На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае аглядальнік польскай газэты Rzeczpospolita Руслан Шошын.
— Ці зьменіцца палітыка Польшчы адносна Беларусі пасьля абраньня прэзыдэнтам Караля Наўроцкага?
— На мой погляд, палітыка ня зьменіцца ніякім чынам, таму што Беларусь увогуле не прысутнічае сёньня ў польскім палітычным парадку дня, яна амаль не прысутнічае ў мэдыя. Ёсьць тэма нелегальнага перасячэньня мяжы, гэта сталая тэма. А тэмы Беларусі няма.
Не было яе і падчас выбарчай кампаніі. Існуе пэўны кансэнсус наконт таго, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі — гэта зло. І паколькі ён робіць у дачыненьні да Польшчы на варожыя крокі ўжо некалькі гадоў, то зь ім Польшча дачыненьня мець ня будзе. Лукашэнка не вызваляе Анджэя Пачобута з турмы, не спыняе гэтыя патокі нелегальных мігрантаў. І мэтанакіравана заганяе стасункі з Польшчай ува ўсё больш глыбокі крызіс.
— Тэма мігрантаў была адной з цэнтральных у выбарчай кампаніі Наўроцкага. Учора, у дзень выбараў, ён заявіў: «Нам патрэбная нармальная Польшча безь нелегальных мігрантаў». Ці можа ён паспрабаваць новы шлях вырашэньня гэтага пытаньня — скажам, патэлефанаваць Лукашэнку, папрасіць вызваліць Пачобута і не пасылаць на мяжу мігрантаў. Тэарэтычна гэта магчыма?
— Тэарэтычна гэта мог бы зрабіць і Анджэй Дуда, кадэнцыя якога ўжо сканчаецца. Яму нічога не перашкаджала гэта зрабіць. Я думаю, што ёсьць нейкія дыпляматычныя сыгналы, што гэта не дапаможа.
На працягу многіх гадоў Польшча была флягманам падтрымкі беларускай дэмакратычнай супольнасьці, ніхто не дапамагаў беларускай дэмакратыі столькі, колькі Польшча.
Таму сёньня прэзыдэнту Польшчы тэлефанаваць Лукашэнку — гэта вялікія іміджавыя рызыкі. Ня думаю, што Наўроцкі пачне сваю кадэнцыю з гэтага.
— З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа мы бачым новыя адценьні ў амэрыканскай палітыцы адносна Беларусі. Адміністрацыя Трампа не асудзіла сёлетнія прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі. Менск вызваліў некалькі палітвязьняў — грамадзянаў ЗША, апошнім быў Юрась Зянковіч. Пры гэтым палітычныя адносіны Наўроцкага з Трампам вельмі цёплыя. Для Вашынгтона яго перамога — гэта посьпех аднадумцы, палітычнага паплечніка. Гэта на стасункі Варшавы зь Менскам можа неяк паўплываць?
— Паглядзім. Але я б гэтага не чакаў. Адна справа — гэта фатаграфавацца з Трампам, а іншая — як гэта ўвасобіцца ў практычную палітыку.
Я не выключаю нейкіх зьменаў на працягу некалькіх гадоў. Але зьмена палітыкі адносна Беларусі будзе азначаць, што мы прайгралі рэжыму Лукашэнкі. Польскае грамадзтва падтрымлівала беларускую дэмакратычную супольнасьць, падтрымлівала беларускіх апазыцыйных лідэраў, іх прымалі на самым высокім узроўні. Тэлефанаваньне Лукашэнку было б у пэўным сэнсе капітуляцыяй.
Тэарэтычна гэтага нельга выключаць.Але выбарчая кампанія ўскосна паказала вагу гэтага пытаньня ў польскай палітыцы. Адным з кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах быў Мацей Мацяк. Ён хваліў Уладзіміра Пуціна, заклікаў да дыялёгу з Лукашэнкам. І заняў у першым туры 12-е месца з 13-ці, ён сабраў нават менш галасоў, чым за яго падпісаліся.
Акрамя яго Беларусь падчас выбарчых дэбатаў ня ўзгадваў ніхто.
— Паўтару тэзу Наўроцкага — «за нармальную Польшчу без нелегальных мігрантаў». Наколькі я зразумеў, у яго стрыманае стаўленьне і да легальных мігрантаў. Як такое стаўленьне новага прэзыдэнта можа паўплываць на становішча беларускіх імігрантаў у Польшчы?
— Я думаю, што стаўленьне да мігрантаў мяняецца і будзе мяняцца далей. Сацыялягічныя апытаньні сьведчаць пра зьмену настрояў палякаў. У прыватнасьці, грамадзкая думка ўсё больш скептычна ставіцца да прысутнасьці ў Польшчы такой вялікай колькасьці ўкраінцаў. Таксама робіцца менш добразычлівым стаўленьне да беларусаў, якія жывуць у Польшчы.
