Уступіў у сілу прысуд фігурантам справы сэрвісу «Пісьмо.бел» за «экстрэмізм»
Пра гэта паведаміла прэс-служба Генэральнай пракуратуры 4 сьнежня, перадае «Позірк».
Раней Менскі абласны суд за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня» (арт.361¹) пакараў затрыманых летась у лістападзе Паўла Карацюхіна і Аляксандра Мазура трыма з паловай гадамі зьняволеньня, а Аляксандра Лыкшына — трыма гадамі і сямю месяцамі. Для Лыкшына гэта ўжо другі прысуд. У лістападзе 2023 году яго затрымалі, а пазьней асудзілі за ўдзел у пратэстах (арт. 342).
Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суду пакінула гэты вырак у сіле — такім чынам ён уступіў у сілу.
Сэрвіс «Пісьмо.бел» спрашчаў перапіску. Людзі дасылалі ў яго тэкст і фота ў электронным выглядзе, а «Пісьмо.бел» раздрукоўваў іх і адпраўляў на пазначаны адрас. Ім карысталіся для ліставаньня зь зьняволенымі, прычым палітычных сярод іх была толькі дзясятая частка, расказвала раней «Люстэрку» знаёмая з сытуацыяй крыніца.
Сілавікі ж патрактавалі раздрукоўку адрасаваных палітвязьням лістоў як «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» з мэтай «рэабілітацыі зьмешчаных у пэнітэнцыярныя ўстановы асобаў у вачах грамадзкасьці, ухваленьне і заахвочваньне экстрэмісцкай дзейнасьці».
15 лістапада 2024 сэрвіс «Пісьмо.бел» унесьлі ў сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Яшчэ раней, восеньню 2022 году, спыніла дзейнасьць ініцыятыва па перасылцы карэспандэнцыі палітвязьням «Лісты ў клетачку».
Прадпрымальніку з Мікашэвічаў прызначылі «хатнюю хімію»
Былому палітвязьню Андрэю Арлу на пачатку сьнежня прызначылі два гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, паведаміла «Берасьцейская Вясна». Дакладны артыкул, па якім асудзілі мужчыну, праваабаронцам невядомы.
Андрэю Арлу 52 гады, ён прадпрымальнік, жыў у Мікашэвічах, там трымаў краму дзіцячага адзеньня і цацак. Мужчыну арыштавалі ў чэрвені 2025 года за лайк або камэнтар у інтэрнэце пасьля нападу Расеі на Украіну. Пасьля гэтага Андрэй правёў 5,5 месяцаў у СІЗА КДБ.
Як стала вядома праваабаронцам, пасьля суду мужчына вярнуўся дамоў.
У справе «Беларускага Гаюна» ужо ня меней за 124 фігуранты пад вартай
Ня меней за 124 фігуранты справы «Беларускага Гаюна» зьмешчаныя пад варту, дзясяткі фігурантаў ужо асуджаныя, паведамляюць праваабаронцы «Вясны» і заклікаюць дзяліцца інфармацыяй пра факты затрыманьняў з @Viasnainfo праз Тэлеграм.
Пра ўзлом базы зьвестак маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн» стала вядома ў лютым. Першыя арышты ў гэтай справе пачаліся адразу і працягваюцца дагэтуль, паведамляюць праваабаронцы. Паводле «Вясны» мерай стрыманьня для часткі абвінавачаных у справе «Беларускага Гаюна» абраныя захады, не зьвязаныя з арыштам. Таксама праваабаронцы заўважылі, што апошнім часам у якасьць прысудаў па гэтай справе суды часта абіраюць «хатнюю хімію».
Калі быў асуджаны як экстрэміст — ня зможаш займацца аўдытам
Паводле новай рэдакцыі «Палажэньня пра парадак правядзеньня атэстацыі на права атрыманьня кваліфікацыйнага атэстата аўдытара» тыя прэтэндэнты, якія раней былі асуджаныя па шэрагу «экстрэмісцкіх» артыкулаў Крымінальнага кодэкса, ня змогуць працаваць аўдытарамі. Адпаведную пастанову прыняў урад Беларусі 1 сьнежня 2025 году, яе тэкст апублікаваны 4 сьнежня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Раней абмежаваньне тычылася прысудаў за махлярства, крадзеж, прысабечваньне і растрату маёмасьці, ухіленьне ад выплаты падаткаў, скупку крадзенага, наўмыснае банкруцтва, разгалашэньне сакрэтаў і таямніцы. Цяпер да гэтага пераліку злачынстваў урад дадаў яшчэ 12 артыкулаў КК уключна з дыскрэдытацыяй Беларусі, фінансаваньнем экстрэмісткай дзейнасьці ды іншымі, якія праваабаронцы лічаць палітычнымі.
Акрамя таго, будучыя аўдытары павінныя дакумэнтальна пацьвердзіць адсутнасьць фактаў прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці па шэрагу артыкулаў КаАП, калі не скончыўся тэрмін, пасьля якога прэтэндэнт лічыцца тым, хто не падвяргаўся адміністрацыйнаму спагнаньню.
У ліпені адмысловым законам ужо была ўведзеная забарона на ажыцьцяўленьне пэдагагічнай дзейнасьці для тых, хто быў асуджаны за злачынствы «экстрэмісцкай скіраванасьці».
Пастанова лічыцца дзейнай з моманту апублікаваньня.
Форум