Пра зьмены ў польскім візавым заканадаўстве ў размове з Свабодай экспэртка ў візавых пытаньнях і рэдактарка парталу Visaflow.live Анастасія Лысакоўская кажа, што ў прынцыпе нічога не зьмянілася.
«З працоўнай польскай візай у Польшчы працаваць па-ранейшаму можна. То бок узмацніўся толькі кантроль: цяпер працадаўцы, якія далі дазвол на працу канкрэтнаму чалавеку, абавязкова павінны паведамляць, што новы супрацоўнік да іх не прыбыў ці звольніўся раней.
Аднак гэта не датычыцца сем’яў, дзе муж, напрыклад, падаецца (зьвяртаецца па дазвол на жыхарства. — РС) з працоўнай візай. Яго сям’я можа падавацца зь любой іншай: жонка можа падацца на аб’яднаньне сям’і і пачаць працаваць, калі атрымае карту побыту (дазвол на жыхарства. — РС). У іншым выпадку ёй таксама спатрэбіцца працоўная віза» — тлумачыць экспэртка.
Працоўная віза дазваляе іншаземцу знаходзіцца ў Польшчы больш за 90 дзён і звычайна выдаецца на тэрмін ад 180 да 365 дзён. Каб яе атрымаць, патрэбна запрашэньне ад польскага працадаўцы, засьведчанае ў Urzędzie Pracy (бюро занятасьці пры мясцовай адміністрацыі).
«Злавіць» дату
Вялікай праблемай для беларусаў застаецца запіс у візавы цэнтар. Зрабіць гэта цяжка, нават маючы запрашэньне. «Злавіць» дату на сайце амаль нерэальна, паслугі пасярэднікаў даволі дорага каштуюць і не гарантуюць запісу, а пагатоў атрыманьня візы. У Менску запісу ў візавы цэнтар людзі чакаюць паўгода і больш, у Берасьці і Горадні крыху менш.
Яшчэ пару гадоў таму, маючы дазвол на працу ў Польшчы, людзі мелі вельмі высокую імавернасьць атрымаць працоўную візу тыпу D. Цяпер беларусам часьцей адмаўляюць у працоўных візах, кажа Анастасія Лысакоўская.
Адна з прычынаў адмоваў — невыкарыстаньне раней атрыманай працоўнай візы адпаведна прызначэньню. Праз складанасьці з турыстычнымі візамі беларусы куплялі працоўныя запрашэньні, атрымлівалі працоўныя візы і зь імі падарожнічалі па краінах Эўразьвязу, сустракаліся з сваякамі. І нават не спрабавалі ўладкавацца на працу ў Польшчы — бо ў іх былі іншыя мэты.
Узмоцнены кантроль
Згодна з новымі польскімі візавымі правіламі, працадаўца цягам 7 дзён мусіць паінфармаваць ваяводу праз партал Praca.gov.pl, калі іншаземец:
— не пачаў працаваць цягам 2 месяцаў з пачатку дзеяньня дазволу;
— спыніў працу больш чым на 2 месяцы;
— скончыў працаваць раней чым за 2 месяцы да сканчэньня тэрміну дзеяньня дазволу.
Калі працадаўца не паінфармуе ўлады пра гэта, яго караюць штрафам 5 тысяч злотых.
«Не ад добрага жыцьця»
Беларуска Даша, якая працуе ў Познані, расказала, што двойчы «купляла» ў Беларусі запрашэньні на працу ў Польшчу для бацькі.
Сама езьдзіць у Беларусь яна ня можа — ахвяравала ў 2020-м годзе фонду BySol. Прызнаецца, што набывала за грошы ліпавыя запрашэньні на працу, бо сама мае дакумэнт на часовы побыт, запрасіць сваякоў ня можа.
«Само запрашэньне каштавала каля 100 эўра — у нейкую будаўнічую арганізацыю пад Варшавай (тады былі абвесткі ў інтэрнэце). Каб запісацца ў візавы цэнтар, у 2022 годзе давялося заплаціць „памагатым“ 500 рублёў, у 2023-м — 600 рублёў. Хоць для таты была прыдумана нейкая праўдападобная легенда, ён заўсёды вельмі хваляваўся пры перасячэньні мяжы, бо польскія мытнікі задавалі нязручныя пытаньні. Але разы чатыры ён прыяжджаў да мяне з тымі працоўнымі візамі.
