадак не «абнуліў» значнасьць працы ўсёй каманды. «Нельга дазволіць, каб дзеяньні аднаго чалавека зьнішчылі шматгадовую працу фонду, бо BySol дапамог і дапамагае тысячам беларусаў. Падтрымку ад фонду атрымалі людзі, чые жыцьці былі пад пагрозай. І BySol па-ранейшаму патрэбны тым, хто ўсё яшчэ ў небясьпецы».

З супольнай заявай таксама выступіў шэраг беларускіх праваабарончых арганізацый.

Сярод іншага, у заяве ёсьць заклік да людзей з арганізацый грамадзянскай супольнасьці, мэдыя, палітычных структур і іншых інстытуцый:

  • У любых адчувальных камунікацыях зыходзіць з прынцыпу ясна выяўленай згоды.
  • Выключаць любое выкарыстаньне дысбалянсу ўлады.
  • Не злоўжываць сацыяльным капіталам (прадстаўнікоў і прадстаўніц грамадзянскай супольнасьці, мэдыя, палітычных структур і іншых інстытуцый) у асабістым жыцьці.
  • Рабіць праактыўны ўнёсак у стварэньне бясьпечнага і паважлівага асяродзьдзя: разьвіваць уласную чуласьць і сацыяльную кампэтэнтнасьць, рэагаваць на недапушчальныя паводзіны прадстаўнікоў і прадстаўніц супольнасьці і падтрымліваць тых, хто паведамляе пра такія паводзіны.
  • Рабіць захады па барацьбе з культурай гвалту на асабістым і прафэсійным узроўні, пры неабходнасьці прымаць адпаведныя палітыкі ў арганізацыі і імплемэнтаваць іх.

«Мы падкрэсьліваем неабходнасьць аказаць дапамогу і падтрымку пацярпелым ад гвалту. Мы таксама выказваем гатоўнасьць супрацоўнічаць у распрацоўцы і ўкараненьні палітык і практык, у адпаведнасці з падыходам, заснаваным на правах чалавека, у дзейнасьць арганізацый грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сіл», — гаворыцца ў заяве, пад якой падпісаліся Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Беларускі ПЭН, Беларускі Хэльсынскі Камітэт, Human Constanta, Lawtrend, Офіс па правах людзей з інваліднасьцю, Праваабарончы цэнтар «Вясна», Прававая ініцыятыва і Respect-Protect-Fulfill.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG