Як адзначаецца ў паведамленьні прэсавай службы ведамства, Максім Рыжанкоў у сваім выступе агучыў гатоўнасьць Беларусі стаць сталай пляцоўкай для мерапрыемстваў ШАС.
Паводле беларускага міністра, Менск падтрымлівае «шанхайскі дух», заснаваны на ўзаемнай павазе, роўнасьці і салідарнасьці.
Апроч таго, Максім Рыжанкоў прапанаваў разьвіваць супрацу краін ШАС з Эўразійскім эканамічным саюзам. У гэтым кантэксьце ён згадаў ініцыятыву Аляксандра Лукашэнкі аб стварэньні на эўразійскай прасторы глябальнага транзытнага хабу.
Апроч таго, у кантэксьце першапачатковай місіі ШАС — гарантаваньне рэгіянальнай бясьпекі — беларускі міністар прапанаваў больш актыўна выкарыстоўваюць гэтую пляцоўку для абмеркаваньня палажэньняў Эўразійскай хартыі разнастайнасьці і шматпалярнасьці ў XXI стагодзьдзі.
Упершыню беручы ўдзел у афіцыйным форуме ШАС, Максім Рыжанкоў адразу заявіў, што ў арганізацыю нельга прымаць дзяржавы, «якія грэбуюць яе прынцыпамі або пераносяць на яе пляцоўку двухбаковыя праблемы». Паводле яго, прыём такіх краін у ШАС «нямэтазгодны і шкодны».
У паведамленьні МЗС Беларусі не ўдакладняецца, ці назваў Максім Рыжанкоў канкрэтную краіну.
3 ліпеня міністар замежных справаў Армэніі Арарат Мірзаян на сустрэчы з кітайскім калегам Ван І заявіў, што Армэнія падзяляе прынцыпы ШАС, а менавіта тэрытарыяльную цэласнасьць дзяржаваў, невыкарыстаньне сілы і непарушнасьць межаў, і выказвае жаданьне стаць чальцом арганізацыі.
Летась дачыненьні паміж Армэніяй і Беларусьсю абвастрыліся. Армянскі прэм’ер-міністар Нікол Пашыньян заявіў, што ні ён, ні які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе ў Менску знаходзіцца Лукашэнка — праз заявы апошняга аб канфлікце з Азэрбайджанам на сустрэчы з Ільхамам Аліевым у сярэдзіне траўня 2024 году. Пасьля гэтага Армэнія адклікала зь Беларусі свайго амбасадара Разьміка Хумар’яна для кансультацыяў. У адказ Менск вярнуў з Армэніі свайго амбасадара Аляксандра Канюка.
Нікол Пашыньян раней ня раз крытыкаваў АДКБ, у тым ліку Расею і Беларусь, за брак дапамогі падчас канфлікту Армэніі і Азэрбайджану ў Нагорным Карабаху. Адначасова Ерэван стаў сыгналізаваць пра гатоўнасьць да збліжэньня з Эўразьвязам. 4 красавіка прэзыдэнт Армэніі Ваагн Хачатур’ян падпісаў закон «Аб пачатку працэсу ўступленьня Рэспублікі Армэнія ў Эўрапейскі Зьвяз».
ШАС — Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва. Цяпер у склад ШАС уваходзяць Расея, Індыя, Іран, Казахстан, Кітай, Кіргізстан, Пакістан, Таджыкістан і Ўзбэкістан. На 2022 год сакратарыят ШАС месьціўся ў Пэкіне. Рэгіянальная антытэрарыстычная структура знаходзілася ў Ташкенце.
Беларусь прынялі ў ШАС у канцы 2024 году.
Форум