У тым ліку гэта ўсе краіны — прэтэндэнты на ўступленьне ў Эўразьвяз на Заходніх Бальканах, а таксама Грузія, Малдова і Ўкраіна, піша эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.
Прапанову пашырыць сьпіс падставаў для прыпыненьня бязьвізавага рэжыму Эўрапейская камісія выказала яшчэ ў 2023 годзе, а Рада ЭЗ, якая аказвае 27 дзяржаваў Эўразьвязу, зацьвердзіла сваю пазыцыю ў гэтым пытаньні год таму. Аднак з прычыны выбараў у Эўрапейскі Парлямэнт у чэрвені 2024 году і вялікай колькасьці неразгледжаных законапраектаў сам Эўрапарлямэнт толькі нядаўна атрымаў мандат на перамовы.
На мінулым тыдні адбыўся першы трохбаковы раўнд перамоваў аб прапанаваным заканадаўчым акце паміж трыма інстытутамі ЭЗ. Яго мэтай было дасягнуць пагадненьня ў пэрыяд старшыняваньня Польшчы ў Радзе ЭЗ, якое працягнецца да канца чэрвеня. Калі ўсё пойдзе добра, новае заканадаўства павінна быць гатовае і прынятае да пачатку восені.
Чаму гэта адбываецца цяпер?
У істоце, Эўразьвяз становіцца значна больш жорсткім у пытаньнях лібэралізацыі візавага рэжыму. Гэта адлюстроўвае шырэйшую тэндэнцыю: па-першае, імкненьне змагацца з усімі формамі нелегальнай міграцыі ў ЭЗ; па-другое, патэнцыйнае выкарыстаньне візавай палітыкі як палітычнага інструмэнту ціску на трэція краіны.
Лібэралізацыя візавага рэжыму — якая ў гэтым выпадку ахоплівае ўсе дзяржавы ЭЗ (з выняткам Ірляндыі), а таксама Ісьляндыю, Ліхтэнштайн, Нарвэгію і Швайцарыю — доўгі час была адным з найважнейшых палітычных «пернікаў» Брусэлю, асабліва для дзяржаваў у суседзтве ЭЗ.
Яна дазваляе грамадзянам трэціх краін наведваць Эўразьвяз бязь візы на тэрмін да 90 дзён цягам якога-хаця 180-дзённага пэрыяду. Косава ўключылі ў сьпіс у пачатку 2024 году, а Грузію і Ўкраіну — у 2017 годзе, што віталі ўва ўсіх гэтых краінах.
А значыць, пагроза пазбаўленьня гэтага прывілею можа разглядацца як рэальная «пуга».
Дзейны мэханізм прыпыненьня, уведзены ў 2018 годзе, можа быць запушчаны ў выпадках відавочных злоўжываньняў — напрыклад, рэзкага росту колькасьці грамадзян трэціх краін, якія парушаюць 90-дзённы ліміт, або выкарыстаньня бязьвізу для здабыцьця прытулку ў Эўразьвязе. Дагэтуль ЭЗ толькі аднойчы ўжыў гэты мэханізм — спачатку часова, а потым пастаянна — для астраўной дзяржавы Вануату ў Ціхім акіяне.
Такім чынам, што можа зьмяніцца? Агулам кажучы, ёсьць чатыры ключавыя кірункі зьменаў, бо Брусэль імкнецца зрабіць мэханізм прыпыненьня бязьвізавага рэжыму больш надзейным сродкам стрыманьня. Па-першае, бязьвізавы рэжым могуць прыпыніць, калі выявіцца, што трэцяя краіна не ўзгадняе сваю візавую палітыку з агульнай візавай палітыкай ЭЗ.
Так было, напрыклад, у 2022 годзе, калі Сэрбія дазволіла бязьвізавы ўезд грамадзянам такіх краін, як Бурундзі, Індыя і Куба. У Брусэлі выказалі думку, што многія з гэтых людзей выкарысталі Сэрбію як «чорны ход» у Эўразьвяз.
Пасьля ціску Эўрапейскай камісіі Бялград адмовіўся ад часткі гэтых пагадненьняў. Паводле прапанаванага новага заканадаўства такія паводзіны будуць пакараныя значна хутчэй.
Гібрыдныя пагрозы
Яшчэ адна прычына прыпыненьня дзеяньня візаў — так званыя гібрыдныя пагрозы. Хоць гэта пакуль хутчэй тэарэтычная мера, яна вынікае з прэцэдэнтаў Расеі і Беларусі: Эўразьвяз абвінавачвае іх у арганізацыі дастаўкі мігрантаў з Афрыкі і Азіі да межаў ЭЗ — Польшчы і Літвы.
Пагадненьні ЭЗ аб спрашчэньні візавага рэжыму як з Масквой, так і зь Менскам ужо прыпынілі на некалькі гадоў з прычыны ўварваньня Расеі ва Ўкраіну і рэпрэсіяў дыктатара Лукашэнкі супраць апазыцыі ў Беларусі. Аднак калі іншая краіна зь бязьвізавым рэжымам паспрабуе выкарыстоўваць аналягічную тактыку, новы мэханізм дазволіць апэратыўна адрэагаваць.
Па-трэцяе, калі краіна прапануе так званае «грамадзянства для інвэстараў» — гэта значыць магчымасьць набыць грамадзянства безь якой-небудзь рэальнай сувязі з гэтай краінай, — лібэралізацыя візавага рэжыму з ЭЗ таксама можа быць спыненая ў будучыні.
Чацьвёрты пункт, бадай, найцікавейшы: ён датычыцца палітычных адносін Эўразьвязу з трэцімі краінамі. У законапраекце гаворыцца, што мэханізм прыпыненьня можа быць запушчаны ў выпадках «сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека і злоўжываньняў» або «сур’ёзных парушэньняў міжнароднага права і стандартаў, уключаючы права ў галіне правоў чалавека і невыкананьне рашэньняў і пастановаў міжнародных судоў».
«Крытэр дэмакратыі»
У адказ на пытаньні службоўцы Эўразьвязу заўсёды тлумачаць, што пры ўвядзеньні бязьвізу дзейнічае «крытэр дэмакратыі», але ніколі не было яго дакладнага азначэньня.
Яшчэ адзін цікавы і новы аспэкт пытаньня — тое, што запуск мэханізму ў гэтым выпадку павінен быць выключнай прэрагатывай Эўрапейскай камісіі пасьля кансультацыяў зь дзяржавамі ЭЗ, бо яна вядзе вонкавыя дачыненьні Эўразьвязу.
Тым ня менш канчатковае рашэньне аб спыненьні бязьвізу з трэцяй краінай застаецца за дзяржавамі ЭЗ, якія могуць прыняць яго кваліфікаванай большасьцю. Як адзначаюць прадстаўнікі Эўразьвязу, гэта — «ядзерны варыянт, да якога зьвяртаюцца, калі ўсе іншыя меры вычарпаныя», бо ЭЗ у цэлым імкнецца не «караць» усё насельніцтва краіны замест яе ўраду.
Менавіта таму ў пачатку гэтага году Эўразьвяз прыпыніў бязьвіз толькі для ўладальнікаў дыпляматычных пашпартоў Грузіі пасьля адыходу ад дэмакратыі ў гэтай краіне. Тым ня менш застаецца магчымасьць санкцыяў для ўсяго насельніцтва краіны, а пашыраючы сьпіс падставаў прыпыняць бязьвіз, Эўразьвяз відавочна робіць свае інструмэнты вастрэйшымі.