Ёсьць агульнае нежаданьне палякаў прымаць мігрантаў, асабліва з краінаў з зусім далёкай ад польскай культурай. І да гэтай зьмены грамадзкай думкі даводзіцца дапасоўвацца любому ўраду і любому прэзыдэнту. Вынікі выбараў паказалі, што ад настрояў грамадзтва не ўцячэш. І гэта праявілася ў посьпеху ня толькі Наўроцкага, але і Славоміра Мэнцэна, і Гжэгажа Браўна ў першым туры прэзыдэнцкіх выбараў. Так што адназначна ня варта чакаць лібэралізацыі заканадаўства адносна імігрантаў. Варта чакаць зьяўленьня новых абмежаваньняў у самых розных аспэктах жыцьця імігрантаў.
— А гэта будзе залежаць ад прэзыдэнта? Ён жа ў Польшчы не ўсеўладны.
— Гэтую палітыку будзе праводзіць урад. Але ў прынцыпе ўрад Дональда Туска гэта і робіць. Адбываецца перагляд палітыкі папярэдняга ўраду ў бок больш жорсткай міграцыйнай палітыкі.
Гэта будзе працягвацца, а прэзыдэнт Наўроцкі будзе гэтым задаволены. Сёньня на польскай палітычнай сцэне ніводзін з асноўных гульцоў не выступае за адкрытасьць краіны да мігрантаў, ніхто ня кажа, што для іх трэба ствараць спрыяльныя ўмовы, што іх прыезд карысны краіне і яе эканоміцы.
Гадоў 10 таму — гаварылі, тады гэта было модна. А цяпер такія настроі з моды выйшлі, цяпер мэйнстрым — што трэба абмяжоўваць, трэба больш пільна прыглядацца, трэба кантраляваць. Калі палітыкі кажуць адваротнае, яны губляюць грамадзкую падтрымку.
— Ці будзе Польшча працягваць дапамагаць Украіне пры прэзыдэнце Наўроцкім? Яго пазыцыі па некаторых пытаньнях блізкія да пазыцыяў лідэраў Вугоршчыны і Славаччыны Віктара Орбана і Робэрта Фіца. Ён у адрозьненьні ад іх не выступае супраць дапамогі Ўкраіне, але і не зьяўляецца самым гарачым яе адэптам. Выглядае, што на яго палітыку ў гэтым пытаньне будзе ўплываць і пазыцыя Вашынгтону, якая зьмянілася з прыходам да ўлады Трампа.
— Падчас нядаўняга візыту эўрапейскіх лідэраў ва Ўкраіну польскі прэм’ер Туск паехаў туды ў іншым цягніку, чым Фрыдрых Мэрц, Кір Стармэр і Эманюэль Макрон. Гэты чыньнік спарадзіў у Польшчы мэм: Мы едзем у адным цягніку з Эўропай ці з Трампам?
Думаю, што Наўроцкі будзе ехаць у адным цягніку з Трампам. Сваю пазыцыю адміністрацыя ЗША прадэманстравала недвухсэнсоўна, калі міністарка ўнутранай бясьпекі ЗША Крысьці Ноэм вяла агітацыю за Наўроцкага. Мяркую, што для яго няма пытаньня, зь кім «ехаць у цягніку».
Але і для іншых палітычных сілаў краінаў гэта як мінімум невідавочная дылема, якая насамрэч зьвязана з нацыянальнай бясьпекай: Ці варта Польшчы падтрымліваць палітыку Трампа, хай сабе яна і не зусім прыхільная ў дачыненьні да Ўкраіны, ці пайсьці ў бок Макрона, Мэрца і Стармэра, але застацца без амэрыканскай падтрымкі. Я мяркую, што калі Польшчы давядзецца рабіць такі выбар, яна выбярэ ўласную бясьпеку. А яна забясьпечваецца амэрыканскай падтрымкай і амэрыканскай вайсковай прысутнасьцю.
— А ці шмат тут залежыць ад пазыцыі прэзыдэнта Польшчы? Хіба ня ўрад усё вызначае ў гэтых пытаньнях?
— Вызначае ўрад, але без акцэптацыі прэзыдэнта мы ня зможам удзельнічаць ні ў якіх эўрапейскіх місіях ва Ўкраіне, бо прэзыдэнт у Польшчы — гэта вярхоўны галоўнакамандуючы. Без падтрымкі Наўроцкага ня пройдзе ніводнае рашэньне Сэйму ці Сэнату. Сымбалічныя жэсты падтрымкі можна рабіць і без прэзыдэнта і насуперак яму, але практычныя рашэньні, якія тычацца фундамэнтальных праблемаў нацыянальнай бясьпекі, бяз згоды прэзыдэнта рабіць нельга.
Прэзыдэнт у Польшчы — ня проста сымбалічная фігура, ён валодае рэальнымі паўнамоцтвамі.
І разуменьне гэтага, дарэчы, адлюстравала і яўка на ўчорашнія выбары — яна перавысіла 70%. Гэта і канстатацыя важкага ўплыву прэзыдэнта на палітыку, і чаканьне, што ён будзе на яе ўплываць.
Форум