Нядаўна ў Менску прайшло грамадзкае абмеркаваньне дэталёвага праекту тэрыторыі гістарычнага Менску. Пра ягоныя вынікі апавяло minsknews.by.
Пляны горадабудаўнікоў можна падзяліць на блізкія і далёкія. Прычым нават блізкія рэалізуюцца калі-нікалі са скрыпам.
Верхні горад
Гэтак сёлета плянуюць дабудаваць 4-павярховы комплекс сучаснага выгляду ў двары дому № 3 на Інтэрнацыянальнай вуліцы. У ім будуць крамы, культурныя і забаўляльныя памяшканьні, а таксама паркінг. Доўгі час будоўля там была спыненая, але тэрміны здачы і канчатковы выгляд праекту зьмяняліся ўжо і пасьля актывізацыі будаўніцтва.
Рэканструкцыя будынку № 6 на Рэвалюцыйнай вуліцы таксама блізкая да завяршэньня, хоць і са стратамі. Дом пабудавалі ў 1850 годзе, і дзяржава мелася яго ахоўваць як аб’ект 1-й катэгорыі гісторыка-культурнай спадчыны. Але ў 2015 годзе, калі яго ўжо ўзяліся рэканструяваць, абрынулася значная частка ягонага фасаду. У 2020 годзе дом амаль зьнесьлі. Рэканструктары назвалі гэта плянавым «частковым дэмантажом». Тэрміны завяршэньня работ, як і на Інтэрнацыянальнай, 3, пераносілі ўжо ня раз.
На Рэвалюцыйную, 3, дзе цяпер месьціцца ГУБАЗіК, пераедзе Малая сцэна Купалаўскага тэатру. Да будынку, які адлічвае сваю гісторыю з 1745 году, для зручнасьці новай трупы зьбіраюцца зрабіць прыбудову.
Да схаванага ў дварах на Інтэрнацыянальнай, 11Б музэю-майстэрні Івана Міско зьбіраюцца прыбудаваць Музэй беларускай касманаўтыкі. Тэматычны мурал на цяперашнім сьціплым будынку ўжо ёсьць.
Ракаўскае прадмесьце
У Ракаўскім прадмесьці плянуюцца перамены, з гістарычнай пабудовай мала зьвязаныя.
Шпалерная фабрыка спыніць тут вытворчасьць, а замест яе будзе моладзевы цэнтар культуры і мастацтва. Некалькі будынкаў фабрыкі зьнясуць, каб прадоўжыць Шпалерны завулак да вуліцы Мельнікайце.
На месцы шпалернай крамы пабудуюць 7–8-павярховы дом, а побач зь ім — адміністрацыйны будынак і кавярню.
За 15 мэтраў над нязьнесенымі карпусамі шпалернай фабрыкі пабудуюць аб’ект складаных геамэтрычных формаў з пакуль да канца не вядомым прызначэньнем.
Менскае замчышча
Ад Менскага замчышча да Траецкага прадмесьця зьбіраюцца перакінуць пешаходны мост. А ў адваротным кірунку — ад замчышча да Замкавай вуліцы — пракапаць пешаходны тунэль пад праспэктам Пераможцаў. У тунэлі мяркуюць зрабіць экспазыцыю фрагмэнтаў старажытнага Менску, знойдзеных падчас раскопак.
Пра замчышча як рэалізаваны праект гаворыцца ў плянах на 1000-годзьдзе Менску, а гэта ажно 2067 год. Ранейшыя праекты замчышча паклалі на паліцу, бо задорага. На месцы ўтварэньня старажытнага Менску так і стаіць батутная школа 1958 году пабудовы, што праўда, з памятнай шыльдай.
Плошча Свабоды ў футурыстычных плянах
Стане пешаходнай. Распрацоўнікі зьдзьмулі пыл з старых праектаў тунэлю пад цяперашняй вуліцай Леніна. Але калі ў ранейшых плянах ён ішоў ад Нямігі да Ульянаўскай, то цяпер — толькі да праспэкту Незалежнасьці.
Нядаўна адрамантаваны аўтамабільны мост над Нямігай адпаведна зьнясуць.
Ёсьць прапанова звузіць і саму вуліцу Нямігу, дзеля якой пры Машэраву зьнесьлі цэлыя кварталы гістарычнай забудовы, каб у Ленінскага праспэкту быў дублёр.
На месцы паркоўкі каля бізнэс-цэнтру на супрацьлеглым ад замчышча баку праспэкту Пераможцаў, дзе ў дварах амаль зьнікла Замкавая вуліца, плянуюць аднавіць гістарычную забудову.
Таксама на мапы хочуць вярнуць і адбудаваць Нова-Мясьніцкую вуліцу, на месцы якой цяпер тэрыторыя школы № 44.
Зрэшты, пакуль гэта нават ня пляны, а толькі прапановы аўтараў праектаў.
У якасьці кур’ёзу minsknews піша, што менчукі сярод іншага прапаноўвалі зьнесьці шматпавярховік з гандлёвым домам «На Нямізе» як стылістычна не ўвязаны з гістарычным цэнтрам.
Пра сур’ёзнасьць плянаў можна меркаваць і па тым, што рэдакцыя minsknews часткова праілюстравала свой матэрыял з дапамогай штучнага інтэлекту.
Форум