Пра гэта паведамляецца на сайце Вярхоўнага суду Беларусі.
«У сувязі з прыняцьцем Кодэксу цывільнага судаводзтва Рэспублікі Беларусь на 2026 год заплянаваная мадэрнізацыя сэрвісаў электроннага судаводзтва E-court. Сэрвіс „Расклад судовых паседжаньняў“ будзе пераведзены ў фармат асабістых кабінэтаў», — гаворыцца ў аб’яве.
Онлайн-сэрвіс раскладу судоў стаў недаступны ў сакавіку сёлета нібыта праз «рэглямэнтныя работы». У красавіку старшыня Вярхоўнага суду Валеры Калінковіч паведаміў, што ня ведае, калі яны скончацца.
Праваабаронца зь «Вясны» Леанід Судаленка з нагоды ініцыятывы ўладаў надаваць доступ да онлайн-раскладу судоў толькі ўладальнікам асабістых кабінэтаў заявіў Свабодзе:
«Каб адкрыць прыватны кабінэт, патрэбная будзе беларуская SIM-карта, а мы, так званыя „беглыя“, безь беларускіх SIM-картаў ня зможам завесьці там асабісты кабінэт. Апрача таго, думаю, што будзе поўны кантроль улады над тымі ў Беларусі, хто рэгіструе гэты прыватны кабінэт, бо пры рэгістрацыі трэба падаваць свае асабістыя зьвесткі, і ўлада будзе кантраляваць, хто заходзіць і як часта».
На думку Судаленкі, гэта робіцца, каб прыхаваць маштаб рэпрэсіяў, а фактычны доступ, які Вярхоўны суд абяцае, будзе для людзей, якія зьехалі з краіны, вельмі абмежаваны.
З 5 сакавіка на сайце Вярхоўнага суду Беларусі, калі паспрабаваць адкрыць там разьдзел «Расклад паседжаньняў», зьяўляецца надпіс: «Сайт часова недасяжны, вядуцца рэглямэнтныя працы».
У гэтым разьдзеле сайту Вярхоўнага суду Беларусі больш за 5 гадоў публікавалі расклады судовых працэсаў ува ўсіх судах Беларусі, паведамлялі прозьвішчы падсудных, інкрымінаваныя ім артыкулы, прозьвішчы судзьдзяў.
Таксама з сайту зьнік разьдзел «спэцыяльнае вядзеньне», у якім публікавалі ня толькі папярэднюю інфармацыю пра завочныя суды над тымі, хто не жыве ў Беларусі, але і выніковыя часткі прысудаў.
Леанід Судаленка мяркуе, што блякаваньне агульнай інфармацыі пра дзейнасьць судовай сыстэмы — гэта і парушэньне канстытуцыйнай нормы, якая гарантуе грамадзянам атрыманьне інфармацыі пра дзейнасьць дзяржаўных органаў.