Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраіль нанёс удары па прэзыдэнцкім палацы ў Дамаску і па Генштабе сырыйскай арміі


Дым над будынкам Генштабу сырыйскай арміі пасьля ўдару ізраільскага войска, Дамаск, 16 ліпеня 2025
Дым над будынкам Генштабу сырыйскай арміі пасьля ўдару ізраільскага войска, Дамаск, 16 ліпеня 2025

Армія Ізраіля нанесла ўдары па штаб-кватэры ўрадавых войскаў Сырыі і па прэзыдэнцкім палацы ў Дамаску, паведамляюць BBC і ізраільскае войска ЦАХАЛ.

Аб ударах па ўрадавых аб’ектах у Сырыі раней таксама заявілі прэмʼер-міністар Ізраіля Біньямін Нетаньяху, міністар абароны Ісраэль Кац і прэсавая служба ЦАХАЛ. Згодна з заявамі, удары былі нанесеныя для абароны прадстаўнікоў грамады друзаў у горадзе Эс-Сувэйда на паўднёвым захадзе Сырыі. Ізраіль падтрымлівае друзаў у канфлікце з сырыйскімі ісламісцкімі фармаваньнямі.

Напярэдадні ў горадзе, у якім пражываюць у асноўным друзы, некалькі дзясяткаў чалавек былі забітыя ў сутыкненьнях паміж бэдуінскімі плямёнамі і мясцовымі баевікамі. Таксама ў сутыкненьнях удзельнічалі вайскоўцы сырыйскай арміі, якія ўвайшлі ў горад. У Эс-Сувэйдзе ўвялі камэнданцкую гадзіну. Адзін з лідэраў друзаў шэйх Хікмат аль-Хаджы абвінаваціў урад Сырыі ў парушэньні перамірʼя і бамбардзіроўцы гораду. Сырыйскія вайскоўцы заяўляюць, што адкрываюць толькі агонь у адказ.

Паводле заявы Сырыйскай абсэрваторыі па правах чалавека (SOHR), у выніку сутыкненьняў загінулі не менш за 200 чалавек.

Армія абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) у аўторак нанесла ўдары па сырыйскіх вайскоўцах у раёне Эс-Сувейды. У заяве вайскоўцаў было сказана, што Ізраіль «адданы прадухіленьня шкоды друзам» у Сырыі з прычыны «глыбокага братэрскага саюзу з нашымі суграмадзянамі-друзамі ў Ізраілі».

Сутыкненьні таксама адбыліся на мяжы анэксаваных Ізраілем Галянскіх вышыняў і Сырыі. Паведамляецца, што дзясяткі друзаў спрабуюць прарвацца з Сувэйды на кантраляваную Ізраілем тэрыторыю, у той жа час сотні друзаў, якія жывуць на Галянах, спрабуюць патрапіць на тэрыторыю пад кантролем Сырыі, дзе адбываюцца сутыкненьні.

Сутыкненьні ў Сувэйдзе сталі першым выпадкам міжканфэсійных сутыкненьняў пасьля зрынаньня ўраду Башара Асада ў сьнежні 2024 года.

У 2010 годзе, да пачатку грамадзянскай вайны ў Сырыі, грамада друзаў налічвала каля 700 тысяч чалавек, што складала каля 3% насельніцтва. Амаль палова зь іх жыла ў правінцыі Эс-Сувэйда. Там друзы складалі каля 90% насельніцтва. Грамаду друзаў падтрымлівае Ізраіль. У сьнежні 2024 года, пасьля падзеньня рэжыму Башара Асада, друзы папрасілі Ізраіль далучыць да сябе шэсьць іх вёсак.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG