На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае старэйшы дасьледчык Цэнтру новых ідэяў, былы дыплямат Павал Мацукевіч.
— Напрыканцы траўня сілавікі ўварваліся ў рэдакцыі рэгіянальных незалежных выданьняў «Вольнае Глыбокае», Babruisk.info і «Вячэрні Бабруйск». Дзяржаўныя СМІ заявілі, што выданьні друкавалі станоўчыя матэрыялы пра Нямеччыну за грошы ад нямецкай амбасады. Па словах прапагандыстаў само па сабе выкарыстаньне «мяккай сілы» замежнымі дзяржавамі — гэта ўжо экстрэмізм. Раней гэта не выклікала ва ўладаў асаблівага раздражненьня. Чаму выклікала зараз?
— І дагэтуль спробы многіх дзяржаваў прасоўваць свой пазытыўны вобраз не выклікаюць у беларускіх уладаў ніякіх пярэчаньняў. Дастаткова прыгадаць, як прасоўваюць свой вобраз у Беларусі Расея і Кітай. Па тых апэратыўных здымках, якія выкарыстоўваліся ў гэтых прапагандысцкіх сюжэтах супраць нямецкай амбасады, бачна, што матэрыял зьбіраўся даўно. І толькі зараз яго вырашылі выкарыстаць.
З таго, што аб’ектам атакі стала амбасада Нямеччыны, я раблю выснову, што гэта, хутчэй за ўсё, нейкая помста за тыя, скажам так, складанасьці, зь якімі сутыкаецца зараз амбасада Беларусі ў Нямеччыне. Што магло выклікаць такую рэакцыю беларускіх уладаў? Магчыма, тое, што беларускія афіцыйныя прадстаўнікі не былі запрошаныя на ўрачыстасьці з нагоды гадавіны завяршэньня Другой сусьветнай вайны. А таксама тое, што беларускіх прадстаўнікоў не запрашаюць на мерапрыемствы, зьвязаныя з датамі вызваленьня нацысцкіх канцлягераў на тэрыторыі Нямеччыны.
— Прапаганда ў тлумачэньнях сваёй кампаніі супраць амбасады Нямеччыны кажа, што на Захадзе за такое караюць яшчэ больш жорстка. Але ці так гэта? Калі, напрыклад, Расея прасоўвае нейкага палітыка ў Румыніі ці Нямеччыне, то там гэта сапраўды часам выклікае рэзкую рэакцыю. Але калі Расея рэклямуе там, скажам, расейскі балет ці Чэхава ці посьпехі расейскага бізнэсу, то гэта ж нікога не злуе.
— Я мяркую, што з боку беларускіх уладаў тут ёсьць элемэнт зайздрасьці. У беларускіх уладаў няма магчымасьцяў па прасоўваньні свайго станоўчага іміджу за мяжой, асабліва ў краінах Заходняй Эўропы. Банальна няма грошай, каб заплаціць за пазытыўны артыкул пра Беларусь. Але думаю, што цяперашняя кампанія добра ўпісваецца ў агульную палітыку супрацьдзеяньня «шкоднаму ўплыву» Захаду. Пры гэтым амэрыканцы зараз, так бы мовіць, пасыпалі сабе галаву попелам і адмовіліся ад многіх інструмэнтаў «мяккай сілы». Нямеччына была адной зь нешматлікіх буйных краінаў Захаду, якая захавала сурʼёзнае прадстаўніцтва ў Беларусі.
Я ня думаю, дарэчы, што гэтая прапагандысцкая атака на нямецкую амбасаду надта сапсуе беларуска-нямецкія адносіны. Няма ўжо асабліва што псаваць. Што можна пэўна сказаць, дык што на працы амбасады Нямеччыны ў Менску гэта адабʼецца вельмі нэгатыўна. І прывядзе да яшчэ большага абмежаваньня кола камунікацыі нямецкіх дыпляматаў у Беларусі. Гэта сыгнал многім беларусам, што ў нават бяскрыўдных кантактах з замежнымі дыпляматамі трэба быць вельмі асьцярожнымі. І тое, што ўчора было дазволена і прымальна, сёньня можа разглядацца як перасячэньне «чырвонай лініі».
— Паводле вашай ацэнкі матэрыял для гэтай прапагандысцкай атакі зьбіраўся даўно. А чаму яе зладзілі менавіта цяпер? Зусім нядаўна ў Нямеччыне да ўлады прыйшоў новы ўрад. Па ідэі, гэта магчымасьць адкрыць новую старонку ў двухбаковых адносінах, пазбавіцца ад цяжару мінулых канфліктаў. Які сэнс пачынаць адносіны з новымі ўладамі Нямеччыны, ладзячы скандал?
— Тут ня тое, каб рыхтавалася загадзя менавіта такое выкарыстаньне гэтай апэратыўнай сочкі. Шчыльнае назіраньне за замежнымі дыпляматамі ў Беларусі вядзецца ўвесь час — фіксуецца кожны іх крок. І гэты матэрыял назапашваецца. Калі вяліся гэтыя апэратыўныя здымкі нямецкіх дыпляматаў, наўрад ці быў дакладна вызначаны спосаб іх выкарыстаньня. [У прапагандысцкіх стужках з абвінавачваньнямі на адрас прадстаўнікоў амбасады Нямеччыны былі выкарыстаныя апэратыўныя здымкі сустрэчаў нямецкіх дыпляматаў з журналістамі. — РС]. Тое, што выкарысталі менавіта цяпер, амаль адразу пасьля прыходу да ўлады ў Нямеччыне новага ўраду — гэта сапраўды трохі дзіўна. Маглі б хоць пачакаць пэўны час, паглядзець на першыя крокі гэтага ўраду. Але магчыма, што беларускія ўлады проста разьлічылі ці ведалі, якія пэрспэктывы разьвіцьця адносінаў з урадам Фрэдэрыка Мэрца. І станоўчай пэрспэктывы там не ўбачылі. Не, зразумела, калі б беларускія ўлады, скажам, вызвалілі Марыю Калесьнікаву і перадалі часовай паверанай Нямеччыны, то гэта зрушыла б двухбаковыя адносіны ў станоўчы бок. І эпізод кшталту цяперашняга скандалу быў бы забыты, дарэчы. Але на падобныя крокі беларускі бок відавочна не гатовы.
— Яшчэ наконт матываў прапагандысцкай атакі на нямецкую амбасаду — ці ня можа быць адным зь іх расчараваньне афіцыйнага Менскау ад таго, што яго запрашэньне да дыялёгу, накшталт памілаваньня некаторых палітвязьняў, засталося без адказу з боку Эўропы?
— Я ня думаю. Надта факусаваная атака — не на ўлады Нямеччыны, нават не на МЗС, а на амбасаду. Афіцыйны Менск вельмі крыўдлівы. І я ўсё ж думаю, што гэта неяк зьвязана са станам беларускай амбасады ў Нямеччыне.
— Нядаўна вы з Рыгорам Астапеням апублікавалі вялікае дасьледаваньне пра беларускую ўладную эліту, у прыватнасьці, пра супярэчнасьці ўнутры яе. Ці ня можа гэты эпізод быць іх адлюстраваньнем? Магчыма, адны людзі ва ўладзе прасоўваюць дыялёг, памілаваньне палітвязьняў, а іншыя учыняюць скандал зь немцамі, пасьля якога дыялёг выглядае прынамсі, меней імаверным.
— Не, ня думаю. Гэта асобныя, незалежныя па сутнасьці трэкі. Кожны займаецца сваёй справай.
— А паводле вашага досьведу працы ў той сыстэме — калі сілавікі праводзяць нейкую апэрацыю, якая так ці інакш закранае міжнародную палітыку, тычыцца замежных дыпляматаў, гэтая апэрацыя неяк узгадняецца з МЗС?
— Тут я магу толькі меркаваць. І мяркую, што нейкае ўзгадненьне ёсьць. Але не міжведамаснае, але праз больш высокія інстанцыі. Якія ўзважваюць плюсы і мінусы падобных апэрацыяў у розных аспэктах. І тут важны аспэкт дадзенай апэрацыі — што яна ня стала імгненнай рэакцыяй на нейкія дзеяньні нямецкай амбасады. Было прынятае палітычнае рашэньне. Мяркую, што ў спэцслужбаў ёсьць шмат падобных матэрыялаў па розных амбасадах. Іх трымаюць да пары.
Форум