Разумею, што гэта дрэнна, але, паверце, не ад добрага жыцьця беларусы карысталіся такой мутнай схемай. Сорамна, але ў мяне не было іншага выйсьця… Цяпер, напэўна, „крамка закрылася“ — палякі ўзмацнілі кантроль (як, дарэчы, было і з праграмай Poland. Business Harbour, у якой я рэлякавалася ў Польшу яшчэ ў кастрычніку 2021-га). Нават з сапраўдным працоўным запрашэньнем цяпер амаль няма шанцаў запісацца ў візавы цэнтар у Менску», — кажа Даша.
«Нямэтавае выкарыстаньне візаў»
У 2024 годзе Польшча скасавала праграму Poland. Business Harbour, якая дапамагала спэцыялістам ІТ-сэктару, фрылансэрам, стартапам паскорана атрымліваць візы, аказвала дапамогу ў рэгістрацыі бізнэсу, падтрымку пры пераезьдзе. Адна з прычын скасаваньня — менавіта «нямэтавае выкарыстаньне візаў».
Імаверна, таму з 1 чэрвеня 2025 году ўведзеныя зьмены ў міграцыйнае заканадаўства і ўзмоцнены кантроль за іншаземцамі і за польскімі працадаўцамі.
Згодна з новымі папраўкамі ў міграцыйным заканадаўстве, цяпер іншаземцы з дазволам на жыхарства (ДНЖ) у іншых краінах Эўразьвязу ня могуць афіцыйна працаваць ў Польшчы, тлумачыць экспэртка ў візавых пытаньнях Анастасія Лысакоўская
«Цяпер нельга мяняць ДНЖ іншай краіны ЭЗ на польскі ДНЖ. Выключэньне — уладальнікі Blue Card і асобы з статусам пастаяннага рэзыдэнта Эўразьвязу», — кажа экспэртка.
Яна тлумачыць, што, атрымаўшы польскую працоўную візу і трапіўшы ў Польшчу, беларусы могуць зьвярнуцца па дазвол на жыхарства. Калі дакумэнты ў чалавека прынялі, яму ставяць штамп у пашпарце. Чаканьне станоўчага рашэньня можа расьцягнуцца — у некаторых ваяводзтвах Польшчы да паўтара году.
Праўда, нават калі тэрмін дзеяньня працоўнай візы скончыўся, можна легальна заставацца ў Польшчы. Можна таксама выехаць ў Беларусь, аднак каб пазьней вярнуцца ў Польшчу, неабходна будзе атрымаць новую візу, а гэта нясе шмат праблемаў і выдаткаў.
«Наўрад ці ўдасца атрымаць працоўную візу»
ІТ-спэцыяліст Андрэй (поўнага імя не падаем дзеля бясьпекі. — РС) жыве ў Беларусі, пераяжджаць нікуды не зьбіраецца: у сям’і прасторная новая кватэра, у жонкі ў Менску добрая праца, у сужэнцаў пажылыя бацькі. У 2023 годзе ён ужо прыяжджаў у Польшчу амаль год працаваць з працоўнай візай — у польскіх калегаў быў цікавы праект.
«Раней атрымаць працоўную візу было даволі проста. Два гады таму я адкрыў візу катэгорыі D. Легальна працаваў у Варшаве месяцаў 10, езьдзіў у Беларусь да сям’і. Увосень 2025 году зьбіраўся зноў паехаць. Вывучыў зьмены ў міграцыйным заканадаўстве. У прынцыпе, для сумленных людзей нічога не зьмянілася — тэарэтычна з працоўнай візай у Польшчы можна афіцыйна працаваць.
Але праблема цяпер у іншым — як атрымаць тую працоўную візу. Зараз у Менску гэта амаль нерэальна. Нават маючы афіцыйнае запрашэньне на працу, людзі павінны запісвацца ў візавы цэнтар, праходзіць вэрыфікацыю, зьбіраць поўны пакет дакумэнтаў — на агульных падставах. Чуў шмат гісторыяў, як гэта цяжка, сам паспрабаваў… Я рэаліст: наўрад ці ўдасца. Шкада, вядома», — разважае Андрэй.
Форум