Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 3 чэрвеня: жыхарку Менска асудзілі паводле двух «пратэставых» артыкулаў і прызналі «экстрэмісткай»


Менскі гарадзкі суд, архіўнае фота
Менскі гарадзкі суд, архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Жыхарку Менска асудзілі паводле двух «пратэставых» артыкулаў

Стала вядома пра суд над Крысьцінай Лапкоўскай, якой 29 гадоў, яна жыхарка Менска, мае вышэйшую адукацыю, раней працавала лягістам, піша «Наша Ніва».

Крысьціну затрымалі некалькі месяцаў таму. Вядома, што яе асудзілі ў Менскім гарадзкім судзе паводле двух артыкулаў — «распальваньне варожасьці» (ч. 1 арт. 130) і «арганізацыя або ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК). Зьмест справы невядомы.

Паводле артыкулу 130 часта абвінавачваюць за камэнтары ў інтэрнэце, але зьмест публкацыяў у сацыяльных сетках Крысьціны і камэнтары ў Тэлеграме, якія адшукала выданьне, ня тычацца палітыкі.

Як піша «Наша Ніва», яе пакараньне, магчыма, зьвязанае з пазбаўленьнем волі. Тыдзень таму яе ўнесьлі ў сьпіс «экстрэмістаў».

  • Пасьля пратэстаў 2020 году ўлады масава прызнаюць людзей і арганізацыі «экстрэмістамі» за неляяльнасьць да ўладаў.
  • «Экстрэмізм» стаў самым распаўсюджаным абвінавачаньнем, якое выкарыстоўваюць для затрыманьня, штрафаў і турэмнага зьняволеньня крытычна настроеных грамадзян.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG